19 лютага на асьветніцкай пляцоўцы «Тэрыторыя правоў» у Менску пачынае працаваць выстава «Зацьменьне» вядомага мастака, аднаго з заснавальнікаў суполкі «Пагоня» Аляксея Марачкіна.
Як адзначаюць арганізатары імпрэзы, новыя творы прысьвечаны значным для грамадзтва падзеям апошняга часу і адлюстроўваюць сацыяльна-палітычную сытуацыю ў Беларусі праз уласны погляд творцы на культуру і дух беларускага народу.
Беларускія рэаліі — «Астравіцяне» і «Гаротнікі»
Свабода пацікавілася, якія менавіта карціны мастак прэзэнтуе прыхільнікам сваёй творчасьці і якую канцэпцыю закладаў у зьмест экспазыцыі.
«Галоўная задума — гэта мая рэакцыя на падзеі 2019 году, важныя для мастака-нонканфарміста, — расказаў Аляксей Марачкін. — У нас няшмат творцаў, якія адгукаюцца на сацыяльную тэматыку. Іх абвінавачваюць, маўляў, займайцеся чыстым мастацтвам, а не рэагуйце на палітычныя зьявы і г.д. На што я адразу адсылаю да клясычнага прыкладу Франсыска Гоі, які ў пэрыяд Сярэднявечча востра рэагаваў на тое, што адбываецца ў Гішпаніі, асабліва калі на вогнішчах палілі вядзьмарак ды ведзьмакоў».
Мастак прадставіў цэлы шэраг работ сацыяльнага кірунку. Так, карціна «Сёньняшнія Курапаты» прысьвечана абароне ўрочышча ад крыжалому і пратэстам супраць «рэстарацыі на касьцях „Поедем поедим“». «Астравіцяне» — гэта аўтарскі водгук на будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Астраўцы ды «духоўнай мутацыі» беларусаў. Яшчэ адзін твор — «Гаротнік», у цэнтры якога мужычок з пустымі бутэлькамі на засушаным полі, за якім маячаць злавесныя сылюэты градзірняў АЭС. Сапраўдная паласа «Зацьменьня», у якой апынулася Беларусь.
«Асобна выставіў графічныя работы пад умоўнай назвай „Крыжалом“ — агулам іх паўтара дзясятка, — працягвае мастак. — Досыць нечаканае афармленьне — бяз рамак і шкла. Зьмест зразумелы з назвы — гэта час, калі з падачы „галоўнакамандуючага“ ў Курапатах нішчылі крыжы. Там паэтапна адлюстраваная ўся храналёгія падзеяў. Наогул я ўдзячны арганізатарам, якія прапанавалі выставіцца неўзабаве пасьля Алеся Пушкіна, які таксама паказваў працы сацыяльнага кантэксту. Безумоўна, гэта дадае імпэту».
Каліноўскі і Ян Павал ІІ — асобным заходам
А вось жывапісная рэакцыя на леташняе пахаваньне ў Вільні Кастуся Каліноўскага і іншых паўстанцаў 1863-1864 гадоў у экспазыцыю не ўвайшла. Хоць выяву ўжо тыражуюць у сеціве, аднак, як самакрытычна кажа аўтар, праца яшчэ не завершаная ў дэталях. Тым ня менш ён абяцае неўзабаве наладзіць прэзэнтацыю адной карціны, бо гістарычная падзея сапраўды вартая асобнай згадкі.
На потым адсоўваецца і прэзэнтацыя палотнішча «Я прашу вас, не згубіце Беларусь!» у гонар Папы Ррымскага Яна Паўла ІІ. Ёсьць папярэдняя дамоўленасьць паказаць яе публічна ў дзень нараджэньня першага пантыфіка-славяніна 18 траўня ў Чырвоным касьцёле Менску. Таксама будуць выстаўленыя і іншыя карціны сакральнага зьместу.
Тэматыка твораў Аляксея Марачкіна прысьвечана падзеям як мінулага, так і сёньняшняга дня. У ягоным творчым даробку партрэты многіх гістарычных асобаў, сэрыя вобразаў «Мае сучасьнікі», ён аўтар цыклю «Народныя легенды і паданьні». Сярод знакавых твораў — «Маці Божая ахвяраў Чарнобыля», «Палеская мадонна», «Плошча» ды іншыя.