Гімн гімназістаў — «Гуляць дык гуляць!» Праўда, усё гэта толькі адзін дзень у год — на «стадзёнку». А з сур’ёзных «плюшак» — у апошніх клясах можна не вучыць фізыку і хімію зь біялёгіяй. І гэта чыстая праўда.
Свабода пабывала ў адзінай беларускай гімназіі за межамі Беларусі — Віленскай гімназіі імя Францішка Скарыны. І трапіла адразу на «стадзёнку» — сьвята, якое адзначаецца ў школах Літвы і Польшчы і якога няма ў Беларусі.
«Стадзёнка» — разьвітаньне зь дзяцінствам
«Стадзёнка» — 100 дзён да выпускных экзамэнаў у апошняй клясе, разьвітаньне зь дзяцінствам, своеасаблівы званочак для 12-клясьнікаў, што настаў час сур’ёзна рыхтавацца да экзамэнаў.
Днём раней гімназія гула. Урокі яшчэ ішлі, але ў паветры ўжо лунала сьвята. Прычым не адно, а «тры ў адным» — «Стадзёнка» супала з днём сьвятога Валянціна і Днём аднаўленьня дзяржаўнасьці Літвы.
У адной клясе рэпэтавалі, сьпявалі «Сёньня ў нашай хаце сьвята», развучвалі новыя прыпеўкі. У другой надзімалі рознакаляровыя балёнікі, разьвешвалі сэрцайкі, у трэцяй — развучвалі танцы. У чацьвёртай выраблялі арыгінальныя «ядомыя» падарункі выпускнікам — канцылярскія «шчоты» і калькулятары з цукерак, печыва ды іншых ласункаў.
І толькі ў самых малых — у падрыхтоўчай групе, дзе займаюцца дзеці ад 4 да 6 гадоў, праводзіўся сур’ёзны ўрок, прысьвечаны Дню аднаўленьня дзяржаўнасьці Літвы.
А наступнае раніцы прайшла ўрачыстая лінейка. 12-клясьнікам дазвалялася ўсё — «адвязны» зьнешні выгляд, кепачкі з прапэлерам, шапачкі зайчыкаў з вушкамі, забаўныя банты, можна было нават смактаць чупа-чупс. Усе іншыя вучні выглядаюць кантрасна — у парадных дзелавых строях. Кожная кляса падрыхтавала сваё віншаваньне і самаробныя падарункі.
А пасьля другога ўроку ў сталоўцы першаклясьнікі з сур’ёзным выглядам упіхвалі ў выпускнікоў манку, размазваючы па тварах юнакоў кашу і сочыва. Шматлікія гледачы спачувалі і рагаталі.
У той дзень гімназія сьвяткавала да позьняга вечара: канцэрты, конкурсы, дзьве дыскатэкі.
Міністэрства адукацыі Літвы надало звычайнай школе гімназічны статус
Сьвяты сьвятамі, а беларуская гімназія імя Францішка Скарыны — сур’ёзная навучальная ўстанова, якая прайшла акрэдытацыю ў Міністэрстве адукацыі, асьветы і спорту Літоўскай Рэспублікі, атрымала гімназічны статус, з гонарам кажа дырэктарка Дзіяна Стахновіч.
«У 1991 годзе ў Вільні пачалі адкрывацца першыя беларускія клясы пры расейскіх школах. А ў 1994 годзе пад беларускую школу Віленская мэрыя выдзеліла асобны будынак — былы дзіцячы садок. Тут пачала працаваць 68-я сярэдняя школа зь беларускай мовай навучаньня.
У 1997 годзе ёй надалі імя Францішка Скарыны, а ў 2013 годзе мы сталі гімназіяй. Мы лічым сябе спадкаемцамі той самай Віленскай беларускай гімназіі, якая існавала ў Вільні з 1914 па 1944 гады. І шмат у чым працягваем яе традыцыі», — расказвае спадарыня Дзіяна. І з гонарам паказвае шматлікія ўзнагароды — дыплёмы, падзякі, мэдалі, вымпэлы.
«На ўроках мы абыходзімся без расейскай мовы»
Больш за ўсё ў Вільні, натуральна, літоўскіх школ, на другім месцы па колькасьці польскія. Расейскіх школ ня так шмат — каля 10. Ёсьць прыватныя габрэйская, амэрыканская. І адзіная беларуская гімназія за межамі Рэспублікі Беларусь — гімназія імя Францішка Скарыны, — тлумачыць дырэктарка гімназіі Дзіяна Стахновіч.
«Калі дзеці прыходзяць у першую клясу, беларускай мовай яны не валодаюць зусім, размаўляюць па-расейску. Афіцыйна на ўроках мы абыходзімся без расейскай мовы. Але я не магу сказаць, што ў зносінах яе няма. Часьцяком менавіта расейская і застаецца мовай зносінаў паміж дзецьмі.
Але мы ня ставім за мэту пазбавіцца расейскай мовы», — кажа дырэктарка.
Беларуская мова лічыцца ў гімназіі роднай. Літоўская мова — дзяржаўная, яна таксама вывучаецца як родная. Выкладаюцца дзьве замежныя мовы — ангельская і расейская (2 гадзіны на тыдзень).
У клясе максымум 18 дзяцей
Усяго ў гімназіі 214 вучняў, яшчэ 19 малых дзяцей вучацца ў падрыхтоўчай групе. Бальшыня ідзе ў беларускую гімназію мэтанакіравана, незалежна ад нацыянальнасьці, кажа дырэктарка.
«Дзеці прыходзяць розныя, і зь беларускіх сем’яў, і дзеці эмігрантаў, ёсьць дзеці беларускіх дыпляматаў. Прыходзяць да нас у гімназічныя клясы (з 9-й па 12-ю) дзеці з расейскіх школ. У пазамінулым годзе такіх прыйшло 5 чалавек. Па-беларуску яны загавораць у лепшым выпадку ў 11-й клясе».
Аднак ёсьць і выключэньні: 12-клясьніца Інгрыда, якая прыйшла ў гімназію паўтара года таму, будзе вядучай на сьвяце «Стадзёнкі» — яна ўжо добра валодае беларускай.
12-клясьнік Эміль прыйшоў у беларускую гімназію ў 11-ю клясу з расейскай школы. Спыталі ў ягонай маці, чаму зрабілі такі выбар. Яна кажа, што тут вельмі ўтульна, невялікія клясы, усе ведаюць адзін аднаго.
«А самае галоўнае — душэўная атмасфэра, у гімназіі добрая рэпутацыя — настаўнікі даюць грунтоўныя веды», — аргумэнтуе Эмілева маці.
На ўроку беларускай літаратуры ў 2-й клясе мы пачулі цудоўнае, мілагучнае беларускае маўленьне: васьмігадовы Яраслаў Віцюкоў чытаў верш Янкі Купалы «Хлопчык і лётчык». Аказалася, ягоная маці скончыла ў Вільні аддзяленьне беларусістыкі.
Падручнікі літоўскія, але настаўнікі тлумачаць, а дзеці адказваюць па-беларуску
Навучальны працэс у Віленскай гімназіі істотна адрозьніваецца ад беларускага. Беларуская гімназія ў Вільні — дзяржаўная, падпарадкоўваецца яна Міністэрству адукацыі, асьветы і спорту Літоўскай Рэспублікі.
«У нас тыя ж самыя праграмы, тыя ж самыя падручнікі, па якіх вучацца ў літоўскіх школах. І матэматыку, і фізыку, біялёгію і ўсё астатняе мы вучым па літоўскіх падручніках, зацьверджаных Міністэрствам адукацыі Літвы, але па-беларуску. То бок настаўнікі тлумачаць новы матэрыял па-беларуску, дзеці адказваюць на ўроках таксама па-беларуску.
