14 лютага 2020-га Аляксандар Лукашэнка заявіў аб пагрозе «інкарпарацыі» з боку Расеі. Свабода прыгадала, калі яшчэ Лукашэнка казаў пра паглынаньне Беларусі Расеяй.
«Яны разумеюць інтэграцыю як паглынаньне Беларусі. Гэта не інтэграцыя! Гэта інкарпарацыя! На гэта я ніколі не пайду», — цытуе Лукашэнку блізкі да яго тэлеграм-канал «Пул Первого».
Пасьля гэтай фразы Лукашэнкі раздаліся воплескі. Кіраўнік Беларусі заявіў, што перакананы: ні беларускі, ні расейскі народы ніколі не захочуць пайсьці па гэтым шляху.
Але ён кажа гэта не ўпершыню.
2002 год. «Што нам прапануюць? Інкарпарацыю!»
Верасень 2002 году, Аляксандар Лукашэнка дае інтэрвію полацкім СМІ. Адказваючы на пытаньне карэспандэнта пра саюз з Расеяй, ён кажа наступнае:
«І наогул запомніце раз і назаўсёды: Лукашэнка ад сваёй пазыцыі ніколі не адыходзіў, як гэта спрабуюць прадставіць. Я заўсёды быў за Саюз! А нам што прапануюць? Інкарпарацыю. Хіба мы можам пагадзіцца на гэта? І запомніце яшчэ адну рэч: кіраўніцтва Расеі сёньня прадэманстравала, што яно ня хоча раўнапраўнага саюзу зь Беларусьсю. Ну няўжо вы ня памятаеце? „Мы іх кормім, 3 адсоткі (цяпер ужо 5 называюць — наша эканоміка ад іх), яны малыя, мы вялікія“. Да чаго гэта? Гэта да таго, што людзі ня хочуць будаваць гэты саюз», — сказаў тады Лукашэнка.
Гэта было праз тры гады пасьля падпісаньня саюзнай дамовы з Расеяй. Якраз тады паміж Беларусьсю і Расеяй абвастрыліся стасункі з прычыны паставак газу. Беларусь атрымала газ па 29 даляраў за 1 тысячу кубамэтраў, а за гэта Беларусь мелася стварыць разам з Расеяй сумеснае прадпрыемства на базе Белтрансгазу. Яно так і не было створана.
У гэты год Лукашэнка двойчы прыгадваў пагрозу страты сувэрэнітэту. Другі раз — у інтэрвію расейскаму НТВ.
«Масква сёньня ня мае ніводнага варыянту, які б яна хацела шчыра рэалізаваць. Вазьміце першы варыянт — падзяліць Беларусь на часткі і ўключыць іх у склад Расейскай Фэдэрацыі. На што я ўжо сказаў: нават Сталін у свой час не дадумаўся да такога варыянту. І Масква выдатна разумее, што гэты варыянт непрахадны. Ясна, для чаго прапаноўваўся гэты варыянт. Мы яго нават не абмяркоўваем. Не жадае яго абмяркоўваць ужо і Масква, хоць настойліва ва ўсіх пасланьнях і прапановах уносіць яго», — заявіў тады Лукашэнка.
2003 год. «Дыскусія аб уваходжаньні ў склад Расеі вычарпаная»
У пасланьні беларускаму народу і парлямэнту ў красавіку 2003 году Лукашэнка зноў уздымае тэму страты сувэрэнітэту.
«Кіраўніцтва Беларусі лічыць дыскусію аб уваходжаньні нашай краіны ў склад Расеі вычарпанай. Сувэрэнітэт, дзяржаўная самастойнасьць Беларусі (як і Расеі) застануцца непарушнымі — гэта не прадмет перамоваў. Шлях паглынаньня вялікаю дзяржаваю меншае — гістарычны анахранізм, да якога няма сэнсу вяртацца», — сказаў тады Лукашэнка.
На фоне быў чарговы газавы крызіс з Масквой, і Газпром гразіўся павысіць кошты, бо ніяк не ўдавалася дамовіцца наконт сумеснага газавага прадпрыемства.
2007 год. Агульная валюта і Канстытуцыя
13 гадоў таму Аляксандар Лукашэнка ўжо гаварыў пра агульную з Расеяй валюту і нават пра агульную Канстытуцыю. Гэта было падчас сустрэчы з расейскім палітыкам Генадзем Зюганавым.
«Мяне папракаюць, што я руйную саюз Беларусі і Расеі, нібыта я тут галоўны вораг. Гэта бэлетрыстыка. Давайце дастанем дамову аб стварэньні Саюзнай дзяржавы і паглядзім, хто што зрабіў, а хто чаго не зрабіў. Мы павінны былі ў мінулым годзе правесьці рэфэрэндум па прыняцьці Канстытуцыі будучага саюзнага аб’яднаньня. Ім гэта ня трэба — і яны „выкацілі“ адзіную валюту ў выглядзе расейскага рубля. Але гэта толькі адзін з разьдзелаў Канстытуцыі. Можа гэта будзе расейскі рубель, але давайце прапішам гэта ў Канстытуцыі», — заяўляў Аляксандар Лукашэнка.
У той год здарыўся новы скандал вакол расейскай нафты для Беларусі. Расея ўвяла мыта на экспарт сваёй нафты ў Беларусь, што зрабіла перапрацоўку нафты і продаж нафтапрадуктаў на Захад нявыгаднымі. Беларусь у адказ пачала забіраць нафту з нафтаправоду, каб пакрыць страты ад мыта.
2011 год. «Інкарпарацыя? Ды гэта поўная бязглузьдзіца!»
Падчас прэс-канфэрэнцыі беларускім і замежным СМІ ў Лукашэнкі спыталіся аб продажы «Белтрансгазу» Расеі. Вось што ён адказаў:
«Мушу вам сказаць: поўная бязглузьдзіца. Тым, хто сёньня кажа пра „інкарпарацыю“, пра тое, што мы губляем сувэрэнітэт, незалежнасьць і гэтак далей, я хачу сказаць так. Не таму прадалі („Белтрансгаз“)? Вось калі б я прадаў прадпрыемства іхнім патронам, была б поўная цішыня. А вось чаму Расеі? Чаму не Эўропе, Амэрыцы? Пытаньне толькі ў гэтым», — адказаў Лукашэнка.
Тады асаблівых канфліктаў па энэргарэсурсах паміж Беларусьсю і Расеяй не было.
2018 год. «Атрымлівайце нафту, але руйнуйце краіну»
На сустрэчы з расейскімі мэдыя ў сьнежні 2018 году Лукашэнка зноў прыгадвае інкарпарацыю.
«Можна прасьцей сказаць: слухайце, трымайце нафту, але вы давайце разбурайце краіну і ўступайце ў склад Расеі. Я заўсёды задаю пытаньне: вось такія вось рэчы, яны ў імя чаго робяцца? Расея гатовая сёньня прыняць Беларусь абласьцямі або цалкам у склад Расеі? Вы падумайце пра наступствы. Вы гатовыя да гэтага? І як на гэта паглядзяць у нашай краіне? Дый у вашай, дый міжнародная супольнасьць. Ня кіем, дык палкай інкарпарацыя краіны ў склад іншай краіны», — наракаў Лукашэнка.
Напрыканцы 2018 году стасункі Расеі і Беларусі зноў абвастрыліся. Не ўдавалася дамовіцца пра цэны на газ і нафту на наступны год. Лукашэнка некалькі разоў сустракаўся з Пуціным, але вынікаў гэта не прыносіла. На фоне энэргетычнага крызісу Расея час ад часу разварочвала на мяжы беларускія прадукты, бо Рассельгаснагляд меў прэтэнзіі наконт іх якасьці.
Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь. Што здарылася
- 1 студзеня 2020 году Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь, але расейская нафта працягвае паступаць транзытам празь Беларусь у Эўропу.
- Беларусь і Расея дагэтуль не дамовіліся пра пастаўкі нафты ў 2020 годзе, хоць Лукашэнка і Пуцін вялі перамовы 30 і 31 сьнежня.
- Прыняты толькі «індыкатыўны балянс»: Расея можа паставіць 24 млн тонаў нафты на год. У 2019-м столькі і паставілі: 18 млн т пайшлі на перапрацоўку, яшчэ 6 млн т на «перамытненьне». Паводле эканаміста Яраслава Раманчука, Беларусі на ўласныя патрэбы хапае 6–7 млн тонаў — астатняе ішло на нафтапрадукты для экспарту або на «перамытненьне».
- 31 сьнежня 2019 году Лукашэнка даручыў завозіць нафту з партоў Балтыі і залучыць альтэрнатыўныя пастаўкі праз магістральны нафтаправод «Дружба».
- Пакуль Мазырскі НПЗ пачаў атрымліваць нафту толькі ад кампаніі расейскага алігарха Гуцэрыева — чакаецца пастаўка ўсяго 750 тысячаў тонаў.
- Беларусь дамовілася пра імпарт 80 тонаў нарвэскай нафты Johan Sverdrup з пастаўкай у літоўскі порт Клайпеда. У Беларусі чакаюць пачатку разгрузкі ўвечары 22 студзеня. Перавалка і транспарт да НПЗ чыгункай будуць каштаваць больш за 20 даляраў за тону.
- Гатоўнасьць транспартаваць нафту ў Беларусь на пастаяннай аснове ўжо выказалі суседнія Латвія (магчымыя аб’ёмы не абвяшчаліся) і Літва (да 3 млн тонаў на год). Пры чым Літва гатовая дастаўляць і газ. Па стане на 21 студзеня «Белнафтахім» мае «практычна гатовыя кантракты» на альтэрнатыўныя пастаўкі.
- Беларускія НПЗ у першай палове студзеня працавалі на леташніх запасах, аб’ёму якіх хапала прыкладна на 20 дзён працы. Экспарт нафтапрадуктаў Беларусь часова прыпыняла ад 1 студзеня, аднавіла ад 21-га.
- Паводле неафіцыйных зьвестак «Інтэрфаксу», Беларусь прапанавала рэалізаваць варыянт разавай пастаўкі нафты з рэсурсаў незалежных пастаўшчыкоў з мэтай павелічэньня запасаў сыравіны на НПЗ на час правядзеньня перамоваў.
- Публічна ж Лукашэнка 21 студзеня паставіў задачу зьнізіць пастаўкі нафты з Расеі да 30-40% ад неабходных аб’ёмаў: «працэнтаў 30 мы павінны з Балтыкі завозіць і працэнтаў 30 праз Украіну». Пастаўкі з Казахстану, заявіў ён, заблякавала Расея.
- Менск і Масква дасюль не ўзгаднілі кампэнсацыю за расейскі падатковы манэўр. У беларускі бюджэт-2020 закладзеныя страты ў памеры 951 млн рублёў.
- Расея дагэтуль не кампэнсавала Беларусі страты за пастаўкі бруднай нафты ў красавіку 2019 году — толькі 20 студзеня 2020-га дамовіліся пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі.
Беларусь — адзіная краіна ў сьвеце, якая багацее на суседзкай нафце, — эканаміст
Усё пачалося з Пуціна. Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі
Ці ўратуе Беларусь эўрапейская нафта? Разьбіраемся з экспэртамі