Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыхільнікаў саюзу з Расеяй у Беларусі стала менш за палову, падзеньне рэзкае, — сацыёлягі Вардамацкага


Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка на закрыцьці Эўрапейскіх гульняў у Менску, 2019 год
Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка на закрыцьці Эўрапейскіх гульняў у Менску, 2019 год

Беларуская аналітычная майстэрня Андрэя Вардамацкага зафіксавала ў Беларусі рэзкае зьніжэньне колькасьці прыхільнікаў саюзу з Расеяй пры адчувальным росьце прыхільнікаў эўрапейскай інтэграцыі. Вынікі дасьледаваньня публікуе «Белсат».

  • 🇷🇺​ За саюз з Расеяй цягам 2018 году выступалі 62–64% беларусаў, але ў канцы таго году — 60,4%. У верасьні-2019 за гэткі саюз выступалі толькі 54,8%, а да сьнежня-2019 адбыўся рэзкі абвал — да 40,4%.
  • 🇪🇺 Колькасьць прыхільнікаў уваходу Беларусі ў Эўразьвяз цягам 2018 і амаль усяго 2019 году вагалася ад 20 да 25%, але ў сьнежні-2019 падскочыла да 32%.
  • Таксама зь верасьня да сьнежня істотна павялічылася колькасьць тых, хто ня мог вызначыцца з адказам ці адмовіўся выбіраць між Расеяй і Эўразьвязам.
  • Цяпер, паводле дасьледаваньня, 74,6% беларусаў выступаюць за тое, каб Беларусь і Расея былі «незалежнымі, але сяброўскімі краінамі з адкрытай мяжой, бязь візаў і мытні». 12,8% выбіраюць аб’яднаньне ў менавіта «саюзную дзяржаву», 3,7% — уваход у склад Расеі ў якасьці суб’екту фэдэрацыі, а 6,6% жа лічаць, што Беларусі і Расеі трэба мець закрытыя межы, візы і мытню.
Пратэст супраць інтэграцыі Беларусі з Расеяй у Менску, 29 сьнежня 2019 году
Пратэст супраць інтэграцыі Беларусі з Расеяй у Менску, 29 сьнежня 2019 году

Майстэрня Вардамацкага ня мае ў Беларусі афіцыйнага статусу, як і іншыя незалежныя сацыялягічныя цэнтры. «Белсат» не публікуе тэхнічных дэталяў дасьледаваньня, у прыватнасьці колькасьць апытаных. У дасьледаваньні ў верасьні 2019 году сьцьвярджалася, што была апытаная адна тысяча чалавек.

Сам Вардамацкі адзначае, што зьніжэньне прарасейскіх настрояў можна падзяліць на два этапы: паступовы (студзень-верасень 2019 году) і абвальны (вересень-сьнежань). Адкат да ранейшых лічбаў магчымы, але зрабіць яго будзе даволі цяжка.

«Прычына тэктанічнага абвалу носіць мэдыйны характар, — упэўнены Вардамацкі. — Рэч у тым, што зьмянілася танальнасьць вяшчаньня беларускіх мэдыяў адносна самой Расеі, а таксама стасункаў Беларусі і Расеі. Танальнасьць набыла больш нэгатыўны характар».

Палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман у сваім Telegram-канале называе лічбы цэнтру Вардамацкага «сапраўднай сэнсацыяй», што абваліла прарасейскія настроі беларусаў на «дакрымскі ўзровень».

«Яшчэ паўгода канфлікту, і беларусы будуць аддаваць перавагу Эўрепейскаму Зьвязу, а не саюзу Расеяй, — прагназуе Шрайбман. — Такая сацыялёгія ўскладняе нейкія палітычныя саступкі, калі б Лукашэнка раптам пра іх задумаўся. Затое на больш сур'ёзнае збліжэньне з Захадам зьяўляецца прыкметны попыт грамадзтва».

«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
  • Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
  • Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
  • Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
  • У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
  • Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
  • 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
  • 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
  • Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
  • Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску ​7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
  • Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.

  • 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».

Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG