Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Газазваршчык судзіўся з прызыўной камісіяй, каб замест войска даглядаць хворую маці. І выйграў


Аляксандр Аўсяньнікаў
Аляксандр Аўсяньнікаў

24-гадовы лепельскі газазваршчык Аляксандар Аўсяньнікаў адстаяў у судзе сваё права на адтэрміноўку ад службы паводле «сямейных абставінаў». Ён даглядае хворую маці, але нават пасьля перамогі ў судзе прызыўная камісія не пакідае сям’ю ў спакоі.

«Маці — самы дарагі чалавек у жыцьці»

«Чаму спрабуюць зацягнуць мяне ў войска падманам? Адтэрміноўку я маю законна, а яе хацелі адабраць нібыта на падставе новага закону, што няпраўда», — абураецца Аляксандар.

Ён кажа, што супраць войска як такога нічога ня мае.

«Хаця цяперашняе войска мяне сапраўды не прываблівае. Магчыма, з ахвотай бы пайшоў у прафэсійнае, але ня ў тое, дзе фарбуюць траву ды косяць сьнег», — адказвае Аляксандар на пытаньне пра стаўленьне да вайсковай службы.

Адтэрміноўку ад службы з фармулёўкай «па сямейных абставінах» Аляксандар Аўсяньнікаў атрымаў яшчэ ў 2014 годзе, калі меў 18. У пасьведчаньні прызыўніка пазначана, што адтэрміноўка дзейнічае да 14.01.2023 года — то бок да моманту, калі яму споўніцца 27 гадоў і на тэрміновую службу ўжо не забяруць.

На той момант маці Аляксандра Алена, інвалід 2 групы з псыхічнай хваробай, была канчаткова прызнаная невылечнай і непрацаздольнай. Аляксандар — яе адзіны сын і апякун, жанчына ня замужам. Паводле Аляксандра, маці для яго — самы дарагі ў жыцьці чалавек, адмовіцца ад яе, здаць у спэцыяльную лякарню ён ніяк ня мог і таму мусіў скарыстацца правам на адтэрміноўку ад службы.

«Чым я мог ёй дапамагчы? Толькі доглядам. Што магу жыць разам зь ёй, хадзіць па харчы ў краму, куды яе саму пускаць нельга, выводзіць гуляць», — дзеліцца хлопец.

«Сказалі, што адтэрміноўку анулююць»

Але летась прыйшла позва з ваенкамату і яму загадалі зьявіцца на мэдыцынскую камісію.

«У ваенкамаце сказалі, што маю адтэрміноўку анулююць, бо выйшаў новы закон, паводле якога нібыта для адтэрміноўкі па сямейных абставінах непрацаздольнымі мусяць быць абое бацькі. Але ж гэта хлусьня! Калі бацькі ў разводзе, дык зусім іншая сытуацыя. Яны адразу гэта ведалі, але працягвалі гнуць сваё», — абураецца Аляксандар Аўсяньнікаў.

Летась у 32-і артыкул закону «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе» сапраўды былі ўнесеныя зьмены, але яны не тычыліся правілаў даваньня адтэрміноўкі з прычыны догляду хворых ці непрацаздольных сямейнікаў. Гэта Аляксандар добра ведае і даказвае цытатамі з закону.

Мы сядзім зь ім у пакоі інтэрнату будаўнічага аб’яднаньня «Мапід», дзе хлопец працуе другі год. Паміж праглядам сабраных у тоўстую тэчку дакумэнтаў Аляксандар расказвае, як умудраецца сумяшчаць працу ў Менску з доглядам маці, якая жыве ў пасёлку Бароўка пад Леплем.

«У Менск мусіў паехаць, бо ў Леплі з маёй спэцыяльнасьцю газазваршчыка няма працы. Да маці еду пасьля поўдня пятніцы (у нас тады скарочаны працоўны дзень) і сяджу зь ёй да панядзелка. Закупляю прадукты і патрэбныя рэчы, раблю ўсё па гаспадарцы і еду зноў у Менск. А з панядзелка да пятніцы за маці ў кватэры прыглядвае бабуля. Ёй хоць і за 70, але есьці прыгатаваць можа. Вось так спакойна жылі да мінулай восені, пакуль не пачалася гэтая гісторыя са скасаваньнем адтэрміноўкі», — кажа Аляксандар.

