Працэс над гарадзенцам Вітальдам Якімчыкам прайшоў у судзе Ленінскага раёну Горадні 21 студзеня. Падсуднага вызвалілі ў залі суду.
Вітальда Якімчыка судзілі за тое, што ён раней біў жонку («Наўмыснае нанясеньне лёгкага цялеснага пашкоджаньня»). Сваю віну ён прызнаў цалкам, але заявіў, што не хаваўся ад крымінальнай адказнасьці, калі зьехаў, забраўшы сына, у Расею. Пра гэта паведаміла ягоная былая жонка Людміла Якімчык.
Суд спыніў крымінальную справу ў дачыненьні да Вітальда Якімчыка па амністыі, улічваючы ягоны стан здароўя. Вітальд мае другую групу інваліднасьці. Яго вызвалілі ў залі суду.
«Атрымліваецца, ён і далей можа рабіць тое самае і разумець, што яму нічога ня будзе за гэта», — пракамэнтавала рашэньне суду былая жонка.
Жанчына вельмі засмучаная рашэньнем суду. Яна кажа, што баіцца нават выйсьці з дому.
Былы муж ня раз біў і абражаў Людмілу. Таму яна напісала заяву ў міліцыю. Калі праходзілі перадсудовыя сустрэчы, Вітальд зьнік разам з сынам Мішам. На думку Людмілы, гэтак ён хацеў ёй адпомсьціць і за зварот у міліцыю, і за развод.
«Ён цяпер ходзіць па вуліцы. Што ў яго робіцца ў галаве, я ня ведаю. Мне непрыемна, страшна. Калі ісьці ў краму, мне цяпер трэба не адной. Ісьці зь Мішам гуляць — трэба зь нейкім чужым чалавекам, няродным, бо можа быць правакацыя», — кажа Людміла.
Ці адкажа Вітальд за тое, што зьнік на два з паловай месяцы разам зь дзіцем, невядома. Ён — законны прадстаўнік сына, не пазбаўлены бацькоўскіх правоў.
«Я на мінулым тыдні напісала хадайніцтва, каб гэты выпадак прызналі „выкраданьнем і ўтрыманьнем“ (артыкул 183 Крымінальнага кодэксу Беларусі „Незаконнае пазбаўленьне волі“)... Я называю гэта „выкраданьнем“. Я б хацела, каб гэта атрымала належную прававую ацэнку», — кажа Мішава маці.
Аднак пакуль адказу Сьледчага камітэту на гэты зварот няма.
Жанчына будзе раіцца з адвакатам, ці абмяжоўваць бацькоўскія правы Вітальда ў дачыненьні да Мішы.
28 кастрычніка каля 11-й гадзіны Вітальд Якімчык забраў сына Мішу зь дзіцячага садку. Якімчыкі ў разводзе, але ў той дзень дамаўляліся, што разам, але пазьней, забяруць Мішу і пагуляюць зь ім.
З таго часу маці ня бачыла сына і ня ведала, дзе ён і што зь ім. Хлопчыка з татам шукалі беларускія і расейскія праваахоўнікі і пошукавыя атрады.
Знайшлі іх з дапамогай неабыякавых людзей у расейскай Анапе на пачатку студзеня. Вітальда ўзялі пад варту. Міхаэля часова аддалі ў прытулак. Хлопчык разам з маці вярнуўся дадому ў Горадню 11 студзеня.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.