Міністар у падатках і зборах Беларусі Сяргей Налівайка выказаўся за скарачэньне падатковых ільготаў цягам бліжэйшых трох гадоў з улікам «зьмены зьнешніх умоваў», паведамляе БелТА.
«Для забесьпячэння даходаў бюджэту, у тым ліку з улікам існуючых зьнешніх умоваў, насьпела неабходнасьць адмяніць ільготы, якія не даюць патрэбнага эфэкту. На працягу 2020-2022 гадоў прадугледжана маштабная ацэнка эфэктыўнасьці дзейных падатковых ільготаў», — сказаў Налівайка.
Паводле словаў міністра, ягонае ведамства разам зь Міністэрствам фінансаў і Дзяржаўным мытным камітэтам вызначаць пералік ільготаў, эфэктыўнасьць якіх трэба ацаніць. Таксама дзяржаўныя органы прааналізуюць кола тых, хто скарысталіся гэтымі палёгкамі і паказьнікамі іх дзейнасьці.
У канцы 2019 году ўрад Беларусі зацьвердзіў парадак ацэнкі эфэктыўнасьці стымулюючых падатковых ільготаў. Яны прадстаўляюцца для паскоранага разьвіцьця гаспадарчай дзейнасьці пэўных катэгорый плацельцаў па відах эканамічнай дзейнасьці, відах тавараў і маёмасных правоў на асобных тэрыторыях.
Кіраўніцтва Беларусі неаднаразова заяўляла пра нэгатыўны ўплыў на нацыянальную эканоміку падатковага манэўру Расеі ў нафтавай сфэры — перадусім з улікам падаражэньня паставак сыравіны і зьніжэньня ставак экспартнага мыта на нафтапрадукты.
Паводле Мытнага камітэту, праз «манэўр» і прыпыненьне экспарту аўтапаліва ў сувязі з пастаўкамі «бруднай» нафты паступленьні ў беларускі бюджэт летась зьнізіліся на 33%. У адсутнасьць кампэнсацыі выдаткаў у Беларусі ўпершыню за апошнія 7 гадоў прыняты дэфіцытны бюджэт.
Сумарныя выдаткі ад падатковага манэўру ў 2019-2024 гадах ацэньваецца ў суму блізу 10 млрд даляраў.