Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад Антановіча да Янчэўскага, альбо Дваццаць паплечнікаў Лукашэнкі


Аляксандар Лукашэнка ўзору 1994-га
Аляксандар Лукашэнка ўзору 1994-га

20 гадоў таму, 23 чэрвеня 1994 году, у Беларусі ўпершыню прайшлі прэзыдэнцкія выбары. Пераможцам першага туру стаў дэпутат Вярхоўнага Савету 12 скліканьня Аляксандар Лукашэнка.

Перавага яго над канкурэнтамі была пераканаўчая, і ўжо тады было зразумела, што другі тур — гэта чыстая фармальнасьць. І сапраўды, 10 ліпеня Лукашэнка перамог тагачаснага кіраўніка ўраду Вячаслава Кебіча. 20 ліпеня адбылася інаўгурацыя.

Экспэрты Свабоды склалі сьпіс з 20 асобаў, якія на працягу ўсяго пэрыяду станаўленьня лукашэнкаўскай улады былі побач зь ім і шмат у чым вызначылі далейшае разьвіцьцё Беларусі. Магчыма, хтосьці палічыць канчатковы сьпіс не бясспрэчным. І сапраўды, першапачатковы варыянт уключаў пад сорак прозьвішчаў. Аднак мы вырашылі ўкласьціся ў дваццатку: 20 гадоў — 20 знакавых пэрсонаў.


1. Іван АНТАНОВІЧ — чалавек, які ўмеў прыгожа гаварыць


Івану Іванавічу Антановічу цяпер 77 гадоў. Былы загадчык аддзелу культуры ЦК КПБ, доктар філязофскіх навук і знаўца некалькіх замежных моваў на той час вагаўся паміж Масквой і Менскам. У 1993 годзе скончылася ягонае сакратарства ў «палазкоўскай» КПРФ. І Антановіч пачаў шукаць новае месца.

Прыехаў у Менск да Вячаслава Кебіча. «Прабіў» пад сябе новую структуру — «Белінфармпрагноз» — зь вялізарным для той пары штатам. І энэргічна ўзяўся за новую справу. Адзначыўся камуніст і навуковец яшчэ і тым, што прывозіў з Масквы экстрасэнса. Той штораз прадказваў перамогу на выбарах прэм’еру.
Але да ўлады прыйшоў Лукашэнка. І тады Іван Іванавіч пераарыентаваўся. Праз год стаў намесьнікам міністра замежных спраў, а з 13 студзеня 1997 году — міністрам. Некаторыя кажуць, што на час прызначэньня кіраўніком зьнешнепалітычнага ведамства ён меў расейскае грамадзянства.

Журналісты табунамі хадзілі на ягоныя брыфінгі. Іван Іванавіч на чысьцюткай беларускай мове казаў шмат цікавага і вясёлага. «Гаварун», як называлі Антановіча за ўменьне выступаць квяціста і доўга. Як міністар вызначыўся тым, што змог увесьці Беларусь у Рух недалучэньня. Хоць на той час краіна ўжо ўваходзіла ў АДКБ і стварала з Расеяй саюзную дзяржаву.

Адзін дыплямат, які і цяпер працуе ў МЗС, распавёў мне такі эпізод са сваёй біяграфіі: «Мяне браў у міністэрства Антановіч. Прайшоў першы працоўны дзень. Дзесьці каля паловы на сёмую я выходзіў з будынку. І трэба ж такому здарыцца — сутыкнуўся нос у нос зь міністрам. Я разгубіўся, пачырванеў — думаў, зараз скажа: што ж сыходзіш так рана? Мы разам выйшлі на ганак. Дзень быў змрочны, і большая палова вокнаў ярка сьвяцілася. Іван Іванавіч паглядзеў і сказаў: «Вось крывадушнікі, удаюць дзейнасьць. Запомні, нармальны супрацоўнік мусіць пасьпяваць рабіць усё за працоўны дзень».

У сьнежні 1998 году Антановіча нечакана накіравалі ў адстаўку. Неўзабаве пасьля гэтага мы ляцелі адным самалётам зь Менску ў Франкфурт. Антановіч патлумачыў сваю адстаўку «драздоўскай» гісторыяй — высяленьнем замежных дыпляматаў з элітнага пасёлку Дразды, дзе яны тады жылі. Са слоў Антановіча, ня ён быў ініцыятарам гэтай справы, але навесілі яе на яго.

Кароткі час пасьля адстаўкі Іван Іванавіч выкладаў ва Ўнівэрсытэце культуры. А пасьля зьехаў у Маскву. Быў там экспэртам, выкладчыкам. У Маскве застаецца і цяпер. Нягледзячы на ўзрост, займаецца навукай. Так, у 2011 годзе выдаў кнігу «Руская ідэя і расейскі выбар», годам раней —"Сацыялёгія мадэрнізацыі".

А дыпляматычныя справы ў Менску працягвае зяць Антановіча — Валеры Брылёў. Ён — памочнік прэзыдэнта ў міжнародных справах.



2. Рыгор ВАСІЛЕВІЧ — чалавек з асобай думкай

Доктару юрыдычных навук Рыгору Аляксеевічу Васілевічу — 59 гадоў. Але, як і 20 гадоў таму, яго называюць «чалавекам з асобай думкай».

Пачынаючы з 1994 году, калі ён увайшоў у склад Канстытуцыйнага суду, Васілевіч шмат разоў выступаў са сваёй асобай думкай. І чамусьці амаль заўжды выходзіла так, што ягоная пазыцыя супярэчыла агульнай думцы іншых судзьдзяў, але супадала з пазыцыяй кіраўніка дзяржавы. Гэта прыйшлося асабліва дарэчы падчас канстытуцыйнага крызісу ў лістападзе 1996 году, калі парлямэнт спрабаваў абвясьціць імпічмэнт Аляксандру Лукашэнку. Ня дзіва, што калі сытуацыя «разрулілася», месца першага старшыні КС Валерыя Ціхіні заняў менавіта Васілевіч.

Але пасьля таго, як КС стаў цалкам ручным і пагрозы адсюль для Лукашэнкі ўжо не магло быць апрыёры, трымаць такога кваліфікаванага юрыста ў гэтай структуры ўжо не было вялікага сэнсу. У лютым 2008 году Рыгора Аляксеевіча перавялі на пасаду генэральнага пракурора.
Рыгор — тэарэтык. Прычым тэарэтык якраз па канстытуцыйным праве. А там патрэбны танкіст, які адразу выконвае любы загад
Тут ён прапрацаваў тры з паловай гады. Існуе вэрсія, што зьнялі Васілевіча за адмову выканаць прапановы КДБ. Супрацоўніца тэлеканалу «БелСат» Вольга Швед у сваім інтэрнэт-блогу надрукавала копію ліста, які нібыта накіравалі з КДБ асабіста генпракурору. У ім прапаноўвалася ўзбудзіць крымінальную справу па факце акцыі «Стоп-бэнзін», выступіць у мэдыях з пагрозамі. Васілевіч гэтага не зрабіў.

Ёсьць і іншая вэрсія зьняцьця Рыгора Аляксеевіча з пасады галоўнага пракурора краіны. Адзін з навукоўцаў-юрыстаў сказаў мне пра гэта так: «Рыгор — тэарэтык. Прычым тэарэтык якраз па канстытуцыйным праве. А там патрэбны танкіст (меўся на ўвазе Шэйман. — Аўт.), які адразу выконвае любы загад. Рыгор жа занадта асьцярожны, хоць супраць улады ніколі ня пойдзе».

Гэта фактычна пацьвердзіў і Лукашэнка, вызваляючы Васілевіча ад пракурорскай пасады: «Ён чалавек не чужы. І я гэта хачу адкрыта сказаць, каб ніхто ня думаў, што Рыгор Васілевіч тут быў дрэнны для прэзыдэнта. Не, гэта наш чалавек. Чалавек, адданы нашай дзяржаве. Канечне, ён з „абоймы“ ня выпадзе».

Але вяртаньне ў «абойму» зацягваецца. Пакуль Рыгор Васілевіч выкладае на юрыдычным факультэце БДУ. Тым самым факультэце, які скончыў у 1980 годзе. Пасада ў Рыгора Аляксеевіча — загадчык катэдры канстытуцыйнага права. Побач зь ім на катэдры працуе малады дацэнт Сяргей Рыгоравіч Васілевіч.



3. Тамара ВІНЬНІКАВА — «пазашлюбная дачка генсека»

На той час, калі даводзілася ўсё дзесьці «даставаць», банкір Тамара Віньнікава вылучалася ў любой кампаніі. І ня толькі прыгожымі строямі. Віньнікава ўмела іх насіць, як кажуць, ад прыроды, што даецца нямногім. А яе пярсьцёнкі і пацеркі, якім так зайздросьцілі іншыя дамы, наагул былі эксклюзіўныя. Вырабляў іх муж — ювэлір.

Яшчэ студэнткай наргасу Тацяна вылучалася сярод іншых кідкай прыгажосьцю.

Яе былы аднакурсьнік расказваў мне: «Дзявочае яе прозьвішча — Брэжнева. І дзяўчына жартавала з залётнікамі: „Я пазашлюбная дачка Леаніда Ільіча Брэжнева“. Самае цікавае — усе гэтаму верылі. Яе нейкая цыганская прыгажосьць сапраўды чымсьці нагадвала чарнявага, брывастага генсека».

Нават тыя, каму Віньнікава, як кажуць, перайшла дарогу, ня могуць адмовіць ёй у пэўных якасьцях. «Яна была актыўная, прыгожая, разумная ды хітрая. І вельмі неблагі спэцыяліст у банкаўскай сфэры. Яшчэ да Лукашэнкі яна ўзначаліла „Беларусбанк“ і падтрымлівала добрыя стасункі з Кебічам і Мясьніковічам», — згадвае былы старшыня праўленьня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч. Дарэчы, менавіта на ягонае месца Віньнікава і прыйшла ў лютым 1996 году.
Дзявочае яе прозьвішча — Брэжнева. І дзяўчына жартавала з залётнікамі: „Я пазашлюбная дачка Леаніда Ільіча Брэжнева“. Самае цікавае — усе гэтаму верылі
«Я думаю, што Лукашэнка вылучыў яе на Нацбанк, зыходзячы са свайго рамантызму. Прыгожая жанчына, прыгожа гаворыць. І ён верыў, што яна разважае шчыра. А Тамара Дзьмітрыеўна гаварыла тое, што адпавядала глыбінным перакананьням Лукашэнкі пра эканоміку, фінансы, банкі», — расказвае Станіслаў Багданкевіч.

У Нацбанку Віньнікава працавала няпоўны год. Яе арыштавалі «за сур’ёзныя фінансавыя парушэньні і шматлікія злачынствы». Пасьля Лукашэнка казаў, што страты вымяраліся мільёнамі даляраў. Кажуць, што калі Віньнікаву пасадзілі ў «амэрыканку», яна прасіла перадаць Лукашэнку пра свой сшытак. У ім яна запісвала, каму і колькі грошай абменьвала. Тады існавала некалькі курсаў даляра. І можна было зрабіць нядрэнны капітал усяго адной банкаўскай апэрацыяй — купіць таньней, прадаць даражэй. Станіслаў Багданкевіч кажа, што і ён не аднойчы чуў пра такі сшытак, але наколькі гэта праўдзіва, гаварыць не бярэцца.

З «амэрыканкі», у сувязі з дрэнным здароўем, Віньнікаву перавялі пад хатні арышт. За ёй назіралі 24 гадзіны на суткі. Але 7 красавіка яна нечакана зьнікла. Пасьля чаго аб’явілася ў Лёндане, дзе жыве і цяпер.

Як Віньнікавай удалося зьнікнуць зь Менску, дагэтуль невядома. Былы супрацоўнік КДБ Валеры Костка сказаў мне, што без дазволу «зьверху» банкірка ніколі б не змагла незаўважна пакінуць кватэру. А тым болей — краіну. Чыноўнікі таго часу кажуць, што Віньнікавай асабіста пратэжыраваў Міхаіл Мясьніковіч, які нібыта і ўгаварыў Лукашэнку выпусьціць банкірку за мяжу.

На эміграцыі Тамара Віньнікава ня раз заяўляла, што мае кампрамат і на Аляксандра Лукашэнку, і на ягонае бліжэйшае атачэньне. Аднак дагэтуль такіх матэрыялаў нідзе не зьяўлялася.

Як і раней, экс-банкірка цяпер жыве ў Лёндане. Там жа і сем’і двух яе дарослых сыноў. У Тамары Віньнікавай — пяць унукаў.



4. Уладзімер ЗАМЯТАЛІН — чалавек, які дагэтуль перакананы, што «Россия и Белоруссия веками жили вместе...»

У Беларусь кадравы палітрук, які нарадзіўся 66 гадоў таму ў Туле, трапіў транзытам пасьля службы ў ГДР і на Далёкім Усходзе. Засьвяціўся ён у 1992 годзе, калі яго прызначылі прэсавым сакратаром Міністэрства абароны. У 1994 годзе стаў прэсавым сакратаром Кебіча. І быў адным з самых актыўных удзельнікаў выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі прэм’ера.

Кебічавы канкурэнты віняць Замяталіна ў арганізацыі мноства паклёпніцкіх матэрыялаў. Палітыкі і журналісты дагэтуль памятаюць пра так званую «галяндзкую качку», калі Замяталін арганізаваў разгромны артыкул з паклёпам на Станіслава Шушкевіча. У артыкуле цытавалася газэта з Галяндыі. Хутка высьветлілася, што такой газэты наагул не існуе. Сёньня, мабыць, ніхто ўжо не згадае, што канкрэтна пісалася тады пра старшыню Вярхоўнага Савету. Але ж брудная справа была зробленая. А бруд, як вядома, ліпне.

Дасталося ад Замяталіна і іншым кандыдатам.. У «Советской Белоруссии» ён папярэджваў, якія велізарныя непрыемнасьці чакаюць беларусаў, калі яны абяруць прэзыдэнтам малаадукаванага Лукашэнку. Памятаю, літаральна за тыдзень да першага туру выбараў я, тады галоўны рэдактар БелТА, трапіў на нараду да Замяталіна. Былі на ёй і яшчэ некалькі журналістаў. Замяталін прапанаваў напярэдадні выбараў паведаміць: кандыдат Пазьняк загінуў у дарожнай аварыі. Усе паглядзелі на прэсавага сакратара як на ненармальнага. А ён, як нічога ніякага, працягваў: пасьля патлумачым, што адбылася памылка...
Дасталося ад Замяталіна і іншым кандыдатам.. У «Советской Белоруссии» ён папярэджваў, якія велізарныя непрыемнасьці чакаюць беларусаў, калі яны абяруць прэзыдэнтам малаадукаванага Лукашэнку
Здавалася б, параза Кебіча паставіла крыж на далейшай кар’еры Замяталіна. Але ж не. Былы прапагандыст аднаго кандыдата ў прэзыдэнты стаў прапагандыстам ягонага суперніка-пераможцы. Як такое магчыма? Разважаючы пра гэта, кажуць пра беспрынцыповасьць што Замяталіна, што Лукашэнкі. Гэта так. Але ключавымі словамі для іхняга збліжэньня, я думаю, сталі словы: «Россия и Белоруссия веками жили вместе...». На гэтым яны ўжо напэўна сышліся.

Ля Лукашэнкі Замяталін зноў акрыяў. Інтэграцыя стала ягоным каньком. Кажуць, ніхто так імпэтна не прабіваў першы рэфэрэндум, як Замяталін, ніхто так не настойваў на статусе расейскай мовы як другой дзяржаўнай. Нездарма ж ён любіў паўтараць, што нарадзіўся ў СССР.

Такім Замяталін заставаўся на любой пасадзе — начальніка Галоўнага ўпраўленьня грамадзка-палітычнай інфармацыі, намесьнікам кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта, старшынём Дзяржкамітэту па друку, віцэ-прэм’ерам, першым намесьнікам кіраўніка Адміністрацыі, дырэктарам «Беларусьфільма»... Адзін з чыноўнікаў, які працаваў разам з Замяталіным, так сказаў пра ягоную дзейнасьць: «Любы ўчастак працы, які яму давяралі, ён спрабаваў уціснуць у савецкія рамкі».

Менавіта Замяталін стварыў ідэалягічную вэртыкаль, якая працуе і па сёньня. «Белая Русь» і БРСМ — ля вытокаў гэтых праектаў таксама стаяў Замяталін. Ён ніколі не любіў Эўропу зь яе каштоўнасьцямі. Але пачціва ставіўся да дыктатуры. Нездарма ж часта езьдзіў у Ірак да Садама Хусэйна ў якасьці асабістага пасланьніка кіраўніка Беларусі. Кажуць, пасьля адной з такіх паездак некуды зьніклі некалькі сотняў трактароў «Беларусь». ..

Пасьля сыходу з адміністрацыі ў Замяталіна была даволі працяглая кар’ерная паўза. Пасьля чаго ён раптам пайшоў кіраваць кінастудыяй. Там спрабаваў прыцягнуць да вытворчасьці фільмаў прыватны бізнэс, абяцаў выпусьціць карціны, якія возьмуць не адзін «Оскар». Нічога з гэтага, па вялікім рахунку, ня выйшла, хоць знаёмыя кіношнікі і казалі: з прыходам Замяталіна заробкі на студыі істотна падвысіліся. Супрацоўнікі студыі нават зьвярнуліся да Лукашэнкі з просьбай пакінуць у іх Замяталіна. Але кіраўнік дзяржавы на сустрэчы зь дзеячамі культуры сказаў, што «Беларусьфільм», як кульгавая кабыла, боўтаецца на полі мастацтваў».

Палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі кажа, што цяпер Замяталін часта бывае ў Вэнэсуэле, дзе беларусы, як вядома, шмат будуюць. Кажуць, экс-чыноўнік па-ранейшаму зьвязаны з «Трастбанкам», уладальнікам якога застаецца вядомы банкір Шаўцоў. Холдынг, у які ўваходзіць гэты банк, — галоўны рэзыдэнт беларускіх праектаў у Вэнэсуэле.



5. Уладзімер КАНАПЛЁЎ — сябар дзяцінства

Словы «сябар дзяцінства прэзыдэнта» да нядаўняга часу магічна дзейнічалі на любога чыноўніка Беларусі. А як жа інакш, калі размова ішла пра Ўладзімера Канаплёва, бліжэйшага сябра дзяцінства самога Лукашэнкі.

Сёлета Канаплёву споўнілася 60. А тады звычайны настаўнік, а пасьля міліцыянт і памочнік дэпутата Аляксандра Лукашэнкі раптам апынуўся амаль на самай вяршыні ўлады. Вытрымаць такі цяжар было цяжка. Асабліва калі стаў старшынём Палаты прадстаўнікоў. Памятаю, сустрэў на калідоры Дома ўраду супрацоўніка сакратарыяту, які толькі што выйшаў з кабінэту сьпікера. Азіраючыся па баках, той распавядае:

«Канаплёў у мяне пытаецца: „Вы разумееце, з кім размаўляеце?“ Я паціснуў плячыма. А Канаплёў працягвае: „Мая цяперашняя пасада — гэта ж як першы сакратар ЦК. Вы што, гэтага не разумееце?“ Бачыце, якая ў яго мэнтальнасьць».

Першы беларускі амбасадар у Ізраілі Міхаіл Фарфель у свой час распавёў такі эпізод. Канаплёў апынуўся ў складзе афіцыйнай дэлегацыі ў Ізраілі. У праграме было наведваньне старажытнага храму. І хоць была страшэнная сьпякота, дэлегацыю папярэдзілі, што ў сьвятое месца трэба прыйсьці адпаведна апранутым. Усе прыслухаліся. Акрамя Канаплёва, які зьявіўся ў храм у тэнісцы з кароткімі рукавамі. Кажуць, калі пра гэта распавялі Лукашэнку, той адрэагаваў не бяз гумару: «Добра, што яшчэ не ў міліцэйскім шынялі...»
Да кіраўніка дзяржавы паступіла інфармацыя — Канаплёў часта прыкрываецца ягоным імем у сытуацыях, пра якія насамрэч Лукашэнка нічога ня ведаў. Гэта нібыта асабліва раззлавала кіраўніка дзяржавы
Кар’ера сябра дзяцінства нечакана для ўсіх абарвалася ўвосень 2007 году. Канаплёў раптам падаў Лукашэнку прашэньне аб адстаўцы з пасады сьпікера. Афіцыйная прычына — дрэнны стан здароўя. Аднак многія аналітыкі лічаць — сыход з палітычнай арэны быў умовай захаваньня Канаплёву свабоды. У некаторых мэдыях зьявілася такая фармулёўка гэтай сытуацыі: «Цяжка спалучаць служэньне дзяржаўным інтарэсам з асабістымі камэрцыйнымі інтарэсамі».

Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў і на той час бізнэсовец Сяргей Скрабец кажа: некалькі вядомых бізнэсоўцаў паскардзіліся Лукашэнку, што Канаплёў нібыта абклаў іх данінай. Падобна, што тады ён пераступіў той рубеж, на які раней можна было і не зважаць. Да таго ж амаль адначасова да кіраўніка дзяржавы паступіла інфармацыя — Канаплёў часта прыкрываецца ягоным імем у сытуацыях, пра якія насамрэч Лукашэнка нічога ня ведаў. Гэта нібыта асабліва раззлавала кіраўніка дзяржавы.

На працяглы час экс-сьпікер наагул зьнік з гарызонту. Сам ён тлумачыў гэта неабходнасьцю паправіць здароўе. А пасьля ўсплыў на спартовай хвалі, як старшыня фэдэрацыі гандболу Беларусі. Якім застаецца і па гэты час. Усялякіх публічных сытуацыяў прэзыдэнцкі «сябар дзяцінства» пазьбягае. З журналістамі адмаўляецца размаўляць наадрэз.

Апошнім разам імя Канаплёва зноў узьнікла ў мэдыях у зьвязку з крымінальнай справай былога намесьніка генэральнага пракурора Беларусі Аляксандра Архіпава. Яе распачалі пасьля таго, як Архіпаў спыніў крымінальную справу супраць сына бізнэсоўца, які без правоў ехаў на матацыкле і насьмерць зьбіў 24-гадовую дзяўчыну. Аляксандар Лукашэнка публічна заявіў, што Архіпаў зрабіў гэта за зьлітак золата і пляшку каньяку. (Дарэчы, калі Канаплёў ачольваў Палату прадстаўнікоў, Архіпаў кіраваў там заканадаўчай камісіяй).

Канаплёў праходзіў у гэтай справе сьведкам. Яго абвінавацілі ў неданясеньні аб злачынстве. Судовы працэс ішоў за зачыненымі дзьвярыма. 17 чэрвеня Ваенная калегія абвясьціла вырак. Архіпаў атрымаў шэсьць гадоў пазбаўленьня волі, Канаплёву прысудзілі штраф у памеры 135 мільёнаў рублёў.



6. Валеры КЕЗ — генэрал, які пакаяўся

72-гадовы генэрал цяпер жыве ў Маскве. Але ў свой час Валеры Кез, шэф вайсковай контравыведкі ў рангу намесьніка старшыні КДБ, пастаўляў кандыдату ў прэзыдэнты Лукашэнку важную інфармацыю.

Валеры Костка да жніўня 1993 году працаваў непасрэдна пад кіраўніцтвам генэрала Кеза. Ён распавядае:

«Кез — беларус. Нацыянальная сьвядомасьць у яго была дастаткова высокая. На хвалі нацыянальнага адраджэньня, дэмакратычных зьменаў ён запрасіў мяне з Маладэчна ў Менск. Калі я пачаў працаваць у контравыведцы, то сказаў Кезу: у нас дзяржаўная мова беларуская, таму трэба, каб нашы супрацоўнікі яе ведалі. Быў напісаны адпаведны загад, і на мяне леглі гэтыя справы. Да нас прыходзілі Мікола Ермаловіч, Баршчэўскі, Трусаў...

Але разам з тым Кез быў чалавек савецкага (мабыць, нават больш дакладна, камуністычнага) гарту. І калега Кеза Князеў, які тады вёў розныя закулісныя гульні, перадаў у газэту „Свабода“ Ігару Гермянчуку тэкст тэлеграмы Кеза ў Маскву. Там пісалася, што контравыведнікі Беларусі падтрымалі ГКЧП. Тэлеграму надрукавалі, пасьля чаго Кез лёг у шпіталь, зьбіраўся звальняцца.

Але яго ўратаваў старшыня КДБ Шыркоўскі. І вось гэтая ўнутраная барацьба паміж незалежнасьцю і камунізмам у Кеза была заўжды».
Кез — беларус. Нацыянальная сьвядомасьць у яго была дастаткова высокая. Калі я пачаў працаваць у контравыведцы, то сказаў Кезу: у нас дзяржаўная мова беларуская, таму трэба, каб нашы супрацоўнікі яе ведалі. Быў напісаны адпаведны загад
Валер Костка
А затым падышоў час прэзыдэнцкіх выбараў. І Кез зрабіў стаўку на кандыдата Лукашэнку. Малады кандыдат паабяцаў, што зьнішчыць карупцыю, падыме дабрабыт, дасьць свабоду мэдыям...

«Тады вядучыя супрацоўнікі КДБ нейкім чынам разьмеркаваліся вакол кандыдатаў у прэзыдэнты, — працягвае Валеры Костка. — Не магу толькі сказаць, што нехта зь іх кантактаваў з Пазьняком. Шыркоўскі, як хітры ліс, гэтаму не пярэчыў. Ён разумеў — такім чынам КДБ пры любым прэзыдэнце захавае сваё месца ў сыстэме палітычнага кіраваньня. Так і атрымалася».

