Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баі ў Сырыі выклікалі міграцыйны крызіс у Грэцыі, там ужо новая хваля ўцекачоў. ФОТА


Лягер уцекачоў на грэцкім востраве Лесбас
Лягер уцекачоў на грэцкім востраве Лесбас

Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган папярэдзіў, што ў Эўразьвяз з Сырыі неўзабаве хлынуць «мільёны новых уцекачоў». Турэцкае МУС паведаміла, што колькасьць мігрантаў, якія кіруюць на Захад толькі праз Грэцыю, перавысіла 130 тысяч.

Улады Турэччыны на мінулым тыдні адкрылі межы з Эўразьвязам, бо няздольныя справіцца з новай хваляй мігрантаў з Сырыі. Да таго ж, як заявіў Эрдаган, Эўразьвяз не аказвае абяцанай фінансавай дапамогі, каб стрымліваць паток рэальных і патэнцыйных уцекачоў на ўнутраных межах. Пасьля гэтага дзясяткі тысяч нелегалаў хлынулі ў бок Грэцыі.

Лік уцекачоў ідзе на дзясяткі тысяч

У адказ Грэцыя ўжо заявіла, што на месяц прыпыняе прыём прашэньняў аб прыстанішчы. ААН раскрытыкавала такое рашэньне, бо ніякіх юрыдычных падставаў для гэтага няма.

Адным зь першых на шляху мігрантаў стаў востраў Лесбас. Ад Турэччыны ўсяго гадзіна морам. Як вынікае са справаздачы Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў, за два першыя дні сакавіка на астравы ўсходняй часткі Эгейскага мора прыбылі амаль 1,5 тысячы чалавек — гэта нашмат больш за звычайныя паказьнікі. Яшчэ блізу 10 тысяч блякавалі на турэцкай мяжы.

Цяпер гектары колішніх аліўкавых гаёў ператвораныя ў намётавыя лягеры, дзе ў часовым жытле прытуліліся больш за 20 тысяч чалавек. Аналягічная сытуацыя на суседніх астравах Самас і Хіёс.

Далейшае разьвіцьцё сытуацыі непрадказальнае: пачынаючы ад мінулага тыдня, праз розныя правінцыі з Турэччыны ў Грэцыю перабралася звыш 130 тысяч мігрантаў. І яны не апошнія...

Побыт уцекачоў на востраве Лесбас

Два месяцы ад пачатку году ў адным зь лягераў на грэцкім востраве Лесбасе пад эгідай Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа валянтэрыць менская студэнтка Ганна. Лягер тут зьявіўся яшчэ ў 2015-м, пасьля першай хвалі ўцекачоў ад сырыйскай вайны.

Разам зь іншымі добраахвотнікамі дзяўчына разьмяркоўвае гуманітарную дапамогу, фармуе прадуктовыя пакеты, займаецца зь дзецьмі.

Паводле яе, умовы ў лягеры жахлівыя, хоць бальшыня жыве тут гадамі, чакаючы вынікі разгляду заяваў пра статус уцекача. Пры гэтым шанцы атрымаць прыстанішча надзвычай малыя: кожны дзень кагосьці дэпартуюць, але адначасова на вызваленае месца прыбываюць сотні новых кандыдатаў.

Раней сілавікі Грэцыі прыгразілі, што будуць выстаўляць адмысловыя марскія пасткі на шляху лодак зь нелегаламі, але пакуль такі захад эфэкту ня даў.

Вайсковыя намёты не абаграваюцца, замест падлогі — паддоны. Калектыўнае гатаваньне ежы пад адкрытым небам, агульныя выграбныя ямы. Раз на тры месяцы магчымасьць выбраць штосьці з сэканд-хэнду, мінімальная мэдыцынская дапамога.

Аднак гэта ня стрымлівае: сырыйцы, аўганцы, іракцы, шматлікія афрыканцы — усе ўцякаюць ад вайны ў сваіх краінах.

Дзеці ўцекачоў глядзяць тэлевізар
Дзеці ўцекачоў глядзяць тэлевізар

Эўразьвяз перад пагрозай новага міграцыйнага крызісу

У Афінах асьцерагаюцца новага міграцыйнага крызісу, падобнага таму, які скалануў Эўропу 5 гадоў таму. На мяжу з Турэччынай накіравалі дадатковыя атрады паліцыі, аднак цалкам стрымаць людзкую плынь не ўдаецца.

Нэрвознасьць і анархія ў лягерах уцекачоў спараджаюць крымінал. Паводле беларускай валянтэркі, пры ёй некалькі чалавек сталі ахвярамі панажоўшчыны, а разборкі на кулаках — справа ледзь не шараговая. З наяўных забаваў — вулічныя гульні ды калектыўны прагляд тэлевізара.

Раз-пораз лягерныя насельнікі арганізуюць маршы пратэсту на астраўную сталіцу Мітылена, каб прысьпешыць легалізацыю, а таксама паскардзіцца на перанаселенасьць і адсутнасьць побытавых і санітарных умоваў, што рызыкуе выліцца ў эпідэмію.

На мітынгі пратэсту выходзяць і мясцовыя жыхары, наракаюць, што іхны востраў ператварыўся ў крымінальны анкляў, куды баяцца ехаць турысты.

Турэччына ўжо прыняла на сваёй тэрыторыі блізу 3,7 мільёна уцекачоў з Сырыі, Аўганістану ды іншых краін. Яшчэ каля 3,5 мільёна чалавек знаходзяцца ў Сырыі ў памежнай правінцыі Ідліб. Калі тая пяройдзе пад кантроль войскаў Башара Асада, якога падтрымлівае Расея, колькасьць уцекачоў можа вырасьці.

Эўразьвяз адгукнуўся на заклікі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў, паабяцаўшы Афінам дапамогу ў абароне мяжы. На 5 сакавіка ў харвацкай сталіцы Заграбе заплянаваная сустрэча міністраў замежных спраў дзяржаў ЭЗ, якая склікаецца на просьбу Грэцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG