Таргі на кітайскіх біржах пасьля завяршэньня навагодніх вакацый пачаліся з рэкорднага падзеньня, паказаўшы найгоршы вынік амаль за 13 гадоў, паведамляе выданьне Financial Times.
Раніцай 3 лютага індэкс CSI, які ўлічвае актывы, якімі гандлююць на біржах Шанхая і Шэньчжэня, зьніжаўся больш чым на 9%.
Індэкс Shanghai Composite страціў больш за 8%, гэта стала найгоршым падзеньнем за дзень ад 2015 года. Інвэстары занепакоеныя эпідэміяй каранавіруса новага тыпу, на які захварэлі ўжо больш за 17 000 чалавек па ўсім сьвеце.
Па дадзеных на раніцу 3 лютага, у Кітаі ад новай ўспышкі віруснай інфэкцыі памерла 361 чалавек, яшчэ адзін сьмяротны выпадак зафіксаваны на Філіпінах. Колькасьць ахвяр хваробы перавысіла колькасьць загінулых ад ўспышкі атыповай пнэўманіі ў 2002-2003 гадах. Яна таксама выклікалася каранавірусам, падобным на той, які выклікаў захворваньне ў гэтым годзе.