Беларусь пачала імпарт нарвэскай нафты пасьля таго, як Масква рэзка скараціла пастаўкі нафты Urals на беларускія НПЗ праз спрэчкі адносна цаны, паведамляе Reuters.
У панядзелак дзяржаўны канцэрн Белнафтахім паведаміў, што падкантрольная яму Беларуская нафтавая кампанія (БНК) купіла партыю нарвэскай нафты Johan Sverdrup з пастаўкай у літоўскі порт Клайпеда 22 студзеня.
Нафта будзе пастаўлена чыгуначным транспартам на Наваполацкі НПЗ, паведамляе Reuters са спасылкай на прадстаўніка канцэрну. «Чакаем гэтую пастаўку, а там далей будзем працягваць перамовы», — сказаў агенцтву прадстаўнік Белнафтахіму ў адказ на пытаньне аб плянах будучых паставак.
Паводле крыніцы ў порце, пастаўка нафты з Клайпеды ў напрамку Наваполацкага НПЗ абыдзецца Беларусі істотна даражэй за імпарт па нафтаправодах — перавалка і транспарціроўка да заводу па чыгунцы будуць каштаваць больш чым $20 за тону.
Як адзначае агенцтва, Беларусь раней неаднаразова імпартавала альтэрнатыўныя расейскай гатункі нафты, пастаўляла лёгкія гатункі Santa Barbara і Azeri Light з Вэнэсуэлы і Азэрбайджану на свае заводы, аднак пастаўкі заўсёды насілі эпізадычны і дэманстрацыйны характар. Альтэрнатывы расейскай нафты абыходзяцца Беларусі значна даражэй.
Расея з пачатку 2020 году істотна скараціла экспарт нафты ў Беларусь, не дамовіўшыся аб умовах паставак і цэнах. Менск пачаў пошук іншых крыніц нафты, прычым НПЗ Беларусі цяпер працуюць з мінімальнай загрузкай.
На мінулым тыдні Латвія і Беларусь абмеркавалі магчымасьць выкарыстаньня латвійскіх партоў для арганізацыі альтэрнатыўных паставак нафты.