Дырэктар крамы Symbal.by Павал Белавус анансаваў Mova Fest, які адбудзецца 21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы.
Арганізатары шукаюць спонсараў і партнэраў. Вядуцца перамовы як з буйнымі беларускімі кампаніямі, так і з прадстаўнікамі невялічкіх бізнэсаў, сказаў тэхнічны дырэктар фэстывалю Ўладзіслаў Лепяшынскі. Прэзэнтацыю фэсту закінулі ў сеціва, каб знайсьці новых зацікаўленых партнэраў.
Мяркуецца, што фэст працягнецца 10 гадзін у прасторы ОК16. Арганізатары анансуюць 2 сцэны: буйная зь вядомымі музыкамі і малая, дзе зайграюць новыя імёны ў беларускай музыцы. Хто дакладна будзе выступаць, пакуль не называюць, бо яшчэ канчаткова не дамовіліся. Таксама анансавалі прэзэнтацыю новых прадуктаў беларускага бізнэсу, якія ствараюцца ў розных сфэрах: ад таксі да ІТ.