Міністэрства адукацыі выступіла з нагоды канфлікту ў гімназіі № 71 Гомля. Бацькі трэцяклясьніцы напісалі ў міліцыю заяву на пэдагога, якая можа быць датычнай да траўмаваньня іх дачкі.
«Незалежна ад сукупнасьці абставінаў, рэакцыя пэдагога на паводзіны навучэнца была недапушчальнай», — выказалася Міністэрства адукацыі на афіцыйным сайце.
У ведамстве запэўніваюць, што неаднаразова нагадвалі пра недапушчальнасьць праяў агрэсіі альбо гвалту ў дачыненьні да непаўналетніх.
«З нагоды таго, што адбылося ў ДУА „Гімназія № 71 г. Гомля“, цяпер праводзіцца ўнутранае расьсьледаваньне, па выніках якога будуць прынятыя адпаведныя кіраўнічыя рашэньні», — гаворыцца ў паведамленьні.
Што адбылося ў гімназіі
Інцыдэнт у гімназіі № 71 здарыўся 21 студзеня. Па неафіцыйнай інфармацыі, настаўніца пачатковых клясаў, якая ў 2017 годзе мела званьне «Настаўнік году», на ўроку моцна тузанула вучаніцу 3-й клясы за вуха. Дзяўчынка зьвярталася па мэдычную дапамогу. Яе маці напісала заяву ў міліцыю.
47-гадовая настаўніца, якую бацькі вінавацяць у траўмаваньні дачкі, ужо тыдзень не працуе — яна на бальнічным.
Адзін з вучняў той самай трэцяй клясы расказаў, што здарэньне адбылося на ўроку матэматыкі.
«К. спачатку выклікалі да дошкі. Яна не рашыла прыклады. Потым мы самі рашалі, за партамі. І яна за палову ўрока нічога не напісала. А потым... У яе ўтварыўся шрам на вуху. Ну, настаўніца яе так пацягнула. Яна зачапілася вухам за парту», — расказаў школьнік.
Савецкі РАУС Гомля праводзіць праверку. Прызначана судова-мэдычная экспэртыза.