«У камісарыяце даводзілі, што маці можа даглядаць былы муж»

Аўсяньнікаў кажа, што ўжо падчас першага наведваньня мэдыцынскай камісіі ў ваенкамаце яму загадалі аддаць пасьведчаньне прызыўніка, у якім пазначана, што ён мае адтэрміноўку. Але Аляксандар вырашыў пакінуць дакумэнт пры сабе, а для камісарыяту зрабіў копію.

«І добра, што дадумаўся. Праваабаронца Алег Воўчак лічыць, што без арыгіналу пасьведчаньня я б ніколі не даказаў у судзе, што ўжо меў адтэрміноўку», — кажа Аляксандар. Ён успамінае, як праз інтэрнэт пазнаёміўся з праваабаронцамі і пачаліся першыя два месяцы хаджэньня па кабінэтах вайскоўцаў і чыноўнікаў. Усё даказваў, што мае права на адтэрміноўку, а ў камісарыяце адвольна трактуюць закон.

Аляксандар з маці Аленай і бабуляй Надзеяй. Справа стаіць праваабаронца Алег Воўчак, зьлева — вэтэран Аўганістану Ўладзімер Пінчук
Аляксандар з маці Аленай і бабуляй Надзеяй. Справа стаіць праваабаронца Алег Воўчак, зьлева — вэтэран Аўганістану Ўладзімер Пінчук

«У мяне ў Леплі жыве бацька, але з маці ён даўно ў разводзе. У ваенкамаце чамусьці палічылі, што ён мусіць даглядаць былую хворую жонку, а мяне можна забраць у войска. Абсурд, але на даказваньне гэтага пайшло амаль паўгода», — кажа Аляксандар.

Таксама ад яго пачалі патрабаваць даведкі пра тое, што маці патрабуе адмысловага дагляду. Нібыта такую даведку мусілі даць у МРЭК — мэдыцынскай рэабілітацыйнай экспэртнай камісіі. Але прызыўнік разабраўся, што і гэтае патрабаваньне — прыдумка.

Акрамя ваенкамату, Аляксандар Аўсяньнікаў шукаў праўды ў кабінэтах Мінабароны, сустракаўся нават з генэраламі.

«Нам наўпрост казалі, што раней праблемы з мабілізацыйным рэсурсам не было, таму лёгка давалі адтэрміноўку. А цяпер, маўляў, няма каму служыць, вось і ўзяліся за такіх, як я», — кажа прызыўнік.

У лістападзе мінулага году ён яшчэ працягваў пераконваць чыноўнікаў у пагонах у сваёй праўдзе, як раптам даведаўся, што рашэньне наконт яго ўжо прынятае — у канцы лістапада лепельская прызыўная камісія правяла паседжаньне, на якім яго завочна пазбавілі адтэрміноўкі.

«Прычым я быў у камісарыяце за дзень да таго, але мяне нават не папярэдзілі. Вось тады я і пайшоў з заявай у суд», — расказаў прызыўнік.

Паводле Аляксандра Аўсяньнікава, ён ведае яшчэ некалькі прызыўнікоў, якіх, як і яго, пазбавілі адтэрміноўкі завочна, нават не паклікаўшы на паседжаньне прызыўной камісіі.

«Гэта ў іх сыстэма», — мяркуе Аляксандар.

Суд стаў на бок прызыўніка

У студзені 2020 году Лепельскі раённы суд стаў на бок прызыўніка і прызнаў «неправамоцным рашэньне Лепельскай раённай прызыўной камісіі ад 29.11.2019 ў частцы адмены рашэньня ад 28.11.2014 году і даваньні Аўсяньнікаву А.А. адтэрміноўкі ад прызыву на тэрміновую вайсковую службу». Лепельская пракуратура абскардзіла гэтае рашэньне раённага суду, але Віцебскі абласны суд яго пацьвердзіў.

