Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў 9 студзеня 2020 году ў адзінаццаты раз назвала ляўрэатаў прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці» — за ўклад у разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці Беларусі ў мінулым 2019 годзе. Урачыстасьць прайшла ў менскім клюбе «Бруге».
Прэмію ўручылі ў 10 намінацыях: «Грамадзкі лідэр / грамадзкая лідэрка году», «Кампанія году», «Новая ініцыятыва», «Мэдыяактыўнасьць году», «Талака году», «Рэгіянальная падзея», «Партнэрства году», «Крэатыў году», «„Гарбуз“ году», «Журналіст / журналістка году». Кароткі сьпіс намінантаў можна паглядзець тут.
Прэмія заснаваная ў 2009 годзе. Ёй узнагароджваюць выбітных асобаў, арганізацыі, а таксама адзначаюць падзеі, знакавыя для разьвіцьця грамадзкага сэктару Беларусі.
Ляўрэатаў вызначалі шляхам галасаваньня 149 сябраў журы, у якое ўваходзяць сябры рабочай групы Асамблеі НДА, спэцыяльна запрошаныя экспэрты — лідэры розных арганізацыяў, журналісты, якія пішуць пра трэці сэктар, і ранейшыя пераможцы прэміі.