Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10,3 мільёна беларускіх рублёў: столькі каштавала Менску падрыхтоўка пляцоўкі пад кітайскі басэйн


Так выглядала пляцоўка пад будаўніцтва ў кастрычніку 2019 году, фота Tut.by
Так выглядала пляцоўка пад будаўніцтва ў кастрычніку 2019 году, фота Tut.by

Бюджэт Менску выдаткаваў на падрыхтоўку пляцоўкі для будаўніцтва кітайскага басэйна міжнароднага стандарту на вуліцы Кальварыйскай каля 10,3 мільёна беларускіх рублёў, піша Tut.by.

У чэрвені 2018 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб падрыхтоўцы тэрыторыі для будаўніцтва басэйна міжнароднага стандарту на Кальварыйскай (на месцы былой друкарні «Чырвоная зорка»). Яго да 2023 году ўзьвядзе Кітай за ўласныя грошы, а потым перадасьць беларускаму боку ў якасьці своеасаблівай падзякі за права рэалізоўваць на тэрыторыі Беларусі буйныя эканамічныя праекты.

Пляцоўку для басэйну, аднак, рыхтуюць за кошт бюджэту Менску. Паводле інвэстыцыйнай праграмы Менску на 2020 год, каштарысны кошт падрыхтоўкі — каля 13,1 мільёна беларускіх рублёў. У яе ўваходзяць знос будынкаў (у першую чаргу — «Чырвонай зоркі») і праца з інжынэрнымі сеткамі: іх капітальны рамонт, вынас, перанос, знос і ўзьвядзеньне.

Па стане на 1 студзеня 2020 году на падрыхтоўку тэрыторыі для басэйна выкарысталі менш, чым прадугледжана каштарысам — каля 10,3 мільёна рублёў. На 2020 год заплянавана выдаткаваць на гэтыя мэты яшчэ 60 тысяч рублёў.

Якім будзе басэйн

Басэйн будзе разьлічаны на 6 тысяч месцаў і будзе ўключаць у сябе трыбуну, памяшканьні для гледачоў, VIP-памяшканьне, памяшканьні для спартоўцаў (у тым ліку залі для трэніровак), адміністрацыю (падчас спаборніцтваў — для арганізатараў), памяшканьні для СМІ, тэхнічныя памяшканьні для спаборніцтваў і адміністрацыі, камэрцыйнае памяшканьне, вонкавую стаянку на 400 месцаў, басэйны.

Агульная плошча забудовы — каля 40 тысяч квадратных мэтраў.

Кітай таксама мае пабудаваць Нацыянальны стадыён на авуліцы Ванеева ў Менску. Паводле папярэдніх разьлікаў, на будоўлю стадыёна і басэйна неабходна каля 180 мільёнаў даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG