75 год таму брытанская і амэрыканская авіяцыя правяла трохдзённае бамбаваньне Дрэздэну, у якім загінулі, паводле розных ацэнак, ад 100 да 275 тысяч жыхароў. З гэтай нагоды прыгадваем 100 словаў, якія пяць гадоў таму напісаў Аляксандар Лукашук.
18-гадовая Ганна Зянько выбегла з барака разам зь сяброўкамі, бо неба над Дрэздэнам палала. Канцлягер быў на гары і, як зачараваныя, вязьні глядзелі на акт інфэрнальнай помсты агрэсару.
Праз гады я спытаўся сваю цешчу, што яна тады адчувала? Яна адказала — думала, што хутчэй вернемся ў Беларусь.
Яна мала расказвала пра лягер, але заўсёды ўзгадвала старога майстра на заводзе, дзе дзяўчаты рабілі снарады і падалі ад стомы, а іх жорстка каралі. Яна ламала такарны станок, каб адпачыць, пакуль адрамантуюць. Стары немец гэта бачыў, але ні разу ня выдаў.
Яна не шкадавала дрэздэнцаў, але і ня радавалася.