Аляксандар Аўсяньнікаў падкрэсьлівае, што суд зь ім пагадзіўся па ўсіх пазыцыях — і наконт нязьменнасьці правілаў адтэрміноўкі, і адносна становішча маці. Пра сам працэс Аляксандар успамінае са зьмяшанымі пачуцьцямі, бо, апроч радасьці ад перамогі, перажыў і стрэс ад спатканьня з бацькам.

«Бацька выказваўся рэзка. Што ў яго новая сям’я і ня мусіць ён даглядаць маці, бо ўжо не сваяк. Усё так, але было балюча варушыць старое. Бацька даўно ня з намі, уласна, і ў мамы пачаліся праблемы са здароўем, як ён сышоў».

Схадзіў да міністра абароны і рыхтуецца да новага суду

Пасьля перамогі ў судзе Аляксандра Аўсяньнікава працягвалі выклікаць у вайсковы камісарыят на разбор ягонай адміністрацыйнай справы, заведзенай за адмову здаць пасьведчаньне прызыўніка. Ён думае, што так помсьцяць за супраціўленьне, і зьбіраецца падаваць у суд на супрацоўніка камісарыяту, якога лічыць вінаватым у сваіх праблемах. Апошнюю позву з папярэжданьнем аб прымусовым прыводзе Аляксандар атрымаў 17 лютага. Пра яе прызыўнік расказаў новаму міністру абароны Віктару Хрэніну, да якога ў пачатку сакавіка хадзіў на прыём у Дом афіцэраў. Разам з Аляксандрам да міністра пайшлі яшчэ тры прызыўнікі з падобнымі гісторыямі пра адтэрміноўку, а таксама праваабаронцы Алег Воўчак і Натальля Гарачка.

Пасьведчаньне прызыўніка з пазнакай пра адтэрміноўку
Пасьведчаньне прызыўніка з пазнакай пра адтэрміноўку

Праваабаронца Воўчак пасьля сустрэчы расказаў пра справу Аўсяньнікава:

«Міністар нават пахваліў Сашу за ўпартасьць у абароне ягоных правоў, а пра іншыя справы сказаў, што будзе разьбірацца. Мы ж зьвярнулі ўвагу на тое, што прызыўныя камісіі паўсюль засядаюць фактычна таемна. Прызыўнікоў, у якіх адбіраюць адтэрміноўку, не запрашаюць на паседжаньні. Міністар абяцаў разабрацца».

Паводле Алега Воўчака, ужо пасьля іхнай сустрэчы зь міністрам абароны Віктарам Хрэніным стала вядома пра яшчэ сама меней 4 аналягічныя выпадкі.

Аляксандар (у цэнтры) зь іншымі прызыўнікамі і праваабаронцамі Алегам Воўчакам і Натальляй Гарачкай
Аляксандар (у цэнтры) зь іншымі прызыўнікамі і праваабаронцамі Алегам Воўчакам і Натальляй Гарачкай

Адна з гісторый — ад прызыўніка зь Віцебску Андрэя Крычаўцова. Ён ужо 8 гадоў мае адтэрміноўку, бо даглядае адзінокую маці-пэнсіянэрку. Але віцебская гарадзкая прызыўная камісія пазбавіла яго адтэрміноўкі ў канцы лістапада 2019 году. Сам Андрэй Крычаўцоў толькі ў пачатку сакавіка даведаўся пра гэта. Прызыўнік падаў скаргу ў Віцебскую абласную прызыўную камісію і напісаў заяву ў суд, каб разгледзелі законнасьць адмены ягонай адтэрміноўкі. Паседжаньне суду яшчэ не прызначылі. Андрэй лічыць, што яго не інфармавалі пра рашэньне гарадзкой прызыўной камісіі знарок, каб да прызыву не пасьпеў нічога абскардзіць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG