Вольга Бахметава 20 гадоў працавала юрысткай. Мела стабільную працу, заробак, службовы рост. Пасьля водпуску для догляду дзіцяці вырашыла зьмяніць прафэсійны занятак — каб пячы хлеб. «Страшна было! Муж якраз зьмяніў працу, крэдыты...» — сёньня Вольга не шкадуе пра свой крок. Яе аповед — у працягу цыклю Свабоды «Безь дзяржавы».
Утульны сьветлы дом. На драўляных сьценах мастацкія працы гаспадара дома — фатографа, малюнкі Вольгі. Пахне хлебам. На стале — сочыва, мёд, бісквіт, хлеб. Усё сваімі рукамі робленае. Сочым за цудадзейным майстэрствам прыгатаваньня хлеба. Слухаем «хлебную гісторыю» Вольгі.
«Да хлеба было таксама жыцьцё. Іншае»
Вольга працавала юрысткай у дзяржаўнай установе. Усё было «добра і стабільна» — пасада, рост па службе, заробак і будучыня.
«Але я разумела, што ровар ня вынайду. Дый ровары там не патрэбныя. Цяпер я ўпэўнена, што можна зарабляць любімай справай. Тады было страшна сыходзіць са стабільнай працы — дзеці, крэдыты. Усё залежыць ад стаўленьня чалавека да жыцьця. Калі ты ў жыцьці пазытыўны і ўпэўнены, што сыдзеш з працы і будзеш зарабляць іншым, ня так страшна», — кажа Вольга.
Яна пайшла з працы і адкрыла зь сяброўкай краму рамесьніцкіх вырабаў. Але хацелася ня проста прадаваць, а нешта рабіць сваімі рукамі. Тут прыляцела «падказка» — нясмачны крамны хлеб.
«Яшчэ і цьвіў. Як яго есьці? Раней я думала, што я зусім „міма духоўкі“. Але мне далі рошчыну (цеставая мяшанка альбо закваска, робіцца з жытнёвай мукі і вады. — РС), патлумачылі: шклянка таго, шклянка таго — і пачалася хлебная гісторыя», — з задавальненьнем узгадвае пекарка.
Спачатку вучылася ў майстроў. Цяпер сама вучыць іншых
Вольга ўпэўнена: хлеб аб’ядноўвае людзей. «Хлеб — гэта карані, сям’я, утульнасьць», — кажа суразмоўніца.
Яна «адшкадавала» грошай і пачала займацца ў онлайн-школе па выпечцы хлебу расейцаў Корнышавых. Потым вучылася ў беларускі Тамары Бажко. Езьдзіла на майстар-клясы да вядомага хлебапёка з ЗША Джэфры Гамэльмана.
«Першы раз я не пасьпела запісацца на майстар-клясу, ды грошай на навучаньне асабліва ня мела. Езьдзіла ў Пецярбург, каб хоць падпісаць у Гамэльмана ягоную кнігу „Хлеб“. Гэта біблія хлебапёкаў. Ён быў так уражаны, што на наступную майстар-клясу запрасіў мяне бясплатна», — сьмяецца Вольга.
Куды прыводзіць хлеб
Хлеб прынёс Вользе ня толькі радасьць ад занятку любімай справай, але і навыкі, якія прыносяць заробак.
Цяпер Вольга працуе куратарам онлайн-курсаў хлебапёкаў. Яе запрасілі працаваць у пякарню. Яна ўдзельнічае ў праекце «Филин good» Школы сацыяльнага прадпрымальніцтва.
«У Школу сацыяльнага прадпрымальніцтва я прыйшла праз хлеб, вучыцца і вучыць фінансавай пісьменнасьці. Рамесьнікі могуць рабіць добрыя рэчы. Але калі фінансавы складнік „прасядае“, цяжка дасягнуць посьпеху. Трэба пралічыць маркетынгавыя хады. Пра хлеб я палічыла — на ім у прынцыпе можна зарабляць», — кажа Вольга.
Яна ўдзельніца клюбу «Файны ўзрост». Клюб згуртаваў актыўных жыхароў Гомля, здольных на любы «варушняк», які зьмяняе чалавека і яго асяродзьдзе.