На сумленьні генэрала Кеза — увядзеньне ў Авальную залю спэцпадразьдзяленьняў, калі там галадавалі дэпутаты, якія выступалі супраць лукашэнкаўскага рэфэрэндуму. Хутка, аднак, стала відавочна: да выбараў Лукашэнка казаў адно, а пасьля абраньня стаў рабіць зусім іншае. І пры здушэньні страйку машыністаў менскага мэтро генэрал адмовіўся ўжываць сілу супраць рабочых.

Пасьля гэтага Лукашэнка прызначыў Кеза першым намесьнікам дзяржсакратара Рады бясьпекі.

«Гэта быў хітры ход,— камэнтуе Валеры Костка. — У КДБ у Кеза былі канкрэтныя падначаленыя. І ён меў пэўны ўплыў з пункту гледжаньня раскладу сіл. А ў Радзе бясьпекі фармальна пасада нібыта вышэйшая. Але рэальных падначаленых ужо не было. І хутка Кез накіраваўся ў адстаўку. Ён зразумеў, што ўлады хочуць ад яго менавіта такога кроку. Карацей, гэта быў не ганаровы сыход з пасады, а ціхае звальненьне».

Валеры Віктаравіч накіраваўся ў Маскву. Ён знайшоў у сабе сілы і мужнасьць публічна пакаяцца ў СМІ перад дэпутатамі У Маскве разам з Васілём Лявонавым ды некаторымі іншымі вядомымі беларусамі пачаў ствараць грамадзкую арганізацыю «За новую Беларусь». Яны абвясьцілі пра адкрытую апазыцыю Лукашэнку. Але даволі хутка Кез астыў да гэтай справы. Кажуць, дасьведчаны кадэбіст зразумеў яе беспэрспэктыўнасьць, бо за сьпінаю беларускага лідэра стаяць Крэмль і Лубянка. І стаў працаваць дарадцам старшыні праўленьня расейскага «Газпрамбанку».

З маскоўскага банку Валеры Кез ужо звольніўся. І застаецца цяпер пэнсіянэрам. Раней бы сказалі — «пэнсіянэрам саюзнага значэньня».

«І ўсё ж Кеза нельга нават сёньня сьпісваць у архіў, — лічыць Валеры Костка. — Любы чалавек, які мае доступ да расейскіх уладаў альбо расейскіх спэцслужбаў і які крытычна ставіцца да кіраўніка Беларусі, застаецца для Лукашэнкі чалавекам небясьпечным».



7. Рыгор КІСЕЛЬ — чалавек, які ведае, як рабіць «правільнае» тэлебачаньне

Калі б камусьці са студэнтаў факультэту журналістыкі БДУ падчас вучобы сказалі, што іхні аднакурсьнік Грыша Кісель атрымае пажыцьцёвае званьне Надзвычайнага і Паўнамоцнага пасла, яны б палічылі гэта няўдалым жартам для надзвычай папулярнага ў тыя часы КВН. І сапраўды, хто тады мог падумаць, што калгасны хлапец з глыбіннай вёсачкі Здудзічы Сьветлагорскага раёну дасягне такіх кар’ерных вышыняў?

Аднакурсьнікі памятаюць, што Грышу часта не хапала грошай. За ім так і замацавалася мянушка «Дай рубля». І яму пазычалі, бо ведалі, доўг не зажыліць, верне. Апранаўся ён старамодна: квяцістыя кашулі, якіх у той час амаль ніхто ўжо не насіў, нейкі бурачковы гарнітур.

Усё кардынальна зьмянілася пасьля шлюбу з аднакурсьніцай Сьвятланай Кавалеўскай. Калі абое атрымалі дыплёмы, дзяўчына з інтэлігентнай магілёўскай сям’і забрала мужа да сябе. З 1979-га, маючы 24 гады, Рыгор пачаў працаваць у абласной газэце «Магілёўская праўда» — карэспандэнт, уласны карэспандэнт, загадчык аддзелу. У 1987 годзе перайшоў на партыйныя рэйкі — у Магілёўскі абкам КПБ. А ў 1990 годзе ачоліў абласную газэту «Могилевские ведомости».
Аднакурсьнікі памятаюць, што Грышу часта не хапала грошай. За ім так і замацавалася мянушка «Дай рубля»
Тут ягоныя шляхі-дарогі і перасекліся з траекторыяй Аляксандра Лукашэнкі. І галоўны рэдактар істотна «раскруціў» напорыстага кандыдата ў прэзыдэнты. Па сутнасьці, у Лукашэнкі зьявіўся свой друкаваны орган. Рыгор Кісель кіраваў газэтай да поўнага завяршэньня прэзыдэнцкай кампаніі.

Стаўшы прэзыдэнтам, Аляксандар Рыгоравіч не забыўся пра свайго рэдактара. Ужо 5 жніўня 1994 году ён прызначыў Кісяля кіраўніком Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі.

Амаль 6 гадоў Кісель, як і ў газэце, шчыраваў на першым канале. Журналіст Леанід Міндлін, на той час намесьнік галоўнага рэдактара рэдакцыі агульнапалітычнага вяшчаньня, кіраўнік папулярнай студыі «Палітыка», распавядае: «Кісель — журналіст. І журналіст нядрэнны. Я думаю, суб’ектыўна, як чалавек новы, ён хацеў нешта на тэлебачаньні зьмяніць. Але яму паставілі задачу — зрабіць з тэлебачаньня ня сродак масавай інфармацыі, а сродак масавай прапаганды. І на гэтых супярэчнасьцях у яго нічога не атрымалася. Вельмі кароткі адрэзак часу — да ўзьнікненьня ідэі аб правядзеньні першага рэфэрэндуму — Кісель падтрымліваў інавацыі на ТБ: стварылі студыю „Палітыка“, ішла гаворка пра арганізацыю прадусарскіх цэнтраў...

Ужо першыя выпускі „Палітыкі“, калі ў студыі зьбіраліся людзі розных поглядаў, выклікалі вялікае раздражненьне наверсе. Але Кісель нас падтрымліваў. Ён ня зьняў з эфіру ніводнай праграмы. А першае зьняцьцё — на сумленьні тагачаснага кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Леаніда Сініцына. Гэта было яшчэ да рэфэрэндуму 1995-га. Пасьля рэфэрэндуму ўсё пасыпалася — забаранілі праграму, у якой абмяркоўвалі, як Іван Ціцянкоў ірваў бел-чырвона-белы сьцяг, пасьля паставілі крыж на іншых сюжэтах.

У гэтай сытуацыі перад Кісялём паўстаў выбар. На тэлебачаньне ён прыйшоў як чалавек лукашэнкаўскай каманды. І таму заставаліся толькі два варыянты — альбо пераходзіць у апазыцыю, альбо заставацца і рабіць тое, чаго ад цябе патрабуюць. Ён застаўся, я напісаў заяву на звальненьне».

Летам 2000 году Лукашэнка прызначыў Кісяля амбасадарам у Румынію. Зразумела, што гэта не ЗША ці Нямеччына, але дыпляматычнае званьне застаецца пажыцьцёва.

У Бухарэсьце Кісель працаваў менш за два гады. У лютым 2002-га ён ачоліў новую структуру — Агульнанацыянальнае тэлебачаньне (АНТ).

Леанід Міндлін адзначае: «На тле такіх тэленачальнікаў, як Віктар Чыкін і Ягор Рыбакоў, Кісель выглядае нашмат больш прафэсійна. Ён зразумеў галоўнае — нават адзін канал у Беларусі нельга зрабіць паўнавартасным. Па-першае, з ідэалягічных прычынаў, па-другое, з-за недахопу творчага патэнцыялу. Таму з Масквы бяруць забаўляльна-канцэртную частку і дадаюць нешта сваё. У цэлым гэта не фантан, але рэйтынг у АНТ вышэйшы за Першы канал».

Лукашэнка Кісяля хваліць. Таму ж Замяталіну на кінастудыі казаў: Кісель грошай у мяне ня просіць, а якасную прадукцыю робіць. Апошні раз кіраўнік дзяржавы ставіў у прыклад Кісяля за здаровы лад жыцьця сёлета ў красавіку, калі выступаў у Авальнай залі з штогадовым пасланьнем: «Запытайцеся ў Кісяля, як ён бегае». «Комсомолка» запыталася — і дазналася, што жыве Рыгор Леанідавіч у Драздах. Там і бегае па кустах, па парку, праз дамбу. Бегае ў любое надвор’е, у вольны ад працы час.

А на працы ўсё па-ранейшаму. АНТ як было, так і застаецца «правільным» каналам з галоўнай ідэяй — «глядзіце, як у іх усё дрэнна, а ў нас усё добра».



8. Віктар КУЧЫНСКІ — прэзыдэнцкі гранатамётчык

56-гадовы Віктар Францавіч Кучынскі — з той жа каманды, якая ў 1994 годзе зрабіла стаўку на Лукашэнку. Да таго часу дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня афіцэр Кучынскі быў адметны толькі вайсковай прастатою ды шчырасьцю, зь якой гаварыў ля мікрафона. Ён звычайна сек паветра далоньню, гаварыў рэзка і бескампрамісна. А надзеўшы чорны скураны пінжак, нечым нагадваў камісараў-рэвалюцыянэраў.

Да дэмакратычнай меншасьці ў парлямэнце Кучынскі не належаў. Але і да камуністаў ставіўся з асьцярогай. Існаваў як бы паміж аднымі і другімі.

Дэпутат Віктар Алампіеў згадвае: «Я іду са сталовай. Насустрач сьпяшаецца купка маладых дэпутатаў, якія ўжо далучыліся да каманды Лукашэнкі. Кучынскі мне кажа: „Пятровіч, давай да нас у каманду!“ Я запытаў: „Што вы там зьбіраецеся рабіць?“ Адказалі: ідзем уплываць. Я ім кажу: а ці магчыма ўплываць на стыхійнае бедзтва? Тут хутчэй трэба думаць пра ліквідацыю наступстваў. Так нашы шляхі і разышліся».

Кучынскі часта суправаджаў Лукашэнку ў паездках па рэгіёнах. Ён добра адчуваў настрой выбарцаў і казаў пра карупцыю, якая ахоплівае краіну, і пра адзінага барацьбіта зь ёю. Пасьля пачынаў гаварыць Лукашэнка. А Кучынскі стаяў побач і трымаў папку. Лукашэнка казаў: «Вось дзе ў мяне гэтыя карупцыянэры» — і паказваў на папку.
Запомніўся і сваёй заявай аб крымінальнай адказнасьці за няправільную сэксуальную арыентацыю: «Мая пазыцыя як дэпутата такая: усіх гэтых „блакітных“ ды іншых трэба па поўнай праграме валіць»
З абраньнем Лукашэнкі на прэзыдэнта Кучынскі пачаў набіраць вагу. Стаў памочнікам прэзыдэнта па асобых даручэньнях — дырэктарам дэпартамэнту па гуманітарнай дзейнасьці. Быў абсалютна адданы Лукашэнку. А ягоныя словы пра гатоўнасьць пры патрэбе абараняць прэзыдэнта з гранатамётам у руках паўтарала ўся краіна. Пазьней, дарэчы, журналісты пацікавіліся:

«Калі раптам у Беларусі будзе „каляровая рэвалюцыя“, дзе возьмеце гранатамёт?»

Кучынскі адказаў: «Міністэрства абароны, мабыць, выдасьць... Ня думаю, што мы настолькі азьвярэем, што возьмем сякеры, вілы і пойдзем кагосьці скідаць. Я супраць рэвалюцыяў. Але і супраць таго, каб ганялі апазыцыю. Хочуць сабрацца — няхай зьбіраюцца, але не парушаючы закон».

У памочніках, аднак, Віктар Францавіч доўга не затрымаўся. Кажуць, таму, што быў занадта просталінейны. Яго зноў накіравалі ў так званы парлямэнт. Тут Кучынскі паставіў своеасаблівы рэкорд — ён адзіны ў Беларусі чалавек, які быў дэпутатам 19 год запар.

Эклектычнасьць поглядаў Кучынскага ставіла ягоных суразмоўцаў у тупік.

Дзяржаўнік раптам заяўляў, што дзяржаўную ўласнасьць, якая працуе неэфэктыўна, трэба аддаць у прыватныя рукі: «Мільянэр, які купіць помнік архітэктуры, будзе сачыць за ім лепей, чым дзяржава». Зьдзівіў Кучынскі і тады, калі раптам выставіў сваю кандыдатуру як альтэрнатыву Ўладзімеру Канаплёву на пасаду старшыні Палаты прадстаўнікоў. Запомніўся і сваёй заявай аб крымінальнай адказнасьці за няправільную сэксуальную арыентацыю:

«Мая пазыцыя як дэпутата такая: усіх гэтых „блакітных“ ды іншых трэба па поўнай праграме валіць».

Такія паводзіны, падобна, ставілі ў тупік нават Лукашэнку. Неяк ён назваў Кучынскага сваім галоўным прыхільнікам у парлямэнце. Але тут жа дадаў:

«Аднак Віктар Францавіч часам такога жару тут паддае, што я нават ня ведаю, як гэта ўсё ацэньваць».

Правёўшы 19 гадоў у парлямэнце, Кучынскі раптам зьнік з палітычнай арэны. На ўсе пытаньні адказвае аднолькава: займаюся хатнімі справамі, ніякіх інтэрвію даваць не хачу.

Блізкі ягоны сябар сказаў мне: гады два Віктар пісаў начамі лісты прэзыдэнту. І адсылаў іх на Карла Маркса. Але адказу так і не дачакаўся.



9. Урал ЛАТЫПАЎ — чалавек, які паставіў Лукашэнку на ногі

Кадравы чэкіст Урал Латыпаў, якому цяпер 63 гады, фармальна ня быў у камандзе, якая вяла Аляксандра Лукашэнку да прэзыдэнцтва. Некаторыя, праўда, кажуць, што ўжо тады прафэсар Інстытуту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі дапамагаў менавіта гэтаму кандыдату ў прэзыдэнты. Але, як сапраўдны чэкіст, здолеў не засьвяціцца.

На думку міжнароднага аглядальніка Рамана Якаўлеўскага, ніхто з тых, хто пазьней далучыўся да Лукашэнкі, не зрабіў так шмат для ўсталяваньня рэжыму асабістай улады ў Беларусі, як Урал Латыпаў:

«Ягоная роля ў гэтай справе проста знакавая. Па-першае, ён — адзін з галоўных арганізатараў антыканстытуцыйнага рэфэрэндуму ў 1996 годзе. Па-другое, менавіта Латыпаў зь мінімальнымі стратамі для рэжыму „раскруціў“ сытуацыю з Драздамі. Нават матэрыяльная кампэнсацыя за гэта, паводле некаторых зьвестак, абышлася беларускім уладам усяго ў 140 тысяч даляраў. Можна гаварыць і пра трэцяе, і пра чацьвёртае... Але калі падсумоўваць, то я скажу так: гэта той чалавек, які ў велізарнай ступені паставіў Лукашэнку на ногі як кіраўніка дзяржавы».

Афіцыйна сваю працу каля Лукашэнкі спадар Латыпаў пачаў 28 лістапада 1994 году з пасады памочніка прэзыдэнта. Літаральна праз паўгода ён ужо стаў кіраўніком прэзыдэнцкага сакратарыяту — першым памочнікам. Быў міністрам замежных спраў, прычым у рангу віцэ-прэм’ера, што дадаткова падкрэсьлівала ягоную значнасьць. Працаваў дзяржсакратаром Рады бясьпекі. А скончыў кар’еру на пасадзе кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі, якой кіраваў з 12 верасьня 2001 году да 29 лістапада 2004-га.
Ягоны аднакурсьнік — Сяргей Іваноў. Той самы Іваноў, які адзін час лічыўся нават магчымым пераемнікам Пуціна, а цяпер ачольвае адміністрацыю прэзыдэнта Расеі. Так што кантакты з Масквой у Латыпава былі наўпрост
Раман Якаўлеўскі заўважае: «Для мяне дагэтуль застаецца загадкай, як Лукашэнка адпусьціў такога чалавека ў «Лукойл» на вольныя хлябы. Адпусьціць ад сябе чалавека, які столькі ведаў і ведае?! Дарэчы, пад Латыпава ў «Лукойле» стварылі спэцыяльную структуру — дарадчую раду «Лукойл-Беларусь».

А Аляксандар Фядута ў той час пракамэнтаваў адстаўку Ўрала Латыпава цытатай з Шэксьпіра: «Я ня ведаю, як гэта будзе па-беларуску, але па-расейску гэта будзе гучаць так: „Мавр сделал своё дело, мавр должен уйти“. Дарэчы, ён ня толькі зрабіў сваю справу, ён ужо, можа, нарэшце заслужыў магчымасьць адысьці ад улады. Вядома, галоўнае, што павінен быў рабіць на гэтай пасадзе спадар Латыпаў, — гэта забясьпечваць нейкі больш-менш прыстойны імідж улады. Гэтага ён ня здолеў зрабіць цалкам. А па-другое, забясьпечваць пэўную ступень ляяльнасьці з боку Расеі. Цяпер, вядома, такой ляяльнасьці ўжо ня будзе — і навошта тады такі кіраўнік адміністрацыі?»

Цікава, што літаральна за тыдзень да адстаўкі Латыпава я выпадкова сустрэў яго каля Купалаўскага тэатру. Быў час абеду. Я ішоў у рэдакцыю «Народнай волі», Латыпаў сказаў, што выйшаў на сьвежае паветра. Мы пахадзілі па сквэры хвілін 10. Размаўлялі пра розныя рэчы. Але пра свой сыход Урал Рамдракавіч не сказаў ані паўслоўца.

Латыпаў прыехаў у Беларусь пасьля заканчэньня юрфаку Казанскага ўнівэрсытэту вучыцца ў Вышэйшай школе КДБ СССР ва ўзросьце 23 гадоў. Дарэчы, ягоны аднакурсьнік — Сяргей Іваноў. Той самы Іваноў, які адзін час лічыўся нават магчымым пераемнікам Пуціна, а цяпер ачольвае адміністрацыю прэзыдэнта Расеі. Так што кантакты з Масквой у Латыпава былі наўпрост.

У Менску Латыпаў ажаніўся. Узяў дзяўчыну з даўнімі беларукімі каранямі, бацькі якой размаўляюць на роднай мове. У свой час, дарэчы, Урал Рамдракавіч публічна абяцаў загаварыць па-беларуску. Але дагэтуль не чуваць, каб ён карыстаўся мовай.

Кантракт Латыпава з «Лукойлам» скончыўся. Пасьля гэтага ён пераехаў у Маскву, дзе ачоліў адну з кіраўнічых структур «МТЗ «Рубин». Гэта — адзін з найбуйнейшых дэвэлапэраў расейскай сталіцы. А належыць ён выхадцу зь Менску Аляксандру Міляўскаму.

Кажуць, што нядаўна Ўрал Рамдракавіч вырашыў адпачыць ад будзённых спраў. Цяпер ён працуе над кнігай па міжнародным праве. У гэтай галіне спадар Латыпаў сярод калегаў-навукоўцаў лічыцца добрым знаўцам.



10. Васіль ЛЯВОНАЎ — чалавек, які мог аддаць Лукашэнку пад суд

Васіля Севасьцянавіча Лявонава, які дасягнуў ужо 76 гадоў, некаторыя дагэтуль папракаюць: каб ня ён, Лукашэнка б ніколі ня стаў прэзыдэнтам. У сваёй кніжцы «Работа над ошибками» Васіль Лявонаў распавядае пра такі эпізод, калі ён працаваў першым сакратаром Магілёўскага абкаму КПБ:

«Яшчэ да выбараў 1989 году (Лукашэнка тады змагаўся з Кебічам на выбарах народных дэпутатаў СССР) з Лукашэнкам адбылася непрыгожая гісторыя — прыехаў у брыгаду і зьбіў абсалютна цьвярозага трактарыста, зьбіў жорстка —ботамі... Пракуратура адразу завяла крымінальную справу. Але час быў ужо ня той, чальцы партыі спаборнічалі, хто больш і мацней плюне ў партыю. І пракурор вобласьці Мікалаеў трымаў нос па ветры: а раптам Лукашэнка зь ягонай настырнасьцю трапіць у дэпутаты?.. Ён проста не перадаў справу ні ў рэспубліканскую пракуратуру, ні на разгляд абласнога савету...

Ужо калі шлі выбары, мне некалькі першых сакратароў райкамаў настойліва рэкамэндавалі націснуць на Мікалаева, каб справе ўсё ж далі ход. Але я заўсёды забараняў сабе ўмешвацца ў ход сьледзтва і судовы працэс: першы сакратар абкаму партыі — усё ж не намесьнік Бога на зямлі, каб судзіць на свой одум».
Яшчэ да выбараў 1989 году з Лукашэнкам адбылася непрыгожая гісторыя — прыехаў у брыгаду і зьбіў абсалютна цьвярозага трактарыста, зьбіў жорстка —ботамі... Пракуратура адразу завяла крымінальную справу
Зразумела, калі б адбыўся тады суд, Лукашэнка мог і ня стаць прэзыдэнтам. Прэзыдэнт аддзячыў свайму выратавальніку. Запрасіў на пасаду міністра сельскай гаспадаркі. Новы кіраўнік галіны пасьлядоўна прапаноўваў рэфармаваць сельскую гаспадарку, вызваляць яе ад камандна-адміністрацыйных мэтадаў.

А праз тры гады Лявонава пасадзілі за краты. Арыштавалі ў ягоным працоўным кабінэце, сюжэт пра гэта раз за разам круцілі па тэлебачаньні. Васіль Севасьцянавіч тлумачыць гэта тым, што не падтрымліваў ідэю лістападаўскага рэфэрэндуму 1996 году, пасьля чаго ў міністэрстве пачаліся шматлікія праверкі. Экспэрты дадаюць: паказальным арыштам Лукашэнка даваў зразумець намэнклятуры — пасаджу любога!

Экс-міністру прад’явілі абвінавачаньні па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу: «Крадзеж маёмасьці ў асабліва буйных памерах», «Атрыманьне хабару» і «Незаконнае захоўваньне баявых прыпасаў і зброі». Справу зьвязалі яшчэ і з Васілём Старавойтавым — знакамітым старшынём калгасу «Рассвет» імя Арлоўскага.

Сваёй віны Васіль Лявонаў не прызнаў. Ужо ў першай прамове ён заявіў, што лічыць сваё зьняволеньне палітычнай справай і ня верыць у справядлівасьць суду, бо судзіць яго будзе ня суд, а асабіста Лукашэнка.

Вярхоўны суд вынес вырак — чатыры гады калёніі з канфіскацыяй маёмасьці. 5 кастрычніка 2000 году Лявонава вызвалілі паводле амністыі.

Пасьля выхаду на свабоду Васіль Севасьцянавіч стаў старшынём аргкамітэту руху «За новую Беларусь», быў адной з ключавых фігураў у працэсе абраньня адзінага кандыдата ад апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах 2001 году.

Апошнім часам Васіль Лявонаў ня вельмі актыўна ўдзельнічае ў грамадзка-палітычным жыцьці: «Гэта зьбег абставінаў і разуменьне таго, што трэба займацца рэальнай справай. А проста страсаць паветра ня варта. Пра гэта кажуць і апошнія прэзыдэнцкія выбары. Дзевяць чалавек выйшлі, зладзілі паміж сабой бойку, і да сёньня працягваюць біцца».

Васіль Севасьцянавіч упэўнены: «Улада ў Беларусі — гэта праект Крамля. Гэты праект быў патрэбны Ельцыну, потым Пуціну. Але ў тым выглядзе, як Масква паставіла свае мэты, — выглядае, яны ўжо сябе вычарпалі. Таму — праект трэба мяняць. Цяпер пайшоў праект эўразійскай інтэграцыі. І гэта можа быць галоўным аргумэнтам Пуціна на наступных выбарах».



11. Іван ПАШКЕВІЧ — баптыст, які кіраваў праваслаўнай ідэалёгіяй

Івана Іванавіча Пашкевіча, якому сёлета спаўняецца 59 гадоў, найперш да месца згадаць, гаворачы пра праваслаўны характар цяперашняй беларускай дзяржавы. Няхай і непрацяглы час, але ідэалёгіяй у краіне займаўся баптыст Пашкевіч.

Ад пачатку сваёй кар’еры выпускнік факультэту журналістыкі Маскоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту пазьбягаў непасрэднай працы ў мэдыях. Памочнік першага сакратара ЦК ЛКСМБ, намесьніка міністра сельскай гаспадаркі, мітрапаліта Філарэта... Праўда, за гэты час былі і БелТА, і тэлерадыёкампанія «Мир».

У 1995 годзе Пашкевіч стаў дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня. Абіраўся ён на Століншчыне, скуль родам. Там перадаў на будоўлю праваслаўных цэркваў у вёсках Вялікае Малешава і Хотамель па 100 тысяч рублёў, а ў вёсцы Гарадная — два чэкі па 980 тысяч рублёў. На той час гэта было агулам на дзьве тысячы даляраў. Сваім коштам Пашкевіч таксама падпісаў на афіцыйную раёнку «Навіны Палесься» каля тысячы землякоў.