Літоўская мова і літаратура вывучаецца ў беларускай гімназіі ў тым жа аб’ёме і па тых жа падручніках, што і ў літоўскіх школах і гімназіях. Беларуская мова і літаратура выкладаюцца па падручніках, якія выдадзены ў Беларусі, — іх бясплатна дае Мінадукацыі», — тлумачыць дырэктарка.
Сёлета ў гімназіі супольны праект зь беларусамі па праграме Erasmus — «Стварэньне этнакультурнага асяродзьдзя ў Віленскай гімназіі і ў школе № 4 Ліды». У абедзьвюх навучальных установах будуць пабудаваныя аднолькавыя новыя карпусы са спартовай заляй, бібліятэкай і сучаснымі кабінэтамі. Ужо летам пад вокнамі Віленскай гімназіі пачнецца будоўля.
У 2014 годзе пры гімназіі адкрылі падрыхтоўчую групу для дзетак 4–6 гадоў, якія тут займаюцца, днём сьпяць, потым гуляюць — як у дзіцячым садку.
«Горад не даваў рады — не хапала месцаў у садках. Кінулі кліч: „Забярыце, хто можа“, — мы адгукнуліся. Гэта гарантыя таго, што ў гімназіі будзе 1 кляса», — расказвае дырэктарка.
Можна сысьці з гімназіі пасьля 8 клясы і атрымліваць рабочую спэцыяльнасьць у ПТВ.
Аднак базавая адукацыя ў Літве — 10 клясаў. Пасьля заканчэньня — праверка ведаў, тры экзамэны: матэматыка, літоўская мова і родная мова — беларуская.
«Экзамэны мы здаём па-літоўску, акрамя беларускай мовы і ангельскай», — тлумачыць дырэктарка Дзіяна Стахновіч.
Настаўнікі — і беларусы, і літоўцы, у тым ліку былыя выпускнікі
Усяго ў беларускай гімназіі 36 пэдагогаў. Акрамя прадметнікаў, у школе працуюць псыхоляг, лягапэд, сацыяльны пэдагог.
У пачатковых клясах ёсьць асноўная настаўніца, спэцыялісты выкладаюць ангельскую і літоўскую мову, а таксама танцы.
Зьвяртаюцца вучні да настаўнікаў бяз звыклага ў Беларусі імя па бацьку: альбо «спадарыня», альбо «настаўніца». Для дзяцей, якія прыйшлі з расейскіх школ, гэта таксама нязвыкла, яны доўга прывыкаюць.
Дарэчы, «дзелавы стыль» не абавязковы, хаця форма ў гімназістаў ёсьць — для сьвятаў і ўрачыстасьцяў. А на заняткі можна хадзіць у зручнай вопратцы.
«Бальшыня настаўнікаў працуюць тут на пастаяннай аснове. Праблем з кадрамі няма. Наколькі яны ўсе валодаюць беларускай мовай — пытаньне, але настаўнікі беларускай мовы, пачатковых клясаў — натуральна, усе валодаюць», — кажа дырэктарка.
Некаторыя настаўнікі родам зь Беларусі, атрымалі адукацыю ў беларускіх ВНУ.
Сама дырэктарка Дзіяна Стахновіч жыве ў Літве з 1991 году. Скончыла Горадзенскі пэдагагічны ўнівэрсытэт, выйшла замуж за віленскага беларуса.
Настаўніца хіміі і біялёгіі, клясная кіраўніца выпускной 12-й клясы Сьвятлана Грышко родам зь Ліды, скончыла Берасьцейскі пэдагагічны, таксама выйшла замуж за віленчука.
Прыходзяць працаваць у гімназію і былыя яе выпускнікі. Аляксандра Субкене — выпускніца 2005 году, скончыла Віленскі ўнівэрсытэт і магістратуру з чырвоным дыплёмам.
Танцы выкладае чэмпіён сьвету па бальных танцах Артур Баёр — выпускнік гімназіі 2002 году.
Цікава, што музыку, сьпевы, мастацтва тут выкладаюць усе 12 гадоў. Танцуюць, сьпяваюць і граюць на розных музычных інструмэнтах літаральна ўсе. Дзеці надзвычай разьняволеныя, не баяцца выступаць публічна, не саромеюцца.
