Сэнат у Італіі прагаласаваў за пазбаўленьне дэпутацкай недатыкальнасьці былога прэм’ер-міністра і лідэра партыі «Ліга». Цяпер Матэа Сальвіні можа паўстаць перад судом па справе аб незаконным пазбаўленьні волі мігрантаў на судне «Грэгарэці» і перавышэньні службовых паўнамоцтваў.
Судна з выратаванымі ў Міжземным моры мігрантамі было заблякавана ў італьянскім порце Аўгуста ў ліпені 2019 году. На борце знаходзілася больш за сотню чалавек. Сальвіні тады ўзначальваў міністэрства ўнутраных спраў. Ён не даваў дазволу на прыём мігрантаў да таго часу, пакуль гэта не пагадзіліся зрабіць іншыя краіны Эўразьвязу.
Сальвініі, камэнтуючы рашэньне Сэнату, напісаў у твітэры, што рабіў усё неабходнае, каб перашкодзіць прыбыцьцю нелегальных мігрантаў.
Матэа Сальвіні вядомы сваёй станоўчай ацэнкай палітыкі Крамля. Летам мінулага году пракуратура Італіі адкрыла расьсьледаваньне па факце перамоваў прадстаўнікоў Сальвіні з Масквой. Сальвіні абвінавачваньні адпрэчваў. Расейскія ўлады неаднаразова заяўлялі пра сваю недатычнасьць да ўнутранай палітыкі замежных дзяржаў.