Вольга лічыць, што цяпер ёсьць магчымасьці рабіць тое, што любіш, умееш — і зарабляць.
«Калі чалавек упэўнены, што нельга ніяк зарабіць, усё блага, у благой краіне нарадзіўся — яго не пераканаеш у адваротным», — лічыць пекарка.
«Першы раз страшна было прадаць бохан хлеба. Я пяку хлеб на замову канкрэтным людзям і абавязкова пяку „бохан-блізьнец“ для сябе — каб быць упэўненай у якасьці. І вось я пяку, пяку і спыніцца не магу! Мне падабаецца, што вось гэты бохан — для пэўнага чалавека. Гэта перадача ня проста хлеба, нечага большага», — кажа Вольга.
«Выпякаць хлеб — прыемнасьць, даступная кожнаму»
На лядоўні Вольгі — аркуш паперы. Там рознымі сказамі апісана адно: «Рабі толькі тое, што любіш». Любімаму занятку трэба ахвяраваць час.
Суткі — столькі можа пайсьці на выпяканьне хлеба з рошчыны ў Вольгі.
— Па абедзе ці зь вечара дастаю рошчыну і кармлю яе (корм — гэта вада і мука). — Яна падымецца і распушыцца. — На ноч рашчыняю цеста. — Устаю а 5–6 раніцы і рыхтую цеста. Потым яно стаіць-расьце 1,5–4 гадзіны. — Пяку хлеб.
«Мука, вада... І з гэтага нараджаецца хлеб! Людзі пякуць і з дражджамі, а мне больш хлеб на рошчыне (гэта дзікія дрожджы) падабаецца. Рошчына, якую мне даў Гамэльман, — 1980 году „нараджэньня“. Ёсьць і старэйшыя, чым яна. Некаторыя кажуць, што трэба зьмяняць рошчыну раз на паўгода. Мне здаецца, што калі яе даглядаць, карміць — то ўсё зь ёй будзе добра, мікраарганізмы будуць там сабе размнажацца і радаваць хлеб. Выпечка хлеба — гэта простая прыемнасьць, даступная кожнаму», — кажа Вольга.
Паводле яе, у хлебе на рошчыне працэсы браджэньня скончаныя, ён не «расьце» ў жываце потым, як гэта можа быць з крамным хлебам.
Чаму добры хлеб ня варта шукаць у гіпэрмаркетах
Непасрэдны ўдзел пекара ў працэсах выпяканьня хлеба, па сутнасьці, невялікі.
«Ты павінен разумець усе працэсы, наглядаць, умешвацца. У мяне першая рошчына была ў слоіку пад накрыўкай і выбухнула! Стаяла ў лядоўні, пабіла яйкі», — сьмяецца Вольга. Яна зьвяртае ўвагу: з хлебам на рошчыне халтура ня пройдзе.
«Гэта ня проста мука і вада, замес. Ня выйдзе такое, што „цяп-ляп і гатова“. Хлеб — гэта стаўленьне да таго, што ты робіш. Хлеб мае вялікую гісторыю, як і людзі. Але мы часам губляем свае карані і пачынаем задумвацца: „Што ня так у нашым жыцьці? Пры невялікім ветры губляем раўнавагу. Дзе нашы карані, дзе сілы і рэсурсы?“ Хлеб — гэта простыя рэчы, каштоўнасьці», — разважае пекарка.
Добры, сапраўдны хлеб ня варта шукаць у гіпэрмаркетах, пераконвае суразмоўніца.
«Сапраўды хлеб для буйных вытворцаў рабіць нявыгадна — доўгі працэс. Плюс ягоны кошт будзе залаты. Нават калі пішуць „хлеб па старажытных рэцэптах“ — гэта не зусім праўда. Бо параўнайце, якая раней была зямля і якая цяпер. Колькі ўсяго цяпер у яе напхана. Як раней адбельвалі муку — і як цяпер робяць. Цяпер надзвычай хуткі тэмп жыцьця. Усе хочуць больш пасьпець, больш узяць. Гэта ня так блага, але ад гэтага наступае дысбалянс», — кажа Вольга.