Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы ня верым у суіцыд». Родныя салдата з Мазыра, які загінуў у войску, зьвярнуліся да Лукашэнкі


Руслан Зайцаў, архіўнае фота
Руслан Зайцаў, архіўнае фота

19-гадовы Руслан Зайцаў загінуў падчас тэрміновай службы ў Мазырскім памежным атрадзе. Яго цела знайшлі 20 лістапада 2019 году. У першыя дні пасьля сьмерці Памежны камітэт агучыў вэрсію самагубства. Родныя ня вераць у гэта і кажуць, што ня могуць дабіцца праўды пра абставіны сьмерці хлопца.

Бабуля Руслана амаль два месяцы чакае вестак ад сьледзтва.

«Мы сядзім амаль два месяцы і чакаем... Самі ня ведаем — чаго. Але гэта быў не суіцыд! Не было ў дзіцяці ніякіх матываў забіваць сябе. Што здарылася — нам ніхто не сказаў. Чытала ў прэсе — як дзе загіне ці кантрактнік, ці салдат тэрміновай службы — то ім усе спачуваньні выносяць, дапамагаюць. Нам — ніхто, нічога. Праўда, з часткі прывезьлі вянок на пахаваньне, і дапамогу — 500 рублёў. Нам бы праўду ведаць — што з Русланам здарылася?» — плача Зінаіда Сьцяпанаўна.

«Нічога ня можам дабіцца ад сьледчага»

Яна моцна перажывае, што ўнука «проста закапалі», нават не адпявалі ў царкве.

«Нічога ня можам дабіцца ад сьледчага. То ён заняты, то ў адпачынку, то яшчэ што... Маці Руслана ўжо сама езьдзіла ў Гомель у Сьледчы камітэт. Там ёй сказалі, што сьледчыя больш ужо схіляюцца да вэрсіі, што быў не суіцыд, а неасьцярожнасьць. Але дакумэнта ніякага не далі нам на рукі. У царкве мы прасілі адпець, сказалі: „Калі будзе дакумэнт, што гэта не самагубства — тады адпяём“. Хоць бы на могілках адпелі, па-чалавечы», — кажа бабуля.

Яна ўзгадвае той дзень, 20 лістапада, калі загінуў Руслан. За дзень да гэтага хлопец тэлефанаваў ёй, казаў, што ўсё добра, што ідзе ў нарад.

Ён служыў у Ельскім раёне, у падразьдзяленьні Мазырскага памежнага атраду.

«Калі ўнук загінуў, да нас прыйшоў прапаршчык. Сказаў пра суіцыд. Мы не паверылі, кажам: „Кажы нам праўду!“. Ён кажа: „А вы дакладна хочаце яе ведаць?“ І сказаў, што Руслан паставіў аўтамат на зямлю, прыклаў да яго лоб і выстраліў. Як такое можа быць? У яго нават вейкі не абпаленыя, твар чысты, не абпалены...» — дзівіцца Русланава бабуля.

Яна кажа, што чула ад вайскоўцаў — маўляў, Руслан «быў псых», маўляў, зрабіў суіцыд праз захапленьне кампутарнымі гульнямі...

«Як толькі не казалі на нашае дзіця. У яго былі ў ноўтбуку дзіцячыя гульні. Ён нідзе не хадзіў. Калі і гуляў, то не пазьней за 22-ю гадзіну быў дома! Ён быў дамасед. На дзіця нават не было за што пасварыцца!» — кажа Зінаіда Сьцяпанаўна.

Яна кажа, што цяпер Русланавы сваякі «як у тумане». Галоўнае для іх — даведацца праўду.

Бабуля просіць дапамогі ў прэзыдэнта

Зінаіда Сьцяпанаўна перад Новым годам зьвярнулася зь лістом да кіраўніка Беларусі. Просіць узяць гэтую справу на кантроль.

«Мы ня верым у суіцыд праз „складаныя стасункі ў сям’і“, „непадзеленае каханьне“, „даўгі ў гульнявых клюбах“. Гэта было ці забойства, ці давядзеньне да самагубства. Пры самагубстве з аўтамата былі б апёкі на твары. Яго маглі застрэліць. Руслан ня быў схільны да самагубства. Ён ня меў дзяўчыны, ня меў даўгоў, ня быў заўважаны ў гульнявых клюбах», — напісала Зінаіда Сьцяпанаўна ў звароце да прэзыдэнта.

Афіцыйная вэрсія здарэньня

Паводле афіцыйнага паведамленьня Дзяржаўнага памежнага камітэту, 19-гадовы яфрэйтар застрэліўся. Ягонае цела знайшлі 20 лістапада каля 2:00.

Памежны камітэт раніцай пасьля гібелі Руслана паведаміў: жыхар Мазыра трапіў на тэрміновую службу ў леташні прызыў, у лістападзе 2018 году. Па службе характарызаваўся станоўча. Меў падзяку за ініцыятыву і высілкі ад камандаваньня, за «рашучыя дзеяньні ў выяўленьні і затрыманьні парушальніка мяжы, а таксама высокія паказьнікі ў службе за трэці квартал 2019 году».

У лістападзе Руслан быў у адпачынку, праводзіў яго дома, у Мазыры. Сьцьвярджаецца, што пасьля тэрміновай службы ён зьбіраўся заставацца служыць па кантракце.

Афіцыйны прадстаўнік Упраўленьня Сьледчага камітэту па Гомельскай вобласьці Марыя Крываногава паведаміла Свабодзе, што УСК па Гомельскай вобласьці працягвае высьвятляць абставіны сьмерці вайскоўца тэрміновай службы ў Мазырскім памежным атрадзе, цела якога было выяўлена 20 лістапада 2019 года. «Канчатковае прававое рашэньне будзе прынята пасьля правядзеньня неабходных сьледчых дзеяньняў і экспэртных дасьледаваньняў», — сказала Марыя Крываногава.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG