Міністэрства замежных справаў Грузіі ўсклала на расейскую вайсковую выведку (Галоўнае ўпраўленьне Генштаба, таксама вядомае як ГРУ) адказнасьць за маштабную кібэратаку на грузінскія сэрвэры і вэб-сайты ў кастрычніку летась.
Як сьцьвярджаецца ў заяве МЗС Грузіі, мэтай кібэратакі 28 кастрычніка 2019 году былі сайты адміністрацыі прэзыдэнта Грузіі, розных органаў улады, камэрцыйных кампаній і СМІ.
«Мэтай кібератакі быў падрыў нацыянальнай бясьпекі Грузіі, нанясеньне шкоды насельніцтву краіны, унясеньне разладу ў дзейнасьць дзяржаўных структур і ў грамадзтва», — гаворыцца ў заяве. У ёй падкрэсьліваецца, што дачыненьне ГРУ даказана падчас расьсьледавання, у якім выкарыстоўвалася інфармацыя замежных партнэраў Грузіі.
Адным з гэтых партнэраў была Вялікабрытанія. Паводле зьвестак брытанскага Нацыянальнага цэнтру кібэрбясьпекі, «з высокай ступеньню верагоднасьці» кібэратакі супраць Грузіі арганізавала ГРУ. У заяве кіраўніка МЗС Вялікабрытаніі Дамініка Рааба кібэратакі названыя абсалютна непрымальнымі.
МЗС Расеі заявіў, што Расея «ня ўмешвалася і ня будзе ўмешвацца» ва ўнутраныя справы Грузіі.
Кібэратака ў кастрычніку была нацэленая на хостынгавую кампанію Pro-Service. Яна робіць падтрымку вэб-сайтаў дзяржаўных ведамстваў, судоў, а таксама многіх няўрадавых арганізацый, прыватных кампаній і СМІ. Атака ацэньваецца як найбуйнейшая ў гісторыі Грузіі.
Пры спробе зайсьці на ўзламаныя сайты на галоўнай старонцы зьяўлялася фатаграфія былога прэзыдэнта Грузіі Міхаіла Саакашвілі на фоне грузінскага сьцягу і з надпісам I’ll be back (Я вярнуся). Паводле Бі-бі-сі, кібэратака закранула больш за 2 тысячы сайтаў.