Немагчыма сказаць, што Беларусь схільная да амэрыканскага ўплыву. Пра гэта падчас Мюнхенскай канфэрэнцыі па бясьпецы заявіў у камэнтары расейскім «Известиям» міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей.
Ён таксама адзначыў: нядаўні візыт Дзяржсакратара ЗША Майка Пампэо ў Менск і яго прапанова забясьпечыць краіну амэрыканскай нафтай не азначаюць, што Беларусь ахвяруе дзеля збліжэньня з Вашынгтонам адносінамі з Масквой.
«Ніколі Беларусь не сябравала і не будзе сябраваць з кімсьці за кошт кагосьці, на шкоду камусьці або супраць кагосьці на шкоду каму-небудзь. Мы хочам нармальныя, добрыя адносіны з усімі нашымі партнэрамі. Натуральна, з суседзямі яны аб’ектыўна будуць больш блізкімі».
Палітык таксама заявіў, што інцыдэнт з нафтаправодам «Дружба» да канца ня вычарпаны, Менск спадзяецца, што Масква ў бліжэйшы час выплаціць кампэнсацыю за пастаўкі «бруднай» нафты ў Беларусь.