Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прызначыў міністрам абароны Віктара Хрэніна. Хто гэта

абноўлена

Віктар Хрэнін, 16 студзеня 2019 году
Віктар Хрэнін, 16 студзеня 2019 году

Аляксандар Лукашэнка прызначыў 20 студзеня новага міністра абароны, піша БелТА. Пасаду заняў 48-гадовы генэрал-маёр Віктар Хрэнін.

Віктар Хрэнін раней камандаваў войскамі Заходняга апэратыўнага камандаваньня.

Хрэнін нарадзіўся 1 жніўня 1971 году ў Наваградку. Вучыўся ў Расеі: скончыў Усурыйскую сувораўскую вучэльню і Омскую вышэйшую агульнавайсковую камандную вучэльню. Пасьля служыў камандзірам мотастралковага і выведнага ўзводаў, выведнай роты, намесьнікам камандзіра розных батальёнаў, камандзірам асобнага танкавага і асобнага гвардзейскага мотастралковага батальёнаў.

У 2005 годзе скончыў Вайсковую акадэмію Беларусі, пасьля служыў у апэратыўным штабе Заходняга апэратыўнага камандаваньня. Ад 2014 году — начальнік штабу і першы намесьнік камандзіра войскаў Заходняга апэратыўнага камандаваньня.

Папярэднік Хрэніна Андрэй Раўкоў быў прызначаны дзяржаўным сакратаром Савету бясьпекі замест Станіслава Зася, які атрымаў пасаду генэральнага сакратара Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ).

Хто ўзначаліў Генштаб

Акрамя таго, Лукашэнка прызначыў начальніка Генэральнага штабу ўзброеных сілаў — ім стаў Аляксандар Вальфовіч, які да таго быў першым намесьнікам начальніка Генштабу.

Ён нарадзіўся ў расейскай Казані, але вучыўся ўжо ў Беларусі: скончыў школу ў Барысаве, у вайсковым гарадку Печы, дзе служыў ягоны бацька. Паводле Ex-press.by, быў вызвалены ад вывучэньня беларускай мовы. Пасьля школы адвучыўся ў Маскоўскай вышэйшай агульнавайсковай вучэльні і беларускай Вайсковай акадэміі, служыў у Печах начальнікам штабу школы падрыхтоўкі прапаршчыкаў, пазьней у галоўным апэратыўным упраўленьні Генштабу. У 2008 годзе скончыў Вайсковую акадэмію Генштабу Ўзброеных сілаў Расеі. Затым камандаваў 120-й мэханізаванай брыгадай, быў намесьнікам камандзіра войскаў Заходняга апэратыўнага камандаваньня і першым намесьнікам камандзіра войскаў Паўночна-заходняга апэратыўнага камандаваньня. Пасаду камандзіра гэтых войскаў атрымаў 15 студзеня 2015 году.

Ягоны папярэднік Алег Белаконеў быў плянава звольнены з пасады 9 сьнежня, бо пайшоў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Што Лукашэнка сказаў аб прызначэньнях

«Нам вельмі важна цяпер падняць значнасьць войскаў, — казаў Лукашэнка аб прызначэньнях. — І Хрэнін, і Вальфовіч —​ гэта людзі аднаго калібру, людзі падрыхтаваныя. Я ўважліва вывучаў іхныя біяграфіі: яны паралельна прайшлі той жа шлях.

Я заўсёды ўнікліва гляджу, ці былі „на зямлі“. Яны і ўзводамі камандавалі, і ротны досьвед, і батальёнам. Гэта значыць, яны ведаюць жыцьцё арміі не па чутках. Гэта вельмі важна. Я думаю, што яны знойдуць паразуменьне. Інакш і быць ня можа ў беларускім войску. Калі разуменьня няма, значыць, і людзей там не павінна быць такіх».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG