Жыхарка Гомля, маці вучаніцы 3 клясы гімназіі № 71, зьвярнулася ў міліцыю з прычыны траўмаваньня яе дачкі К. Як стала вядома Свабодзе, інцыдэнт здарыўся 21 студзеня на ўроку матэматыкі. Цяпер міліцыя праводзіць праверку.
«У яе ўтварыўся шрам на вуху»
Дырэктарка гімназіі № 71 Ірына Цімашышына адмовілася камэнтаваць інцыдэнт. 47-гадовая настаўніца, якую бацькі вінавацяць у траўмаваньні дачкі, ужо тыдзень не працуе — яна на бальнічным. На сайце ўстановы адукацыі паведамляецца, што ў 2017 годзе Тацяна П. атрымала званьне «Настаўніца году» за тое, што разам са сваімі вучнямі заваявала для гімназіі пяць дыплёмаў пераможцаў прадметных алімпіяд.
Адзін з вучняў той самай трэцяй клясы расказаў, што здарэньне адбылося на ўроку матэматыкі.
«К. спачатку выклікалі да дошкі. Яна не рашыла прыклады. Потым мы самі рашалі, за партамі. І яна за палову ўрока нічога не напісала. А потым... У яе ўтварыўся шрам на вуху. Ну, настаўніца яе так пацягнула. Яна зачапілася вухам за парту», — расказаў школьнік.
Што пра настаўніцу кажуць бацькі
Бацькі школьнікаў малодшых клясаў, якіх карэспандэнт Свабоды сустрэў каля школы, ня ведаюць падрабязнасьцяў інцыдэнту.
«Самі чыталі ў СМІ. Ня ведаем, што там было насамрэч. Але цяпер такія непаслухмяныя дзеці!» — адрэагавала бабуля адной са школьніц.
«Паверыць не магу! Мая дачка працавала зь ёй, яна такая вельмі добрая і далікатная, і з бацькамі, і зь дзецьмі. Што такое магло здарыцца? Проста шок», — камэнтуе здарэньне яшчэ адна бабуля, якая прыйшла забіраць унучку з групы падоўжанага дня.
«Мой сын вучыцца ў трэцяй клясе, але іншай. Мы адмыслова пайшлі ў гэтую гімназію, бо яна лічыцца адэкватнай. У нас настаўніца добрая, адэкватная, бо яна веруючы чалавек. Мы ёй давяраем, яна і пэдагог вельмі добры. Я ўпэўнены, што дзяцей біць ці чапаць нельга, гэта недапушчальна», — кажа тата аднаго з трэцяклясьнікаў.
Старшаклясьнік, які забіраў свайго малодшага брата з групы падоўжанага дня, ведае Тацяну П., яна выкладала ў яго.
«Добрая, нармальная настаўніца. Нікога ў нас ня біла. Сварылася на двоечнікаў толькі, бо яны яе даводзілі», — кажа падлетак.
Міліцыя праводзіць праверку
Праверку па заяве маці праводзіць Савецкі РАУС Гомля «ў межах крымінальна-працэсуальнага заканадаўства». Прызначана судова-мэдыцынская экспэртыза. Яе вынікі будуць уплываць на вынікі праверкі.
«Зьбіцьця не было, але настаўніца падчас уроку схапіла вучаніцу за вуха. Вядома, гэта няправільны ўчынак, — пракамэнтаваў Tut.by начальнік галоўнага ўпраўленьня адукацыі Гомельскага аблвыканкаму Руслан Сьмірноў. — Быў бацькоўскі сход, настаўніца папрасіла прабачэньня за свае паводзіны. Але прэтэнзіі з боку бацькоў дзіцяці ёсьць. Настаўнік цяпер на бальнічным, праводзіцца праверка. Пэдагог вельмі перажывае, яна нават трапіла ў бальніцу пасьля інцыдэнту».