Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ахвяравалі грошы на кнігу і перадачы. Як людзі падтрымалі Паўла Севярынца, які сустрэў Новы год за кратамі


Павал і Вольга Севярынцы з сынам Францішкам, архіўнае фота
Павал і Вольга Севярынцы з сынам Францішкам, архіўнае фота

Шмат хто з актывістаў сустрэў новы 2020 год за кратамі ў ізалятары на Акрэсьціна, адбываючы арышты за пратэсты супраць інтэграцыі з Расеяй. Сярод іх арганізатар пратэсту, палітык і пісьменьнік Павал Севярынец. Пра тое, як сям’я сустрэла Новы год бяз Паўла і пра падтрымку ад людзей Свабода запыталася ў жонкі палітыка Вольгі Севярынец.

30 сьнежня ў Паўла Севярынца быў дзень народзінаў, які ён таксама правёў у няволі.

«Мы зьбіралі яму перадачу больш сьвяточную, — распавядае Вольга. — Але асабліва не пакладзеш, бо там нічога нельга. Перадавалі "рафаэлкі", каўбасы, хлеб самасьпечаны — той, які ён любіць. Перадалі кнігі, якія ён прасіў — Чэхава, Гарэцкага, часопіс "Наша гісторыя"».

Маці Паўла Тацьцяна Севярынец пісала ў Facebook, што гэта ўжо шосты дзень народзінаў, які яе сын сустракае за кратамі.

Вольга кажа, што Новы год — гэта не такое важнае свята для іх сям’і, таму асабліва не сьвяткавалі.

«Больш важнае Каляды — адны і другія. Як адзначалі? Матуля мая прыехала, яна дапамагала апошнія дні. І мы проста разам з піццай, іншымі звычайнымі рэчамі пасядзелі — не накрывалі стол, проста селі разам, дачакаліся 12-ай гадзіны і пайшлі спаць. Нікога не запрашалі, нічога адмысловага не рабілі».

Вельмі шмат людзей падтрымала іх сям’ю, распавядае Вольга Севярынец. З таго часу, як Паўла затрымалі, на выданьне ягонай другой кнігі з цыклю «Беларусалім» людзі ахвяравалі каля 1500 рублёў — збор сродкаў ідзе на Ulej.by.

«Я не праглядала, хто падтрымаў, але па сумах, мне здаецца, што гэта проста людзі, не кампаніі. Symbal. by падтрымаў па-сяброўску, — працягвае Вольга. — Падтрымка гэтым разам нейкая фэнамэнальная. Падтрымалі нашую краму "Кропля". Прыяжджаюць забіраць замоўленыя рэчы дык яшчэ і падарункі прывозяць — пачынаючы ад цукерак і заканчваючы цацкамі для Францішка. Неверагодна проста да сьлёз, што такія людзі цудоўныя».

Выданьне кнігі «Беларусалім. Сэрца сьвятла» плянуецца на красавік гэтага году.

За некалькі дзён перад сьвятамі, кажа Севярынец, у краму «Кропля» прыйшло 50 замоваў. Гэта болей, чым у іншы час. Некаторыя людзі дапамагалі развозіць замовы для пакупнікоў і адмыслова для гэтага шукалі машыны.

«На перадачы людзі перадавалі грошы, кнігі прывозілі. Карацей, такі час — што ні папросіш, калі патрэба ёсьць, то людзі адгукаюцца і яшчэ пытаюцца, што трэба, прапануюць дапамогу».

Праз актывістку Алену Таўстую, якая таксама была арыштаваная і выйшла 31 сьнежня, Павал Севярынец перадаваў віншаваньні, і казаў, што зь ім усё добра.

«Сёньня выйшаў Дзяніс Урбановіч, празь нейкага, хто сядзеў з Пашам у камэры, яны размаўлялі. Казаў, што трымаецца — нічога звышнатуральнага».

Дадому Павал Севярынец павінен вярнуцца 10 студзеня.

«Калі яго яшчэ не асудзяць, — дадае Вольга. — Таму што ў яго шмат пратаколаў. Будзем старацца ў найбліжэйшыя дні штосьці прыдумаць, можа, адваката туды заявіць. Калі ў Пашы будзе чарговы суд, то заяўленаму адвакату павінны патэлефанаваць і запрасіць на суд. Ці будзем глядзець пратаколы, якія ўжо прыйшлі, і абтэлефаноўваць сакратароў, суды і пытацца, ці не было чарговага працэсу.

За кожную акцыю пратаколы разьдзеленыя ці то на два, ці то нават на тры пратаколы — заклік, мітынг і, Паша думае, за шэсьце. Там неяк цікава: мітынг з 12 да 12:45 — такі пратакол. І зразумела, што яшчэ і за шэсьце можна скласьці пратакол».

Павал Севярынец быў асуджаны на 15 сутак 18 сьнежня. Але яго не затрымалі ў залі суду, а адпусьцілі. 26 сьнежня яго затрымалі, аштрафавалі за заклік на акцыі пратэсту і адвезьлі адбываць прызначаны раней арышт.

Акрамя Севярынца былі арыштаваныя яшчэ некалькі чалавек — Максім Вінярскі, Яўген Афнагель, Леанід Кулакоў, Стас Шашок, Дзяніс Урбановіч, Максім Урбановіч, Сяргей Ціханоўскі, Алесь Чахольскі, Алена Таўстая. Большасьць зь іх сустрэла Новы год за кратамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG