Міністэрства гандлю Беларусі прызнала неэтычным і загадала выдаліць адусюль рэклямны ролік кампаніі Megatop, паведаміў Цэнтар прасоўваньня правоў жанчынаў «Яе правы».
У мінулым сьнежні Мінгандлю адказала Цэнтру, што па выніках разгляду роліку пад назвай «Пара на пары» ў відэа пабачылі «інфармацыю, якая парушае нормы маралі, у тым ліку абразьлівыя вобразы адносна прафэсіі».
Паводле сюжэту рэклямнага відэа, жанчына-выкладчыца ў кашулі з глыбокім дэкальтэ і кароткай спадніцы пісала на дошцы слова «six» (анг. «шэсьць») вялікімі літарамі, пры гэтым крэйда падала на грудзі, а затым на падлогу, і яна падымала яе з шырока расстаўленымі нагамі, а затым падыходзіла да аднаго студэнта, прыцягвала яго за каўнер. У канцы роліка высьвятлялася, што гэта было фантазіяй студэнта.
Цэнтар «Яе правы» адзначаў, што ў гэтай рэкляме абутку жанчыну паказвалі як «тавар сэксуальнага прызначэньня», неаднаразорва спынялі камэру на грудзях і ягадзіцах, ставілі акторку ў ненатуральныя позы, намякалі на сэкс надпісам на дошцы.
«Зыходзячы зь сюжэту відэароліка, усе дзеяньні жанчыны зводзяцца да адзінай мэты: узбуджэньне студэнтаў мужчынскага полу, якія відавочна задаволеныя тым, што адбываецца», — апісвае Цэнтар рэкляму абутку.
Кампанія Megatop адказвала Цэнтру, што прэтэнзіі «неабгрунтаваныя» і «суб’ектыўныя», а ролік нібыта акцэнтаваў увагу гледача на мужчынскім і жаночым абутку. Цэнтар не пагадзіўся і зьвярнуўся ў Мінгандлю — тое пастанавіла выдаліць відэа, але ніяк не пракамэнтавала аргумэнты аб яго сэксісцкім характары.
Цэнтар мяркуе, што варта ўключыць у беларускае заканадаўства азначэньне сэксізму і замацаваць у законах забарону на дыскрымінацыю жанчын у любой сфэры як з боку дзяржавы, так і з боку прыватных суб’ектаў.
Пакуль жа азначэньне сэксізму ёсьць у рэкамэндацыях для выкараненьня сэксізму Рады Эўропы ад 2019 году. Паводле гэтых рэкамэндацыяў, сэксізм — любое дзеяньне, жэст, візуальны паказ або пісьмовае выказваньне, заснаванае на тым, што асоба альбо група асобаў маюць падпарадкаванае становішча паводле прыкметы полу, зробленае з мэтамі прыніжэньня годнасьці; прычыненьня фізычнай, сэксуальнай, псыхалягічнай, сацыяльна-эканамічнай шкоды; фармаваньня агрэсіўнага, прынізьлівага або абразьлівага атачэньня; стварэньня перашкодаў для незалежнасьці або рэалізацыі правоў; падтрыманьня і замацаваньня гендэрных стэрэатыпаў.