«Мужчын-выкладчыкаў у гімназіі мала, яны выкладаюць ангельскую мову, інфарматыку і танцы. Некалі выкладаў гісторыю вядомы беларускі актывіст Сяржук Вітушка», — узгадвае дырэктарка гімназіі.
У 12-й клясе вучацца па індывідуальным пляне. Нават хімію і фізыку можна не вывучаць
У 10 клясе дзяцей знаёмяць з праграмай на 11 і 12 клясы. Гімназісты павінны вызначыцца з прафэсіяй і выбраць, якія прадметы яны будуць вывучаць паглыблена. Ёсьць 9 асноўных прадметаў, якія вывучаюць усе. Матэматыка і ўсе чатыры мовы — абавязковыя.
А, да прыкладу, хімію, фізыку, біялёгію два апошнія гады гімназісты могуць не вывучаць. Можна выбраць адну з гэтых навук ці інтэграваны курс. Паглыбленыя веды атрымліваюць толькі тыя, каму гэта трэба для паступленьня ў ВНУ.
Калі гімназіст перадумаў і вырашыў паступаць на іншую спэцыяльнасьць, можна перайсьці на паглыбленае вывучэньне пэўных прадметаў. Але тое, што астатнія дзеці ўжо прайшлі, трэба вывучыць і даздаць.
У 12-й клясе гімназісты займаюцца па індывідуальным пляне.
Каб атрымаць атэстат, у гімназіі трэба здаць літоўскую мову і яшчэ адзін прадмет (можа быць нават такі, як сьпевы, фізкультура ці праца).
Пасьля 12 клясы гімназісты здаюць дзяржаўныя экзамэны, але не ў самой гімназіі, а цэнтралізавана — як у Беларусі ЦТ. Каб паступіць на бюджэт, трэба здаць літоўскую мову, матэматыку і замежную мову. А ўсяго можна здаваць да 7 прадметаў.
На пытаньне, як здаюць дзеці зь беларускай гімназіі дзяржаўныя экзамэны, як яны выглядаюць на фоне выпускнікоў літоўскіх школ, Дзіяна Стахновіч адказала так:
«Здаюць па-рознаму. Як вучацца, так і здаюць. Калі дзіця стараецца, займаецца — і здасьць нармальна. Ёсьць і такія, хто ня вызначыўся з выбарам прафэсіі і спачатку ідзе працаваць», — кажа дырэктарка.
Паступаюць таксама па-рознаму: і за мяжу, і ў Літву, і ў Беларусь. Летась два выпускнікі паступілі вучыцца ў Брытанію, адзін — у Беларусь. Сёлета двое таксама зьбіраюцца паступаць за мяжу.
У беларускія ВНУ віленскія выпускнікі паступаюць як грамадзяне замежнай краіны
Летась адна дзяўчына паступіла ў Горадзенскі мэдычны ўнівэрсытэт, сёлета ў мэдычныя беларускія ВНУ зьбіраюцца паступаць яшчэ дзьве дзяўчыны.
А вось у ЭГУ аніхто зь беларускай гімназіі ніколі не паступаў — усе валодаюць літоўскай мовай і аддаюць перавагу літоўскім ВНУ ці едуць за мяжу, дадае спадарыня Дзіяна.
«Але нашы дзеці не літоўцы. Нават тыя, хто паступае ў Беларусь і прыяжджае назад, цяжкавата потым вяртаюцца да літоўскай мовы», — прызнаецца дырэктарка.
Запыталіся ў сёлетніх 12-клясьнікаў, куды яны плянуюць паступаць. Эміль — на праграмаваньне ў Вільню (прычым плянуе падаваць дакумэнты адразу ў тры ВНУ), Кірыл зьбіраецца вывучаць хімію ў Даніі, Інгрыда і Караліна паедуць паступаць у беларускія мэдунівэрсытэты (на стаматалёгію і лячэбную справу).