Рэдактар незалежнай газэты «Вячэрні Столін» Алесь Ігнацюк зьвярнуўся да чыноўніка з пытаньнем, адкуль той узяў столькі грошай. Пашкевіч адказаў, што гэта ягоная дэпутацкая дзейнасьць і таму ні царкву, ні журналістаў не павінна цікавіць, адкуль гэтыя грошы.
Генадзь Карпенка, на той час віцэ-сьпікер, неяк ня вытрымаў: выйшаў з прэзыдыюму і літаральна сілай адцягнуў няўрымсьлівага прыхільніка прэзыдэнта ад мікрафона
У парлямэнце Іван Пашкевіч, хоць уваходзіў не ў праўладную фракцыю, а далучыўся да сацыял-дэмакратаў (разам, дарэчы, зь Мечыславам Грыбам, Пятром Краўчанкам, Вольгай Абрамавай, Уладзімерам Нісьцюком ды іншымі), адразу заняў бок Аляксандра Лукашэнкі. Менавіта ён актыўна дапамагаў Лукашэнку ў 1996 годзе маніпалізаваць уладу праз прыняцьце новай рэдакцыі Канстытуцыі. Дапамагаў настолькі дэманстратыўна, што Генадзь Карпенка, на той час віцэ-сьпікер, неяк ня вытрымаў: выйшаў з прэзыдыюму і літаральна сілай адцягнуў няўрымсьлівага прыхільніка прэзыдэнта ад мікрафона.

Калі адразу пасьля другога рэфэрэндуму Вярхоўны Савет ліквідавалі, Пашкевіч зь іншымі «правільнымі» дэпутатамі перайшоў у Палату прадстаўнікоў.

А 4 лютага 1997 году быў прызначаны намесьнікам кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі, адказным за ідэалёгію. Але там Іван Іванавіч доўга не затрымаўся. На той час у яго былі складныя дачыненьні з Уладзімерам Замяталіным. Праваслаўны фундамэнталіст, як часам называлі Замяталіна, на дух не пераносіў пратэстантаў, называў іх «трасунамі», патэнцыйнымі амэрыканскімі агентамі.

Дайшло да таго, што паміж двума ідэолягамі-чыноўнікамі пачалася адкрытая лаянка ў СМІ. На той час Пашкевіч ужо здаваў пазыцыі — вярнуўся з адміністрацыі ў Палату прадстаўнікоў. І Замяталін у рангу першага намесьніка кіраўніка адміністрацыі перайшоў у наступ. У інтэрвію Інтэрфаксу ён выкрыў «сапраўдную сутнасьць Пашкевіча»: былы камсамольскі работнік Пашкевіч «убіраецца ў тогу сяброў прэзыдэнта й палітолягаў-саветолягаў». І папярэдзіў: там, дзе сьвеціцца прозьвішча Івана Пашкевіча, трэба ставіць шыльду «Асьцярожна. Пажадана не чапаць. Правакатар».

Пашкевіч на гэта адрэагаваў так: «Няма сакрэту, што адна з прычын майго звальненьня з Адміністрацыі прэзыдэнта — гэта якраз тое, што прэзыдэнт краіны зноў запрасіў на працу ў Адміністрацыю Ўладзімера Замяталіна. У гэтай сытуацыі я быў проста вымушаны падаць прашэньне кіраўніку краіны аб тым, што я ня згодзен з такой сытуацыяй і далей працаваць разам з Уладзімерам Пятровічам ня маю намеру».

Вярнуўшыся ў Палату прадстаўнікоў, Пашкевіч стаў час ад часу асьцярожна выказваць нязгоду з палітыкай улады. Тон зьмяняўся на рэзкі, калі справы тычыліся рэлігійных стасункаў. А пасьля сканчэньня дэпутацкіх паўнамоцтваў уладкаваўся на пасаду дарадцы старшыні Саюзу эвангельскіх хрысьцяін-баптыстаў. І тут на знак пратэсту супраць абыходжаньня ўладаў з пратэстанцкай царквой «Новае жыцьцё» рэзка выступіў супраць самога Лукашэнкі.

Аднак падобна, што далей за гэтую заяву сілаў на барацьбу з рэжымам у Пашкевіча не хапіла. І ён пераехаў на сталае жыхарства ў ЗША.

Там ён выдае невялічкую расейскамоўную газэту. Да Аляксандра Лукашэнкі па-ранейшаму ставіцца з павагай. Апазыцыі не прымае, бо яна, на думку Івана Іванавіча, не канструктыўная.

Апошнім часам, як кажа адзін дасьведчаны баптыст, Пашкевіч вядзе актыўную перапіску зь Менскам. Цікавіцца, якія ў яго могуць быць пэрспэктывы ў выпадку вяртаньня на Радзіму.



12. Аляксандар ПЛАСКАВІЦКІ — чалавек, які кажа, што не зламаўся

Аляксандар Пласкавіцкі, які ў наступным годзе будзе сьвяткаваць свой паўвекавы юбілей, лічыўся шэрым кардыналам лукашэнкаўскай заканатворчасьці. Ён быў кіраўніком дзяржаўна-прававой управы (ДПУ). Добраахвотная адстаўка Пласкавіцкага, а менавіта так напісана ў загадзе аб ягоным звальненьні ў чэрвені 2000 году, выклікала тады сэнсацыю.

Аляксандар Фядута адзначаў Пласкавіцкага як «маладога юрыста не бяз здольнасьцяў, але цынічнага і гатовага абгрунтаваць любы крок уладаў».

Пласкавіцкі імкліва набіраў вагу ў чыноўніцкім асяродзьдзі. Той жа Фядута пісаў: «Ён у пэўны момант ператварыўся ў фігуру амаль больш уплывовую за прэм’ер-міністра і нават кіраўніка адміністрацыі. Пласкавіцкі быў выціснуты як лімон і накіраваны ў адстаўку, з рэпутацыяй чалавека, які не патрэбны ні ўладзе, ні апазыцыі».

У інтэрвію журналістам пасьля свайго разьвітаньня з уладнымі структурамі Пласкавіцкі заявіў, што «дзеля шэрагу прычынаў немагчыма было вынікова працаваць». А таксама: «У тым выглядзе, у якім ён цяпер існуе, дзяржапарат ад гары да нізу ўпёрся ў ліміт сваіх магчымасьцяў».
Аляксандар Фядута адзначаў Пласкавіцкага як «маладога юрыста не бяз здольнасьцяў, але цынічнага і гатовага абгрунтаваць любы крок уладаў»
Дарэчы, сыход Пласкавіцкага быў карцінны: ён напісаў заяву на звальненьне, але яшчэ месяц заставаўся ў Чырвоным доме. А калі сышоў зусім, то паскардзіўся «Белорусской деловой газете», што ў яго забралі службовую кватэру.

Пасьля выхаду ў адстаўку Пласкавіцкі заняўся пісаньнем кніжак. Першая пад назваю «Бесконечность» прысьвечаная Аляксандру — не, не Лукашэнку, а Македонскаму. Такі нечаканы для ўсіх выбар героя аўтар тлумачыў так:

«Я насамрэч лічу Аляксандра Македонскага лепшым з Багоў і з герояў, якіх стварыла чалавецтва. І зь дзяцінства марыў пра яго напісаць. Раней я яшчэ вершы пісаў, усялякія навуковыя працы, артыкулы...»

Пасьля адстаўкі былы галоўны юрыст прэзыдэнта з уласнай ініцыятывы не выказваўся пра палітыку Лукашэнкі. Але журналістам у камэнтарах не адмаўляў. Так, калі летась кіраўнік дзяржавы падпісаў указ «Аб некаторых пытаньнях дзейнасьці Адміністрацыі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь», у адпаведнасьці зь якім колькасьць чыноўнікаў прэзыдэнцкай адміністрацыі мелася скараціцца на 25%, Пласкавіцкі назваў гэта «піяр-акцыяй для бабулек»:

«Тое, што я бачыў, — гэта было скарачэньне тых пасадаў, на якіх ніхто не працаваў, а таксама нейкіх віртуальных пасадаў, якія існавалі недзе збоку ў падведамных структурах. Празь некаторы час амаль усе яны ізноў вярталіся ў дзяржаўны апарат, каб ізноў напрацаваць сувязі, якія пазьней можна было б выкарыстоўваць сабе на карысьць.

Тут застаюцца два фактары: першы — гэта піяр-акцыя для бабулек і дзядулек, якія яшчэ падтрымліваюць нашага прэзыдэнта. А другое — у дзяржаўных чыноўнікаў ёсьць такі гонар: яны б не хацелі, каб іх было шмат. Таму скарачаюць нейкія нізавыя пасады, каб за гэты кошт падвысіць сабе заробак».

Пра сваё цяперашняе месца працы Аляксандар Пласкавіцкі ня кажа: «Гэта — балючая для мяне тэма. У нашай краіне ёсьць чалавек, які сказаў: „Прыпаўзе! Чакайце“. Аднак зламацца я заўжды пасьпею. Больш прыстойна перацярпець».



13. Леанід СІНІЦЫН — чалавек, які намаляваў цяперашні беларускі сьцяг

28 ліпеня Леанід Георгіевіч Сініцын адсьвяткуе сваё 60-годзьдзе. Ён адна з самых прыкметных фігураў першага лукашэнкаўскага атачэньня. Кіраўнік выбарчага штабу кандыдата Лукашэнкі за кароткі час змог стварыць эфэктыўную структуру па зборы подпісаў і вядзеньні агітацыі.

Сяргей Навумчык месяц таму надрукаваў палітычны партрэт Леаніда Сініцына: «Калі зыходзіць з таго, што Аляксандра Лукашэнку прывяла да ўлады толькі ягоная каманда — тады трэба прызнаць, што найбольшы асабісты ўнёсак у перамогу зрабіў Леанід Сініцын. Калі ж пагадзіцца са сьцьвярджэньнямі, што Лукашэнку прасоўвалі Крэмль і спэцслужбы — тады з усяго атачэньня будучага прэзыдэнта Сініцын быў найбольш прыдатнай фігурай для выкананьня гэтага пляну.

Можна ўзяць абедзьве вэрсіі — і пад кожную знойдуцца аргумэнты. Але застаецца фактам, што пасьля выбараў менавіта кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Сініцын кіраваў пабудовай „вэртыкалі“, сыстэмы ўлады, якую потым назавуць „дыктатурай“, быў арганізатарам рэфэрэндуму аб зьмене сымболікі і ўжо праз шмат гадоў пасьля свайго сыходу з палітыкі пацьвердзіў адданасьць ідэі аб’яднаньня Беларусі з Расеяй».
Не фігуральна, а літаральна прыклаў сваю руку да новай сымболікі: «Сеў і намаляваў. Хоць я і не мастак. А потым ужо мастакі аформілі ўсё ў фарбах... Лукашэнка прыняў мае эскізы за асноўныя: „Вось гэта — наша“. Таму ад аўтарства мне нікуды не схавацца»
Пасьля перамогі Сініцын ачоліў прэзыдэнцкую адміністрацыю.

«Менавіта ён падбіраў людзей на пасады ва ўрад — пачынаючы ад прэм’ер-міністра. На два гады Сініцын зробіцца ў Беларусі чалавекам № 2, ценем Лукашэнкі, своеасаблівым „шэрым кардыналам“, які ня толькі выконваў волю патрона, але вельмі часта і ініцыяваў найважнейшыя палітычныя рашэньні».

Леанід Георгіевіч не фігуральна, а літаральна прыклаў сваю руку да новай сымболікі: «Сеў і намаляваў. Хоць я і не мастак. А потым ужо мастакі аформілі ўсё ў фарбах... Лукашэнка прыняў мае эскізы за асноўныя: „Вось гэта — наша“. Таму ад аўтарства мне нікуды не схавацца».

Сініцын цудоўна разумеў, што хаваецца за пытаньнямі рэфэрэндуму. Гэта, як адзначае Сяргей Навумчык, «быў моцны, сапраўды добра разьлічаны ўдар па нацыянальным Адраджэньні, па нацыянальнай ідэнтычнасьці, удар, які паставіў беларускую мову пад пагрозу зьнікненьня, глыбока абразіў нацыянальныя пачуцьці беларусаў».

У жніўні 1995 году Сініцын саступіў месца кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Міхаілу Мясьніковічу. А сам заняў пасаду віцэ-прэм’ера.

31 ліпеня 1996 году Сініцын напісаў Лукашэнку заяву аб адстаўцы і з гэтай пасады. Прычына сыходу: «Мы па-рознаму ўспрымаем палітычную і сацыяльна-эканамічную сытуацыю ў рэспубліцы».

Трэба меркаваць, Сініцын разьлічваў на моцны эфэкт — але так з розных прычынаў не атрымалася.

«Сініцын стаў ахвярай унутрыапаратных гульняў, — лічыць Раман Якаўлеўскі. — На той час вакол Лукашэнкі набіралі сілу хітрэйшыя — Мясьніковіч, Латыпаў... А Лукашэнка быў сярод усіх як Сталін. Адных — прыўзьняў, іншых — апусьціў. Нягледзячы, ці ты зь „ленінскай“ гвардыі, ці зь якой іншай. Нейкая частка намэнклятуры, магчыма, зьвязвала зь Сініцыным пэўныя спадзяваньні на зьмены. Аднак Лукашэнка і тут усіх перайграў і паабламаў».

У Беларусі пасьля адстаўкі Леаніду Георгіевічу не было чаго рабіць. І ён паехаў у Маскву з рэпутацыяй пасьлядоўнага прыхільніка эканамічнай інтэграцыі і палітычнага саюзу Беларусі і Расеі. Таму там для яго знайшлося месца намесьніка генэральнага дырэктара Фэдэральнай фінансава-прамысловай групы Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта Расеі. Затым працаваў дарадцам у расейскіх банках, спрабаваў стварыць некамэрцыйны расейска-беларускі Фонд сацыяльна-эканамічнага супрацоўніцтва.

Ізноў Сініцын зьявіўся на беларускім палітычным гарызонце ў 2001 годзе. Як віцэ-прэзыдэнт беларускага грамадзкага аб’яднаньня «Сацыяльныя тэхналёгіі» спрабаваў уключыцца ў выбарчую барацьбу. Памятаю, тады я ўзяў у Сініцына вялікае інтэрвію для «Народнай волі». Ён крытыкаваў Лукашэнку і называў былога патрона «найбагацейшым чалавекам на тэрыторыі былога Савецкага Саюзу».

Сініцын спрабаваў прыцягнуць да сваёй выбарчай кампаніі былых паплечнікаў. Сёй-той адгукнуўся. Аднак набраць неабходныя для рэгістрацыі афіцыйным кандыдатам у прэзыдэнты сто тысяч подпісаў выбарцаў, паводле Цэнтравыбаркаму, ня здолеў.

Ізноў Сініцын сыходзіць у цень, займаецца бізнэсам. І толькі ў 2007 годзе нагадвае пра сябе, калі разам з былым дэпутатам Уладзімерам Парфяновічам выступіў зь «Менскім маніфэстам беларуска-расейскага яднаньня», у якім было заяўлена, што Беларусь павінна далучыцца да Расеі на правах «асацыяванага члена».

Апошнім часам пра Сініцына амаль нічога не чуваць — ён ізноў сышоў у цень.



14. Аляксандар Фядута — чалавек, які ня стаў Карамзіным пры Лукашэнку

Аляксандар Фядута сёлета адзначыць сваё 50-годзьдзе. А 20 гадоў таму першы сакратар ЦК Саюзу моладзі Беларусі быў самым маладым пасьля яшчэ аднаго гарадзенца — Валера Цапкалы — у камандзе Лукашэнкі. І адным з самых адукаваных. Нездарма ж Фядута ўваходзіў у так званую інтэлектуальную групу і значна дапамог кандыдату ў прэзыдэнты пры падрыхтоўцы публічных выступаў.

Збліжэньне з Лукашэнкам каштавала маладому палітыку пасады намесьніка старшыні Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці. Яго адхілілі ад рэдагаваньня партыйнага выданьня — «Центральной газеты» — з фармулёўкай: за актыўную супрацу з Аляксандрам Лукашэнкам.

Усё гэта кампэнсавала перамога Лукашэнкі — Фядуту прызначылі начальнікам управы грамадзка-палітычнай інфармацыі ў прэзыдэнцкай адміністрацыі. Але тут ён надоўга не затрымаўся. Спроба стаць беларускім Карамзіным і «просвещать монарха» плёну не дала.
Збліжэньне з Лукашэнкам каштавала пасады намесьніка старшыні Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці. Яго адхілілі ад рэдагаваньня партыйнага выданьня — «Центральной газеты» — з фармулёўкай: за актыўную супрацу з Аляксандрам Лукашэнкам
Узяў на сябе адказнасьць за зьяўленьне ў найбуйнейшых газэтах «белых плямаў» на тым месцы, дзе меўся быць надрукаваны даклад дэпутата Вярхоўнага Савету Сяргея Антончыка пра карупцыю ў атачэньні Лукашэнкі. Выхад газэт з пустым месцам на старонках адназначна ацанілі як увядзеньне ў краіне палітычнай цэнзуры. Неўзабаве Фядута сышоў у адстаўку. Блізкасьць да Сініцына ўжо не была перавагаю ў вачах Лукашэнкі. А тут яшчэ да ідэалёгіі падбіраўся больш дасьведчаны і мацёры Замяталін.

Падобна, малады рамантык трапіў ня ў тую кампанію. Як высьвятляецца, каманда «маладых ваўкоў» ужо тады не была адзінай. Цяпер гэта прызнае і сам Фядута:

— Аляксандар Ёсіфавіч, у 1994 годзе шмат у каго было адчуваньне, што прыйшла новая каманда, што адбудуцца зьмены ў кіраваньні дзяржавай. У вачах каманды маладога прэзыдэнта бачыўся агонь. Ці ня так?

— Адчуваньне было, агонь быў, каманды не было.

— Гэта як?

— Прэзыдэнт не гаварыў усёй праўды пра свае пляны нават найбліжэйшаму колу — такім, напрыклад, людзям, як Леанід Сініцын, прынамсі, ён яўна шмат чаго не дагаворваў. Не кажу ўжо пра больш аддаленых пэрсонаў, да ліку якіх можна аднесьці і мяне. Не было агульнай мэты. То бок да выбараў яна была, а пасьля — не. Пачаліся інтрыгі. То Ціцянкоў змагаецца з Ганчаром, то Шэйман выціскае Фядуту, то сам прэзыдэнт арганізуе без усялякіх папярэджаньняў ракіроўкі.

— На тое ён і кіраўнік дзяржавы.

— Яго права, яго паўнамоцтвы — сумневу няма. Але ж нельга працаваць, калі няма выразна сфармуляванай мэты. Узурпацыя паўнамоцтваў мэтай быць ня можа ў любым выпадку. Гэта — інструмэнт. Але інструмэнт для чаго? Так што агонь агнём, але вельмі хутка засталіся толькі сажа і попел.

Пасьля адстаўкі — праца ў незалежных мэдыях: БДГ, «Имя», «Народная Воля», уласны карэспандэнт папулярнай газэты «Московские новости»... Плюс грамадзкія і палітычныя арганізацыі — «Беларуская пэрспэктыва», «Сацыяльныя тэхналёгіі».

У апошнюю прэзыдэнцкую кампанію Аляксандар Фядута пайшоў разам з Уладзімерам Някляевым. Як да гэтага хадзіў з Аляксандрам Лукашэнкам і Леанідам Сініцыным. Праўда, гэтым разам «дахадзіўся» аж да «амэрыканкі».

Выйшаў на волю. Вярнуўся да Някляева ў «Гавары праўду». А напрыканцы 2012 году нечакана для многіх пакінуў арганізацыю. Праўда, папрасіў не шукаць у гэтым прыхаванага падтэксту:

«Я ўжо год не магу выконваць свае абавязкі (намесьніка Някляева) у сувязі з прафэсійнай занятасьцю, а таксама ўзмоцненай працай па завяршэньні доктарскай дысэртацыі. Дый здароўе пакідае жадаць лепшага», — напісаў Аляксандар у сваім Жывым журнале. Ён застаецца прыхільнікам Някляева і «гатовы ўзяць пасільны ўдзел у яго прэзыдэнцкай кампаніі, калі ён вырашыць балятавацца ў 2015 годзе. Іншага кандыдата я па-ранейшаму ня бачу. І зь іншым кандыдатам у прэзыдэнты я працаваць ня буду».

Апошнім часам Аляксандар Фядута знаходзіцца пераважна ў Кіеве. Хоць час ад часу і прыяжджае ў Менск.



15. Валер ЦАПКАЛА — чалавек, які знайшоў сябе ў «Крэмніевай даліне»

Найбольшы дэфіцыт у групе, якая вяла Лукашэнку да ўлады, быў на дыпляматаў. Таму 29-гадовага амбітнага Валера Цапкалу тут прынялі з шырокімі абдымкамі.

За плячыма маладога дыплямата на той час быў славуты МГИМО — Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных дачыненьняў, асьпірантура, праца на катэдры, у амбасадзе СССР у Фінляндыі. Аднак Савецкі Саюз распаўся, давялося вяртацца ў Беларусь. У МЗСе служба ня склалася. Пашанцавала, што Станіслаў Шушкевіч забраў да сябе дарадцам. «Сьпіхнулі» Шушкевіча — перайшоў дарадцам да Івана Каратчэні, выканаўчага сакратара СНД.

А тут якраз і падасьпелі прэзыдэнцкія выбары. У штабе Лукашэнкі Цапкала мог гадзінамі расказваць пра «азіяцкіх тыграў», прапагандаваць эканамічную мадэль Сынгапуру, Ганконгу, Тайваня, Паўднёвай Карэі. Пазьней пад узьдзеяньнем гэтых расказаў у Менску адкрылі Тайбэйскую гандлёва-эканамічную місію. Марылі атрымаць вялікі крэдыт, называлася лічба ў два мільярды даляраў. Цапкала падключыў да праекту Сініцына. Аднак гэты плян лопнуў.

У МЗС Цапкала вярнуўся пераможцам: сыходзіў адтуль дробным клеркам, вярнуўся першым намесьнікам міністра. Малады, сымпатычны, халасты. Часам падмяняў міністра Антановіча на брыфінгах. Дзяўчаты-журналісткі любілі пажартаваць. Памятаючы, што Валеры па бацьку Вільямавіч, задавалі пытаньне так:

«Валеры Шэксьпіра... прабачце, Вільямавіч, скажыце, калі ласка...»

У 1997 годзе Цапкала атрымаў прызначэньне амбасадарам у Злучаныя Штаты Амэрыкі. Тады жартавалі: каб паехаць у ЗША, Валеру давялося тэрмінова ажаніцца. Сапраўды, з савецкіх часоў халастых амбасадараў, ды яшчэ ў ЗША, ніколі не накіроўвалі. Як бы там ні было, але малады дыплямат сапраўды пабраўся шлюбам перад самым ад’ездам у Вашынгтон.
Дзяўчаты-журналісткі любілі пажартаваць. Памятаючы, што Валеры па бацьку Вільямавіч, задавалі пытаньне так: «Валеры Шэксьпіра... прабачце, Вільямавіч, скажыце, калі ласка...»
Некаторыя кажуць, што ў ЗША Цапкала нічым сябе не праявіў. Гэта праўда. Але ня будзем забывацца — на той час стасункі паміж Менскам і Вашынгтонам былі настолькі сапсаваныя, што і больш дасьведчанаму дыплямату цяжка было б іх рэальна палепшыць. А як пісала БДГ, «сьведкі знаходжаньня Цапкалы ў Вашынгтоне кажуць: на ўсялякія сустрэчы-прыёмы ён заўжды насіў з сабою каталёг зброі (не „С-300“, вядома, а так — стралковай) і ўсім прапаноўваў набываць зброю ў Беларусі».

Празь пяць год малады дыплямат вярнуўся ў Менск на пасаду памочніка кіраўніка дзяржавы. І пачаў расказваць свайму патрону пра «Крэмніевую даліну» ў Каліфорніі. Гэтыя размовы скончыліся прызначэньнем Цапкалы дырэктарам менскага Парку высокіх тэхналёгіяў. І вось, падобна, нарэшце чалавек знайшоў сябе, амаль дзесяць гадоў аддаецца гэтай справе.

Але «азіяцкія тыгры» па-ранейшаму застаюцца пры ім, як успамін пра першае каханьне. Летась Цапкала даў інтэрвію «Советской Белоруссии». І зноў тая ж прапанова — вучыцца ў Сынгапура.



16. Іван ЦІЦЯНКОЎ — чалавек, які разадраў бел-чырвона-белы сьцяг

У багатай біяграфіі прэзыдэнцкага заўгаса ёсьць адметная старонка, якая надоўга застанецца ў памяці нашчадкаў. 16 траўня 1995 году, калі вынікі рэфэрэндуму наконт мовы і сымболікі яшчэ не набылі законнай сілы, Іван Ціцянкоў дэманстратыўна разарваў дзяржаўны бел-чырвона-белы сьцяг, узьняўшы замест яго над рэзыдэнцыяй прэзыдэнта чырвона-зялёны.

Вось як тады пісала пра гэта газэта «Свабода»: «Гэта адбылося на даху прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі (будынак былога ЦК КПБ). Беларускае тэлебачаньне, якое рабіла адтуль рэпартаж, не паказала гэтыя кадры. Ціцянкоў цынічна ставіць свае аўтографы (а таксама піша дату і час) на бел-чырвона-белых палосах разарванага сьцяга. На відэастужцы разам зь Ціцянковым зафіксаваныя некалькі ўдзельнікаў гэтай ганебнай акцыі. Чуваць таксама іхная размова:

— Ну, если это Позняк увидит...

— Пусть он задушится!»

Самаўпэўнены, грубаваты Іван Іванавіч Ціцянкоў апошнім часам значна зьмяніўся. Летась, як казаў мне яго блізкі сваяк, даволі сьціпла адсьвяткаваў свой 60-гадовы юбілей. Віншаваньняў ад Аляксандра Лукашэнкі з гэтай нагоды ён не дачакаўся. А быў час, калі менавіта Ціцянкоў лічыўся адной з самых набліжаных да Лукашэнкі фігураў — прэзыдэнцкім заўгасам.

Юрась Беленькі, які быў, як і Ціцянкоў, дэпутатам Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, распавёў мне, што пазнаёміўся зь ім завочна яшчэ ў 1984 годзе:
Калі пачаліся размовы пра ўвядзеньне прэзыдэнцтва, Ціцянкоў добраахвотна саступіў Лукашэнку. І пачаў працаваць на яго
«Я працаваў рэвізорам КРУ і рабіў рэвізію ў Краснапольскім раёне. А ён быў там першым сакратаром райкаму партыі. Я зачапіў два моманты. Абодва дастаткова сур’ёзныя, якія цягнулі на крыміналку. І раптам мяне прызываюць у войска. Я вельмі зьдзівіўся — афіцэр запасу, сакавік... Не бяруся абсалютна сьцьвярджаць, што гэта было зьвязана зь Ціцянковым, але давесьці да канца рэвізію мне не далі, акт скласьці — таксама. Тэрмінова адклікалі ў Магілёўскую КРУ, дзе я тады працаваў, і накіравалі ў войска.

Пасьля, калі мы былі ў парлямэнце, я заўважыў — ён да мяне заўжды ставіўся зь нейкай асьцярогай. Ціцянкоў часта паводзіў сябе груба, асабліва з дэпутатамі ад апазыцыі. А калі бачыў мяне, змаўкаў, і яго вочы рабіліся нейкімі палахлівымі».

Лукашэнка і Ціцянкоў — з Магілёўшчыны. Фармальна Іван Іванавіч да Вярхоўнага Савету значна пераўзышоў Аляксандра Рыгоравіча. Як-ніяк, першы сакратар райкаму — гэта не дырэктар саўгасу. Але калі пачаліся размовы пра ўвядзеньне прэзыдэнцтва, Ціцянкоў добраахвотна саступіў Лукашэнку. І пачаў працаваць на яго.

Кандыдат у прэзыдэнты гэта ацаніў. І вылучыў Ціцянкова на першыя ролі ў сваёй камандзе. Толькі Ціцянкоў ды Шэйман былі побач з Лукашэнкам 17 чэрвеня 1994 году пад Лёзнам у машыне, якая належала, дарэчы, дэпутату Ціцянкову. І якую нібыта абстралялі невядомыя на «Мэрсэдэсе».

Усе падрабязнасьці той справы дагэтуль ня высьветленыя. Але існуе вэрсія, што гэта была інсцэніроўка, якая дала кандыдату Лукашэнку мноства галасоў на выбарах. Маўляў, гэта ж чортава ўлада спрабавала забіць барацьбіта за справядлівасьць і простых людзей. Проста ёй гэтым разам не пашанцавала.

Пасьля перамогі на выбарах Ціцянкову далі пасаду кіраўніка спраў прэзыдэнцкай адміністрацыі. Вельмі хутка да яго прыліпла мянушка — прэзыдэнцкі заўгас.

Тое, як Ціцянкоў пачаў сябе паводзіць, зьдзівіла ўсіх. «Бесшабашным захопнікам уласнасьці» называе Ціцянкова Раман Якаўлеўскі: «Пачаўся перадзел уласнасьці. І тое, як гэта рабіў Іван Іванавіч, прымушала атарапець. Без аніякіх правілаў! Раней ня ведалі такога слова — „рэйдэрскі“. Але гэта быў насамрэч рэйдэрскі захоп уласнасьці. А валоданьне ўласнасьцю — гэта і ёсьць прыкмета ўлады».

У розных выданьнях тых гадоў пісалася: Ціцянкоў стварыў гандлёвую імпэрыю, якая кантралявала ўсе таварныя патокі, што ішлі з Захаду празь Беларусь у Расею. Кіраўніцтва спраў у рознай ступені мела дачыненьне да такіх «хлебных» рэчаў, як энэргазалікі, гарэлка, лес, нерухомасьць... Імя Ціцянкова прагучала ў большасьці гучных скандалаў сярэдзіны і канца 1990-х гадоў — такіх, як гандлёвыя махінацыі фірмы «Торгэкспа» ці фонду імя Эсамбаева. Лічыцца, што гэта ён забясьпечваў ім незвычайна выгадныя ўмовы працы ў Беларусі. Экспэрты ацэньваюць тыя махінацыі ня менш як на мільярд даляраў.

У жыцьці Івана Іванавіча было ўсё добра да 1999 году. Абсалютна нечакана ён, паводле афіцыйных дакумэнтаў, на ўласнае жаданьне сышоў з пасады.

Раман Якаўлеўскі лічыць: ніякага ўласнага жаданьня не было: «Лукашэнка яго элемэнтарна звольніў. І не таму, што ўбачыў у ім (як, дарэчы, пазьней і ў Канаплёву) небясьпеку для сябе. Проста яны пачалі набіраць лішнюю вагу. І Лукашэнка вырашыў зрабіць ратацыю сваёй бізнэс-структуры. Яе кіраўнікі пасьля Ціцянкова пачалі зьмяняцца даволі хутка. А Ціцянкоў „падавіўся“ маёмасьцю, якую ён захапіў».

Ціцянкоў зьехаў у Маскву. Там спачатку працаваў у кампаніі «Ітэра», пасьля адкрыў уласны бізнэс — у будаўнічай сфэры. Неяк Іван Іванавіч паспрабаваў пакрытыкаваць Лукашэнку. Нават заявіў: «Беларусь ня тое што не прасунулася да дэмакратыі, а больш за тое — у Беларусі паўтараецца 37 год!» Але гэты парыў хутка згас.

Каля трох год таму Ціцянкоў вярнуўся ў Менск. Спрабаваў адкрыць прыватны банк. Але з гэтага нічога не атрымалася. Цяпер служыць у прыватнай фірме. Аднак публічна нідзе не засьвечваецца. Ад размоваў з журналістамі адмаўляецца.



17. Міхаіл ЧЫГІР — першы прэм’ер

Ва ўзросьце 46 год Міхаіл Чыгір стаў першым кіраўніком ураду пры Лукашэнку. На той момант ён скончыў беларускі наргас і завяршыў вучобу на спэцфакультэце па міжнародных эканамічных дачыненьнях пры Маскоўскім фінансавым інстытуце.

Фінансы і сталі галоўнай сфэрай ягонай працы. Пачынаў эканамістам раённага ўпраўленьня Дзяржбанку, а з 1991 году ўжо кіраваў «Белаграпрамбанкам». За вочы яго часам называлі «капыльскім касірам».

«Белаграпрамбанк» і вывеў Чыгіра на прэм’ерскую арбіту — упэўнены эканаміст Леанід Заіка: «Чыгір ведаў сытуацыю ва ўсіх рэгіёнах — аддзяленьні „Белаграпрамбанку“ дзейнічалі ў кожным раёне. У ягоным банку трымалі грошы калгасы і саўгасы. І таму разважалі так: ён дзяліў грошы, ведаў, дзе што робіцца. Дый наагул Чыгір — добры гаспадарнік.

Хоць былі і іншыя прэтэндэнты. Так, на першым сходзе каманды пераможцаў была спроба самавылучэньня на пасаду прэм’ера. Устаў Віктар Цярэшчанка і пачаў выкладаць сваю біяграфію...

Але ня ўсе былі з такімі амбіцыямі. Напрыклад, доктару навук, прафэсару Пятру Капітулу, які быў у камандзе, прапанавалі пасаду міністра працы і сацыяльнай абароны насельніцтва. І доктар навук адмовіўся: сказаў, для гэтага трэба валодаць большым дыяпазонам ведаў.
Я б назваў першы ўрад „камандай перапуду“. Уладу ўзялі, а далей страх — што зь ёй рабіць?
Я б назваў першы ўрад „камандай перапуду“. Уладу ўзялі, а далей страх — што зь ёй рабіць?»

Міхаіл Чыгір казаў мне, што тады меркаваў: стану, як цяпер бы сказалі, тэхнічным прэм’ерам. То бок — выключна эканамічная сфэра без палітычных пытаньняў. Гэта ж быў выключна цяжкі час — карткавая сыстэма, недахоп валюты, рост цэнаў, пагроза адключэньня газу...

Вось тут Міхаіл Мікалаевіч і пралічыўся, недаацаніў амбіцыяў маладога прэзыдэнта. І калі першы рэфэрэндум прайшоў як бы міма Чыгіра, то з надыходам другога ўжо ніхто не хацеў займацца эканомікай. Усе перакінуліся на перагляд Канстытуцыі, якая значна пашырала прэзыдэнцкія паўнамоцтвы. На знак пратэсту кіраўнік ураду сышоў у адстаўку«.

Сумленны і даверлівы чалавек пралічыўся другі раз. Тагачасны міністар працы Аляксандар Сасноў распавядае: «За дзень-два да адстаўкі я сяджу ў кабінэце Чыгіра. Ведалі, што яго праслухоўваюць. І таму перакідваемся запіскамі. Ён піша: размаўляў з прэзыдыюмам ураду. Абяцалі падтрымаць. Я пішу: упэўнены, што буду адзіным, хто да цябе далучыцца.

Пасьля я паехаў да трох міністраў, каго добра ведаў: аховы здароўя — Драбышэўскай, замежных спраў — Сянько і працы — Шымава. Вынік — нулявы. Так і сышлі — Чыгір, я і намесьнік Сянько Саньнікаў».

Пакуль адстаўны кіраўнік ураду займаўся бізнэсам, улады яго не чапалі. Але ў 1999 годзе Віктар Ганчар надумаў праводзіць так званыя альтэрнатыўныя прэзыдэнцкія выбары. Падстава для гэтага была. Лукашэнка абіраўся ў 1994 годзе на пяць гадоў. Але калі ў 1996 годзе перакраілі Канстытуцыю, адлік ягонага прэзыдэнцкага тэрміну пачалі ад гэтай даты.

Чыгір пагадзіўся, як, дарэчы, і Зянон Пазьняк. Адразу ж супраць былога прэм’ера ўзбудзілі крымінальную справу, пасьля — супраць ягонай жонкі Юліі Станіславаўны, якая нібыта ўкусіла за вуха нейкага міліцыянта. У багажніку машыны старэйшага сына знайшлі патроны. Той, разумеючы, з кім мае справу, тэрмінова зьехаў у Нямеччыну. Малодшы застаўся і быў арыштаваны за гандаль нібыта крадзенымі дэталямі аўтамабіляў.

Самога экс-прэм’ера арыштавалі 30 сакавіка 1999 году, хоць да гэтага часу ён ужо сабраў 120 тысячаў подпісаў выбарцаў. На наступны дзень Ганчар зарэгістраваў Чыгіра кандыдатам у прэзыдэнты.

Суд вынес вырак — тры гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на два гады. Многія экспэрты тады заявілі пра палітычны характар ягонай крымінальнай справы.

Апошнія гады Міхаіл Чыгір цураецца публічнага жыцьця. Кажа, што шмат часу праводзіць на пчальніку. Пераменаў да лепшага ў краіне ён не чакае. «Для глябальных пераменаў патрэбныя інвэстыцыі і структурная перабудова, чаго ў Беларусі няма», — канстатуе ён.

Міхаіл Чыгір быў першым прэм’ерам пры Лукашэнку. Яго зьмяніў Сяргей Лінг. Лінга — Уладзімер Ярмошын. Ярмошына — Генадзь Навіцкі. Навіцкага — Сяргей Сідорскі. Сідорскага — Міхаіл Мясьніковіч. Прэм’ераў ужо — шэсьць. І над кожным зь іх як стаяў, так па-ранейшаму і стаіць Лукашэнка, адзін-адзінюткі. І так ужо дваццаць гадоў!



18. Віктар ШЭЙМАН — самы верны паплечнік

Віктар Шэйман, якому ў траўні споўнілася 56 гадоў, асоба ўнікальная. Ён адзіны чалавек зь першай каманды Лукашэнкі, які дагэтуль застаецца зь ім побач. Сышлі Сініцын, Ціцянкоў, Канаплёў, Кучынскі, Фядута...

Юрась Беленькі, які памятае Шэймана па Вярхоўным Савеце 12 скліканьня, так тлумачыць гэты фэномэн:

«Калісьці Лукашэнка назваў Прымакова сваім настаўнікам. Пра гэта людзі прызабыліся. Але Прымакоў, калі Лукашэнка пра яго казаў, узначальваў службу зьнешняй выведкі Расеі. І гэта ключавы момант. Гэта — адказ на ўсе пытаньні.

Калі Лукашэнка ішоў да ўлады, мы мелі інфармацыю пра яго таемныя сустрэчы з «Славянскім саборам „Белая Русь“, генэралам Івановым, які тады ачольваў Саюз афіцэраў, генэралам КДБ Тозікам...

На гэты момант усе тыя людзі, якія стваралі антураж вакол Лукашэнкі, кшталту Ціцянкова, Сініцына, Лябедзькі, ужо непатрэбныя. Застаўся толькі адзін чалавек, які, як я думаю, ужо тады быў „у тэме“. Гэта галоўны момант. Астатняя каманда, магчыма, не была ў курсе ўсіх гэтых спраў, то бок ня ведала, што асноўным гульцом на беларускай палітычнай сцэне былі расейскія спэцслужбы».

Спадар Беленькі працягвае: «Цяпер на ўсё трэба глядзець праз прызму Ўкраіны. Зараз, калі ідзе агрэсія, вылезла ўся расейская агентура. Былы дарадца Пуціна Іларыёнаў кажа, што Чарнавола (кіраўніка Ўкраінскага Народнага Фронту) зьнішчылі расейскія спэцслужбы. Мы ведалі, што падобны лёс чакаў і Пазьняка — было створана спэцпадразьдзяленьне пад эгідай Шэймана. І гэта толькі пацьвярджае — галоўным гульцом на нашай палітычнай сцэне ёсьць спэцслужбы Расейскай Фэдэрацыі».

Злавесны шлейф цягнецца за Шэйманам ад 1999 году, калі ў яго бытнасьць дзяржсакратаром Рады бясьпекі зьніклі безь сьлядоў Юры Захаранка, Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі. Пазьней «Народная Воля» надрукавала рапарт намесьніка міністра ўнутраных спраў Мікалая Лапаціка на імя міністра Ўладзімера Навумава. Вось фрагмэнт гэтага дакумэнту (цытуецца на мове арыгіналу):

«Шейман В.В. дал указание Павлюченко физически уничтожить бывшего министра внутренних дел Захаренко Ю.Н. Информационное обеспечение местонахождения Захаренко для действий Павлюченко было обеспечено спецподразделением Васильченко Н.В., задание на которое ему также дал Шейман В.В. через своих сотрудников. Акцию захвата и последующего уничтожения Захаренко было произведено Павлюченко, командиром роты СОБРа, и командиром 1-й роты спецназа и четырьмя его бойцами. 8 мая 1999 года пистолет Павлюченко сдал Алкаеву. По аналогичной комбинации 16 сентября 1999 года Павлюченко провел акцию захвата и уничтожения Гончара В.И. и Красовского А.С. Место захоронения трупов Захаренко Ю.Н., Гончара В.И., Красовского А.С. спецучасток последних могил на Северном кладбище».

Кампрамат на Шэймана друкаваў у сваім блогу палітэмігрант Алег Алкаеў. Там быў зьмешчаны рапарт былога міністра ўнутраных спраў Уладзімера Навумава на імя Аляксандра Лукашэнкі. Навумаў паведамляе пра грамадзянскую жонку Шэймана Саўчанку, якая нібыта купіла сабе дыплём аб вышэйшай адукацыі, а таксама набыла некалькі кватэр і катэджаў у Менску і Менскім раёне.

Прыводзіцца таксама расшыфроўка тэлефонных размоваў, якія, калі верыць публікацыі, Шэйман вёў з дырэктарам рынку «Ждановічы» Яўгенам Шыгалавым, ужо нябожчыкам. Гэта было якраз у той час, калі супраць Шыгалава распачалі крымінальную справу. Лічыцца, што гэтыя зьвесткі Алкаеў мог атрымаць ад уцекача — капітана Дудкіна, колішняга памочніка міністра Навумава.

Пры Лукашэнку Шэйман займаў самыя розныя пасады — дзяржсакратар Рады бясьпекі, генэральны пракурор, кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта, памочнік прэзыдэнта па асобых даручэньнях. Ад студзеня 2013 году — кіраўнік спраў прэзыдэнта.

Аляксандар Фядута ў свой час напісаў, што Шэйман мяняе пасады, але не мяняе ўплыву. На якую б пасаду ён ні прыйшоў, яна становіцца ўплывовай. Бо ягоны кантакт з Лукашэнкам на любой пасадзе застаецца вельмі цесным.



19. Павал Якубовіч — самы галоўны з усіх галоўных рэдактараў

Павал Якубовіч, якому ўвосень будзе 68 гадоў, па-ранейшаму рэдагуе галоўную прэзыдэнцкую газэту.

Журналіст Раман Якаўлеўскі адзначае: «Колькі гадоў Лукашэнка прэзыдэнт, столькі гадоў Якубовіч рэдагуе ягоную газэту. Я б аднёс Якубовіча да групы Латыпава, тых нямногіх людзей пры прэзыдэнце, якія спадзяваліся „просвещать монарха“. І калі зыходзіць з гэтага, то тут так і напрошваецца паралель: Сталін і Бухарын — Лукашэнка і Якубовіч».

У 1977 годзе Якубовіч пачаў працаваць у моладзевай газэце «Знамя юности». Тут ён даволі хутка зрабіў сабе імя на спартовых матэрыялах і фэльетонах. Лібэральнага некалі журналіста апазыцыя лічыць адной з апораў цяперашняга рэжыму.

Журналіст Леанід Міндлін так тлумачыць гэтыя мэтамарфозы: «Якубовіч зрабіў свой выбар. І зрабіў яшчэ да таго, як Лукашэнка стаў прэзыдэнтам. І гэтага выбару ён прытрымліваецца. Нашы пазыцыі дыямэтральна разыходзяцца.

Якубовіч не адышоў ад Лукашэнкі ў самыя крызісныя для кіраўніка дзяржавы часы. На гэтым і стаіць.
Я б аднёс Якубовіча да групы Латыпава, тых нямногіх людзей пры прэзыдэнце, якія спадзяваліся „просвещать монарха“. І калі зыходзіць з гэтага, то тут так і напрошваецца паралель: Сталін і Бухарын — Лукашэнка і Якубовіч
Раман Якаўлеўскі
Часам па-ранейшаму спрабуе паказаць сябе лібэралам. І гэта асабліва бачна ў праграме „Клюб галоўных рэдактараў“ на Першым беларускім тэлеканале. Тут Якубовіч у сваёй стыхіі. І ён дае зразумець, што не Давыдзька, які кіруе гэтым каналам і вядзе праграму, а Якубовіч — галоўны з усіх галоўных рэдактараў у гэтай сыстэме. Сярод мноства дурасьці, якая гучыць у гэтай праграме, у Якубовіча час ад часу прарываюцца разумныя рэчы.

Якубовіч — не артадокс. Ён зрабіў свой выбар. І мяняць яго ня будзе. Ня ведаю, ці ў сілу перакананьняў, але хоць бы ў сілу ўзросту».

Сам Якубовіч у інтэрвію БелаПАН так тлумачыў сваё доўгажыхарства на адказнай пасадзе: «Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка цэніць прафэсіяналаў. Таму я і застаюся на рэдактарскай пасадзе вось ужо велізарны па адміністратыўных мерках тэрмін... Кожны дзень Аляксандар Рыгоравіч чытае газэту, і таму ніхто да яго ня можа ўламіцца, размахваючы чарговым нумарам, з крыкам: „Паглядзіце, што дазваляе сабе гэты Якубовіч!“ Аляксандар Рыгоравіч сам чытае і сам робіць высновы. А чытач ён вельмі крытычны і кампэтэнтны. Дай Бог кожнаму рэдактару, каб у яго быў такі заснавальнік-чытач».

Такое ўражаньне, што «СБ» робіцца выключна для аднаго чытача, — кажа лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. — А нам бы хацелася, каб у выданьні, якое робіцца на грошы падаткаплатнікаў, былі прадстаўленыя розныя погляды: «Мы афіцыйна, зараз я не скажу, колькі гэта было дакладна разоў, але не адзін і ня два, зьвярталіся ў „Советскую Белоруссию“, менавіта да Паўла Ізотавіча, з прапановай — даць нам месца на старонках, каб выкласьці сваё бачаньне разьвіцьця Беларусі. Мы прапаноўвалі канкрэтныя рэчы — нашы напрацоўкі па антыкрызісных праграмах і па асобных аспэктах эканомікі. Гэта было як мінімум 6–7 разоў.

У выніку атрымалася так — пра нас пісалі, але ніводнага разу нам не далі магчымасьці самім выказаць сваю пазыцыю. Пісалі пра нас, але бяз нас. Думаю, што такую журналістыку цяжка назваць дэмакратычнай».

«Крытычны і кампэтэнтны чытач» адзначыў заслугі Паўла Якубовіча. Ён быў прызначаны чальцом Савету Рэспублікі менавіта па прэзыдэнцкай квоце. Якубовіч — заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, узнагароджаны ордэнам Гонару.




20. Усевалад ЯНЧЭЎСКІ — самая маладая давераная асоба Лукашэнкі

У 1994 годзе 18-гадовы Ўсевалад быў, мабыць, наймаладзейшай даверанай асобай кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнкі. Але ўжо ў наступным годзе, калі адбываліся выбары ў Вярхоўны Савет 13 скліканьня, Янчэўскі стаў чальцом выбарчага штабу Станіслава Шушкевіча.

Усевалад вучыўся на юрфаку БДУ па спэцыяльнасьці «Палітыка і дзяржаўнае кіраваньне» і актыўна займаўся грамадзкай дзейнасьцю. Уступіў у партыю «Славянскі Сабор «Белая Русь». З 1997 па 2001 год ачольваў «Беларускі патрыятычны саюз моладзі» — грамадзкую арганізацыю, якую стварылі для падтрымкі Лукашэнкі. Як жартуюць, БПСМ — гэта «тата» цяперашняга БРСМ, Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі.

Раман Якаўлеўскі, згадваючы пачатак ідэалягічнай кар’еры Янчэўскага, адзначае:

«Яго прыкмеціў Замяталін, які тады кіраваў ідэалёгіяй. У іх былі агульныя погляды на славянскія карані, славянскую выключнасьць. Пад патранатам Уладзімера Пятровіча ён пачаў набіраць вагу».

У 2000 годзе Янчэўскага абралі дэпутатам Палаты прадстаўнікоў другога скліканьня. Памятаю, што прозьвішча Янчэўскага гучала пераважна ў тых выпадках, калі гаварылі пра дэпутатаў, якія найчасьцей прапускалі пленарныя паседжаньні.
Я магу сказаць так: параўнальна зь яшчэ адным ідэолягам Аляксандрам Радзьковым Янчэўскі выглядае, не хачу гаварыць „больш сымпатычным“, — больш пераканаўчым
Раман Якаўлеўскі
У афіцыйнай інфармацыі пра гэтыя гады Ўсевалада Янчэўскага значыцца, што ён быў сябрам дэпутацкай групы «Сябры Баўгарыі». У Палаце прадстаўнікоў гэта была самая вялікая дэпутацкая група, калі параўноўваць з аналягічнымі групамі сяброў зь іншымі краінамі. Чаму? Нехта пусьціў чутку, што абсалютна кожны чалец «баўгарскай» групы абавязкова за час кадэнцыі зьезьдзіць у Баўгарыю. Дэпутаты павалілі ў групу валам.

А вось у Слуцкай выбарчай акрузе, якую Ўсевалад прадстаўляў у Палаце прадстаўнікоў, пра яго дагэтуль захаваліся добрыя ўражаньні, асабліва сярод жанчын. Штогод да 8-га сакавіка Янчэўскі пасылаў жанчынам віншавальныя паштоўкі. А на сьвяточных канцэртах у Доме культуры прадстаўніцы лепшай паловы чалавецтва атрымлівалі ад свайго дэпутата гвазьдзікі.

У 2007 годзе Янчэўскага прызначылі першым намесьнікам начальніка галоўнай ідэалягічнай управы прэзыдэнцкай Адміністрацыі. А ўжо на наступны год Ўсевалад ачоліў управу, спалучаючы гэтую пасаду з абавязкамі памочніка прэзыдэнта.

Неўзабаве пасьля гэтага Янчэўскі і зрабіў гучную заяву пра неабходнасьць «разумнага рэгуляваньня інтэрнэту»: «Пад перасьлед павінен трапляць крымінальны зьмест, а не альтэрнатыўная думка».

Раман Якаўлеўскі кажа, што Ўсевалада Янчэўскага называюць «адной са сьветлых галоваў у адміністрацыі»: «Зразумела, што ён разумны чалавек. У сёлетнім пасланьні Лукашэнкі да народу і Нацыянальнага сходу мы нечакана пачулі словы пра цярпімасьць, разнадумства. Кажуць, яны трапілі ў прэзыдэнцкі тэкст з падачы Янчэўскага.

Я магу сказаць так: параўнальна зь яшчэ адным ідэолягам Аляксандрам Радзьковым Янчэўскі выглядае, не хачу гаварыць „больш сымпатычным“, — больш пераканаўчым».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG