Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амапавец пазнаў журналістку на мітынгу. А яна мае алібі. ВІДЭА


Дзіяна Серадзюк у судзе, 10 студзеня
Дзіяна Серадзюк у судзе, 10 студзеня

Справу журналісткі «Новага часу» Дзіяны Серадзюк аб паўторным парушэньні парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў 10 студзеня адправілі на дапрацоўку.

Справу журналісткі ў судзе Першамайскага раёну Менску разглядаў судзьдзя Максім Трусевіч.

Дзіяна Серадзюк абвінавачаная ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі пратэсту 20 сьнежня паводле ч. 3 арт. 23.34 КаАП, за гэта пагражае арышт або штраф ад 540 да 1350 рублёў.

Сведка Івашкоў, супрацоўнік АМАПу, сьцьвярджаў, што бачыў Серадзюк на Кастрычніцкай плошчы «недзе каля ялінкі» зь бел-чырвона-белым сьцягам. Паводле сьведкі, яна выкрыквала лёзунгі.

«Яна асоба вядомая, — заявіў Івашкоў. — А апазыцыя ў нас маленькая. Серадзюк — дзяўчына прыгожая, я яе і запомніў».

Пры гэтым малады чалавек сьцьвярджаў, што пісаў рапарт ад рукі, але ў судовай справе, як зазначыў адвакат, рапарт надрукаваны.

Таксама ў матэрыялах справы фігураваў фатаздымак, на якім відаць натоўп людзей, але немагчыма дакладна сказаць, ці ёсьць там Серадзюк. Дакладна можна сказаць, што фота зрабілі не на Кастрычніцкай плошчы: відаць слупкі з ланцужкамі, якіх на плошчы няма.

Сама Серадзюк сьцьвярджала, што была ў час акцыі ў знаёмай у іншай частцы гораду. Гэта пацьвердзіў ейны муж і тая знаёмая, у якой гасьціла журналістка.

Калі пратакол будзе дапрацаваны і працягнуць разгляд справы, невядома.

Серадзюк ужо судзілі за ўдзел у «несанкцыянаваным мерапрыемстве», якое яна асьвятляла для «Новага часу»: акцыі з ускладаньнем караблікаў ля расейскай амбасады ў Менску 27 лістапада 2018 году. На судзе супраць журналісткі паводле таго ж артыкулу 23.34 КаАП у 2017 годзе сьведкі прызналіся: супрацоўнікі міліцыі прынесьлі ім гатовы пратакол і прымусілі падпісаць, паабяцаўшы, што нікуды іх выклікаць ня будуць.

Цягам 10 студзеня маюць прайсьці яшчэ два дзясяткі судоў над удзельнікамі сьнежаньскіх пратэстаў супраць інтэграцыі з Расеяй, якія адбыліся 7, 8, 20 і 21 сьнежня 2019 году.

Суды пачаліся яшчэ ў канцы 2019 году — штрафаў прысудзілі на ня менш як 16 тысяч рублёў, 11 актывістаў сустрэлі Новы год за кратамі. Працэсы аднавіліся 8 студзеня, за дзень прысудзілі штрафаў ня менш як на 6885 рублёў, 9 студзеня — на больш як 33 тысячы рублёў.

«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
  • Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
  • Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
  • Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
  • У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
  • Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
  • 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
  • 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
  • Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
  • Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску ​7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
  • Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.

  • 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».

Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG