Дзяцей з поўначы Расеі адправілі на мора, а па вяртаньні пачалася чарада самагубстваў. Гэта сюжэт новага раману Сашы Філіпенкі «Вяртаньне ў Астрог». У вялікай размове са Свабодай аўтар разважае пра наступствы дабрыні і як выратаваць пасланьне будучым пакаленьням, якое мы залілі дзярмом.
«Вяртаньне ў Астрог» — дакумэнтальны раман. Першая прэзэнтацыя ў Менску — абавязковая для Сашы традыцыя. Яна прайшла 8 лютага ў галерэі «Ў».
«Калі ты ня можаш дапамагчы сабе, пачні дапамагаць іншым»
— Ідэю раману ты прыдумляеш за хвіліну — досыць пачуць гісторыю, якая чапляе. Зь якой гісторыі пачалося «Вяртаньне ў Астрог»?
— Я даведаўся пра яе, яшчэ калі «Чырвоны крыж» пісаў. На поўначы Расеі дзяцей адправілі на мора, а потым пачалася чарада самагубстваў. Я пачаў размаўляць зь людзьмі, якія арганізоўвалі тую вандроўку. І мне падалося цікавым зрабіць гэта ў форме дэтэктыву. Просты ход, калі сьледчы спрабуе разабрацца, што адбываецца.
У першым варыянце не было Пеці (адзін з двух галоўных герояў раману «Вяртаньне ў Астрог». — РС) увогуле. А мне вельмі хацелася паказаць гэтых людзей, якія шчыра вераць і якія адразу разумеюць, да чаго гэтая (вандроўка на мора. — РС) прывядзе. Пеця — гэткі гарадзкі вар’ят, князь Мышкін. Але пры гэтым разумее больш, чым мы.
Барацьба Пеці з грамадзтвам і гісторыя сьледчага кепска «мірыліся» у сюжэце. Але мне была вельмі істотная іхная размова. Яна доўжыцца хвіліну, і Пеця кажа: «Калі ты ня можаш дапамагчы сабе, пачні дапамагаць іншым». У мяне быў кепскі пэрыяд, а калі нам кепска, мы разумеем, што адзіны спосаб — пачаць дапамагаць людзям вакол сябе. Але калі нам робіцца лягчэй і нас адпускае, мы спыняемся.
І гэтая кніга пра дабрыню і пра наступствы дабрыні. Усе хочуць рабіць дабро, але ніхто ня ведае, як яго рабіць правільна. І пра справядлівасьць, бо ўсё пачалося з апавяданьня «Катаракта». Самае жудаснае, што пасьля таго, як я напісаў гэтае апавяданьне і яно было апублікаванае ў Esquire, гэтая гісторыя здарылася сапраўды.
І потым гэта абсалютна цудоўная гісторыя, у якой гіне хор. Мне хацелася напісаць грэцкую драму, якая прыкідваецца дэтэктывам. Як казаў Бродзкі: «У сапраўднай трагедыі гіне не герой, а хор».
— Гэта твой самы расейскі раман паводле кантэксту? Астрог — гэта менавіта Расея?
— Я ня ведаю, ці магла б такая сытуацыя адбыцца ў Беларусі, бо ня ведаю, ці выкарыстоўваюць у Беларусі аміназін (нэўралептык, які выкарыстоўваецца ў псыхіятрычнай практыцы. — РС). Я ведаю, як гэта адбываецца ў Расеі цяпер. Уся тэма з аміназінам у кніжцы недзе на трэцім пляне, праходзіць амаль не заўважанай. Роўна так ёсьць і ў жыцьці.
Зараз штодзень у псыханэўралягічны інтэрнат (ПНІ) здаюць 13 дзяцей. Усе інтэрвію (у кніжцы. — РС), калі сьледчы размаўляе зь дзецьмі, аповеды дзяўчат пра тое, як яны п’юць ёд, каб справакаваць выкідак, — гэта мае інтэрвію зь дзецьмі, якія жылі ў дзіцячых дамах. Калі толькі прыяжджаеш у дзіцячы дом, яны не гатовыя пра гэта размаўляць. Калі іх ужо ўсынавілі, яны апавядаюць.
«Мару забіць усіх дактароў»
— Я быў на інтэрвію з хлопцам 16 гадоў, ён год праляжаў пад аміназінам. Год. Я размаўляў з 14-гадовым хлопцам, які зараз жыве ў цудоўнай маскоўскай сям’і, лётае ў Рым, Парыж. У канцы інтэрвію я пытаю: «Пра што ты марыш?». Ён кажа: «Забіць усіх дактароў».
Калі табе даюць аміназін, то ўпісваюць у мэдычную даведку, што ты праходзіў псыхіятрычнае лекаваньне. І ў 18 гадоў у цябе няма ніякага іншага шляху, акрамя псыханэўралягічнага інтэрнату. Але ў рэальнай гісторыі было яшчэ больш сумна. Там нават і ПНІ ў пэрспэктыве не было. Дзеці проста зразумелі, што ў іхным жыцьці больш ня будзе мора (і чынілі самагубства. — РС).
— Гэтым разам атрымаць рэальныя дакумэнты было цяжэй за ўсё? ПНІ і дзіцячыя дамы — гэта закрытыя ўстановы.
— У мяне яшчэ і не расейскі пашпарт, таму зусім складана. Я міла ўсьміхаўся сваім сябрам, якія працуюць у (дабрачынных. — РС) фондах, а сябры ўсьміхаліся цётачкам, якія працуюць там і там. Усе дакумэнты, выкарыстаныя ў кнізе, сапраўдныя. Але ліст дастаць не складана, складана дастаць накіраваньне на аміназін. Калі даюць аміназін, няма ніякіх дакумэнтаў. І нават ня гэта страшна. Страшна тое, што дактары, якія даюць дзецям аміназін, упэўненыя, што яны робяць карысную рэч. Доктар шчыра кажа: «А што? Усё добра, ён ляжыць спакойна».
— І ў дзіцячыя дамы цябе пускалі?
— Ужо няма ніякіх праблемаў зь дзіцячымі дамамі. Усё выглядае добра, усё ёсьць — яны глядзяць на цябе як на крэтына, калі ты нейкія падарункі прывозіш. Яны жывуць, у сутнасьці, у кватэрах.
«З адным выхавальнікам ты можаш бухаць. А іншы назаўтра за гэта адпраўляе цябе ў псыхушку»
— Але ёсьць праблема, што ў блёку, які выглядае як трохпакаёвая кватэра, жывуць дзяўчаты, якім 16 гадоў, і трох-чатырохгадовыя дзеці разам зь імі. Здавалася б, даглядаюць адно аднаго. Але вечарамі, калі дзяўчаты бухаюць і да іх прыходзяць хлопцы, то маленькія дзеці ўсё гэта назіраюць. І яны таксама не разумеюць правілаў гульні. Бо з адным выхавальнікам ты можаш бухаць. А іншы выхавальнік назаўтра за тое ж самае адпраўляе цябе ў псыхушку. Ці калі яны ў школе настаўніка «пашлюць» — а гэтыя дзеці «пасылаюць», яны няпростыя, — не знаходзяць нічога лепшага, як адправіць іх «паляжаць» (на псыхіятрычнае лекаваньне. — РС).
— У кнізе вельмі дакладна апісана, як аглядаюць месцы крымінальных здарэньняў, як ідзе апэратыўная праца з дакумэнтамі, размовы зь людзьмі. Ты пра кожную сцэну кансультаваўся са сьледчымі і экспэртамі?
— Сьледчых, судова-мэдычных экспэртаў крок у крок пытаў, што яны робяць. Цікава, што яны размаўляюць, размаўляюць, а потым на нейкім этапе — ці то яны гугляць мяне, ці што — чалавек імгненна зьнікае і спыняе табе даваць інфармацыю.
Усе катаваньні, якімі караюць Пецю, — гэта рэальныя катаваньні, якія адбываюцца тут і цяпер. Людзі апавядаюць, адвакаты ўсё ж маюць доступ. Кожныя выходныя на тэлеканале «Дождь» здымалі сюжэты пра катаваньні ў турмах. Ты ня можаш на гэта паўплываць, ты ня можаш зьнішчыць праблему адразу. Але ты можаш спыніць катаваньні ў асобнай калёніі: як толькі выходзіць сюжэт, туды едуць людзі са Сьледчага камітэту і катаваньні спыняюцца, людзей перастаюць зьбіваць. Гэта правільны і патрэбны алярмізм.
Супрацоўнікі турмы лічаць, што людзей, якія трапілі ў турму, трэба пакараць. Вось яны іх караюць. Яны не разумеюць, што трэба спыніцца, калі чалавек атрымаў прысуд і ён мусіць адбываць пакараньне. Яны лічаць, што зараз яны будуць гэтае пакараньне зьдзяйсьняць.
«Няма ніякага пасланьня будучым пакаленьням, мы ўжо ўсё залілі дзярмом. І штосьці з гэтым трэба рабіць»
— Уся кніга — суцэльны дакумэнт?
— У кнізе няма нічога прыдуманага. Перавоз мошчаў адбываўся ў Расеі, калі адна царква адсудзіла мошчы ў іншай царквы. Гісторыя з пасланьнем будучым пакаленьням: у Екацерынбургу каналізацыю прарвала і пасланьне будучым пакаленьням не змаглі прачытаць, бо яно ўсё ў дзярме было. І гэта істотная мэтафара — няма ніякага пасланьня да будучых пакаленьняў, мы ўжо ўсё залілі. І штосьці з гэтым зараз трэба рабіць.
Трэба рухацца не да таго, каб абмяркоўваць катаваньні, а да таго, каб было, як у Нідэрляндах. Там турмы зачыняюць, бо ў іх ніхто не сядзіць, няма каго саджаць. Яны адкрываюць там гатэлі. А мы не перавыхоўваем, а караем. У нас ня мусіць быць турмаў і дзіцячых дамоў. У Амэрыцы, напрыклад, няма дзіцячых дамоў увогуле. Чарга стаіць па дзяцей.
У нас ня выпрацаваны мэханізм, няма псыхоляга, які раскажа прыёмным бацькам, як падрыхтавацца да ўсынаўленьня. Няма нейкай буйной дзяржаўнай праграмы альбо яна да нас не даходзіць. Я размаўляў з чыноўніцамі ў Расеі, і яны цалкам шчыра думаюць, што дзеці, якія жывуць у дзіцячых дамах, — гэта нейкія няправільныя дзеці. Калі ад дзіцяці адмовіліся — значыць, гэта кепскае дзіця. Калі яго вяртаюць некалькі разоў — значыць, гэта кепскае дзіця.
— Чуеш пра гэта, і здаецца, што ў Расеі цяпер значна больш цёмна і безвыходна, чым у Беларусі.
— Гэта нейкі цяпер галоўны міт, які ў Беларусі падтрымліваецца. Як Расея знайшла сабе ворагаў у абліччы Ўкраіны, так і ў Беларусі знайшлі сабе ворагаў у абліччы Расеі. І я знаходжуся ў логаве ворага і прадстаўлены на расейскім стэндзе (на Менскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы. — РС). Але расейскі стэнд — гэта фармальныя рэчы. Проста маскоўскае выдавецтва «Час» выдае ўсе пяць маіх кніжак. І Бахарэвіч выступаў на расейскім стэндзе, бо выдавецтва «Час» выдала расейскі пераклад «Сабакаў Эўропы».
«У Польшчы цяпер роўна такі ж жах, як у Расеі, але мы бачым у ёй лібэральнага вялікага брата, які ўвядзе нас у Эўропу»
— Я проста ня думаю, што «расейскі» — гэта кепска. І не лічу, што расейская мова належыць Расеі. Людзі, якія рабілі рэвалюцыю ў Кіеве, рабілі яе па-расейску. Усе мае сябры — людзі, якія працуюць на «Дождь», на «Эхо Москвы», людзі, якія працуюць у дабрачынных фондах, людзі, якія здымаюць дакумэнтальнае кіно пра пісьменьніка Сарокіна, робяць Arzamas. Я жыву ў зусім іншай Расеі. Я жыву ў Расеі дысыдэнтаў, якія бʼюцца з усім гэтым.
У Польшчы зараз роўна такі ж жах. І гэта Эўразьвяз! Чорныя сьпісы на тэлебачаньні, выходзяць шматтысячныя маршы супраць забароны абортаў, Варшава проста стаіць, а ў тэлебачаньні паказваюць, што выйшлі пяць тысячаў чалавек. Але ў нас жа няма тут такога стаўленьня да Польшчы? Мы бачым у Польшчы добрага лібэральнага вялікага брата, які нам дапаможа і ўвядзе ў Эўропу.
— У канцы кнігі ёсьць «Сьпіс пытаньняў для абмеркаваньня раману вучнямі сярэдніх, сярэдніх спэцыяльных і вышэйшых адукацыйных установаў». Але гэта ключ для ўсіх?
— Вядома, для ўсіх. Істотна, што чалавек, які прачытае кнігу ўважліва, зразумее, што на гэтыя пытаньні немагчыма адказаць. Першае пытаньне: назавіце імя дзяўчынкі, якая ўскрыла сабе вены. Але там няма яе імя. І на ўсе наступныя пытаньні там няма адказаў. І ў мяне няма адказаў. Мяне вельмі цешыць, што ўдалося зрабіць адкрыты фінал. Ніхто ня ведае, страляецца ён у канцы ці не. Большасьць думае, што ён страляецца. І гэта стаўленьне людзей. Краіна кажа: ён ня можа ня застрэліцца пасьля ўсяго, што адбылося. Але больш жудасна тое, як з гэтым усім далей жыць.
Саша Філіпенка — пісьменьнік, журналіст. Ляўрэат «Рускай прэміі» 2014 году за раман «Былы сын». Аўтар пяці раманаў: «Былы сын», «Задумы», «Цкаваньне», «Чырвоны крыж», «Вяртаньне ў Астрог». Працуе вядоўцам праграмы «На трох» на канале RTVI