Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт пайшоў на беспрэцэдэнтны крок — зьнізіў плату за навучаньне. Здарылася гэта праз два тыдні пасьля таго, як цэньнік быў чарговым разам падняты, што выклікала абурэньне з боку студэнтаў і іх бацькоў.
Згодна з указам рэктара расцэнкі мусілі падвысіцца, пачынаючы ад 1 сакавіка. Аднак 27 лютага выйшаў новы ўказ, які зьніжае кошт навучаньня. Плаціць давядзецца больш, чым у першым сэмэстры, але меней, чым меркавалася першапачаткова.
Як тлумачыцца ў дакумэнце, рашэньне прынятае ў сувязі «са зьменамі ўмоваў аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый». Папярэдні ўказ павяліваў суму ў сярэднім на 12%.
Паводле новага распараджэньня, кошт навучаньня на мэхмате складзе 3 293 рубля, а не 3 420, як закладалася адпачатку. На першых трох курсах факультэту прыкладной матэматыкі і інфарматыкі — 3 684 рублі замест 3 760, фізфаку і хімфаку — 3 293 рублі замест 3 420, эканамічнага факультэту — 4 424 рубля замест 4 460, журфаку — 4 006 рублёў замест 4 180.
Дагэтуль цэны за навучаньне ў БДУ выключна расьлі, апошні раз яны карэктаваліся 1 верасьня 2019 году.