Аляксандар Карлюкевіч прапанаваў рыхтаваць законапраекты, дзе будуць прапісаныя гэтыя паняткі, «ужо сёньня», паведамляе БелТА.
Міністар інфармацыі Беларусі Аляксандар Карлюкевіч на паседжаньні праекту «Экспэртнае асяродзьдзе» прапанаваў унесьці ў заканадаўства такія азначэньні як «fake» і «deepfake».
Ён лічыць, што гэтую тэму варта абмеркаваць у кантэксьце інфармацыйнай бясьпекі, з усімі зацікаўленымі ў парлямэнце.
«Такім чынам будзе выказана пазыцыя ня толькі дзяржавы, але і здаровай часткі грамадзтва. Калі мы сёньня не падрыхтуемся да гэтага, то заўтра можам спазьніцца», — падкрэсьліў Карлюкевіч.
Ён адзначыў, што ўплыў СМІ і сацыяльных сетак у сучасным сьвеце ўзрастае, і ў сувязі з гэтым Беларусі варта задумацца аб эвалюцыі айчынных мэдыя.
Панятак «fake» абазначае непраўдзівую навіну ці «качку», «deepfake» — відэападробку.