Дачасна пакінуў жыцьцё адзін з самых прыкметных маладых мастакоў Беларусі Захар Кудзін. Яму было 33 гады, у яго засталіся бацькі, жонка і маленькая дачка. Ягоныя сябры згадваюць, як амбітны творца імкліва ўварваўся ў культурны кантэкст Беларусі і якім быў ягоны творчы даробак.
Свой стыль выпускнік менскага каледжу мастацтваў імя Глебава называў «нэўрамастацтвам» — жывапісам узьдзеяньня, або аб’ектыўным рэалізмам. Адштурхнуўшыся ад традыцыйных геамэтрычных формаў а-ля Казімір Малевіч, ён стварыў уласныя аналягі, незалежныя ад «дыктатуры прамых ліній».
«Ён проста ня мог не пісаць»
Прафэсійны кантрабасіст, бас-гітарыст Арцём Фрэнкель быў адным з найбліжэйшых сяброў мастака. Разам яны стваралі музычна-мастацкія пэрформансы, гітара Арцёма часьцяком была музычным фонам на прэзэнтацыях Захара. Кажа, што для яго той назаўсёды застанецца ўзорам адданасьці сваёй справе.
«Чалавек перш за ўсё думаў пра мастацтва, — гаворыць Арцём. — Яго не цікавілі грошы, яго мала хвалявала, у чым ён ходзіць, дзе жыве. Без чаго не ўяўляў існаваньня, дык гэта бяз жывапісу. Як сам казаў, мастак ня той, хто піша карціны, а той, хто ня можа іх не пісаць. Вось такім быў... На жаль, у яго даўно былі розныя змрочныя думкі, таму асабіста для мяне трагічная навіна ня стала асаблівай нечаканасьцю. Чужы боль цяжка зразумець. Але цяпер якраз такі час, у людзей занадта ўражлівых абвастраецца ўнутраны стан... І я на яго моцна злуюся, што ён такое ўчыніў».
Яшчэ ў маладосьці Захар пачаў траціць зрок на левае вока. І гэта, як ні парадаксальна, выкарыстаў у сваёй дзейнасьці: невыразныя прадметы, дакладна не зафіксаваныя мозгам, зьмешваліся ў татальную абстракцыю. Затрымка ўсьведамленьня стварала паралельнае вымярэньне рэальнасьці. На аснове гэтага сфармавалася «нэўрамастацтва»: гледзячы на творы, не адразу разумееш, што бачыш і як гэта ўспрымаць. Але праз імгненьне ўсё становіцца на свае месцы.
Нестандартнае ўспрыманьне рэчаіснасьці Захар Кудзін прадставіў у сэрыі «Жывапіс левым вокам». З-пад пэндзьля мастака выходзілі маштабныя палотнішчы ў экспрэсіўнай манэры, на якія не замахваліся нават прызнаныя мэтры.
Памятны і яшчэ адзін пэрсанальны праект. Сутнасьць задумы сам аўтар апісваў так: «Скульптура „Жыцьцё вакол“ уяўляе сабой зварны мэталічны куб. Пры адсутнасьці сьвятла і паветра ўсярэдзіне зьмесьціва куба таксама мае ў сабе атрутнае рэчыва. Ад гэтага плоскасьці і грані скульптуры становяцца ўмоўнымі межамі паміж жыцьцём і сьмерцю, рэальнасьцю і верай».
«Выбраў абсалютную свабоду»
У сваіх інтэрвію Захар Кудзін нярэдка прызнаваўся, што на яго вельмі істотна паўплывала амэрыканскае сучаснае мастацтва, асабліва абстрактны экспрэсіянізм: два гады ён жыў у Нью-Ёрку, вандраваў аўтаспынам па Злучаных Штатах і наведваў галерэі. Вярнуўся дадому ў пэўнай ступені «амэрыканізаваны».
Яшчэ адзін ягоны сябра, фатограф Станіслаў Багдзевіч, у гэтым сэнсе зазначае, што атрыманы за акіянам досьвед зрабіў мастака іншым — ён нават вонкава адрозьніваўся ад калег па цэху.
«Калі адкінуць сантымэнты, здаецца, што гэта ягоны хітры плян — менавіта так можна ацаніць самаахвярнасьць на карысьць мастацтва. Прынамсі выглядае на асэнсаваны выбар... Ніхто ня будзе спрачацца, што Захар — вельмі яскравы прадстаўнік сучаснага мастацтва. І значную частку бачаньня эвалюцыі сваёй творчасьці ўвабраў якраз у Штатах. Цяжка сказаць, як ён разьвіваўся б, каб варыўся ў тутэйшай кухні. Гаварыў, што клясычная школа, якая заганяе творцу ў жорсткія рамкі, толькі псуе мастака. Таму выбраў абсалютную свабоду. Ва ўсім...»
Ён стаў першым маладым творцам, чыя праца трапіла ў калекцыю Нацыянальнага мастацкага музэю Беларусі. Прызнаньню паспрыяў нядаўна прэзэнтаваны дакумэнтальны фільм рэжысэра Максіма Шведа «Чыстае мастацтва» з Захарам Кудзіным у галоўнай ролі.
Дзякуючы ў тым ліку харызматычнаму герою стужка атрымала шырокі розгалас, тэрміны пракату некалькі разоў падаўжаліся, што досыць незвычайна для беларускай кінадакумэнталістыкі.
Падчас здымкаў удалося зьвярнуць увагу на вулічны сымбіёз цэнзуры і антывандалізму. Гэта калі ананімныя графітысты размалёўваюць будынкі, а супрацоўнікі ЖЭСаў іх зафарбоўваюць. У выніку атрымліваецца «выпадковае мастацтва». Адну з працаў, якую мастак зрабіў па матывах такога завочнага «двубоя», кіраўніцтва музэю прапанавала перадаць у дар. Цяпер яна там.
«Засталіся імклівыя карціны-крылы»
Як і Захар Кудзін, мастак Андрэй Анро адносіць сябе да экспэрымэнтальнай мастакоўскай хвалі. Яны з Захарам аднагодкі, але канкурэнтамі не былі — занадта розныя падыходы мелі да самарэалізацыі.
«Я вельмі востра адчуў гэтую страту, — прызнаецца ён. — Магчыма, таму, што мы аднаго ўзросту, абодва са сфэры сучаснага мастацтва, і мова наша агульная — жывапіс. У гэтай галіне хіба адзінкі па-сапраўднаму апантаныя пошукам і экспрэсіяй, цяпер вось на аднаго моцнага творцу стала меней. Гэта цяжка прымаць як асабіста, так і ў цэлым для беларускай культуры. Я нядаўна бачыў яго на сцэне пасьля паказу фільму „Чыстае мастацтва“. Гэта неверагодна ўдвая: стужка яшчэ ідзе, а героя ўжо няма. Ад Захара застаўся толькі вобраз — такі ж, як ягоныя апошнія імклівыя карціны-крылы».
Некалькі гадоў таму Захар далучыўся да калёніі даўншыфтэраў, якія аблюбавалі ваколіцы Вялікага і Малога Запрудзьдзя на Валожыншчыне. Набыў дамок, прыяжджаў сюды зь сям’ёй, кантактаваў зь сябрамі-суседзямі, якія сьвядома памянялі горад на вясковы антураж. Атрымлівалі асалоду ад прыроды, абмяркоўвалі сумесныя праекты, пляны на будучыню.
Але сапраўднае натхненьне мастак усё ж знаходзіў пасярод мэгаполісу — менавіта тут элемэнты ягонага «нэўрамастацтва» складваліся ў найбольш зразумелую канфігурацыю. Ён нават зьвяртаўся да менскіх уладаў з прапановай паставіць на вуліцах ягоныя абстрактныя скульптурныя кампазыцыі як альтэрнатыву традыцыйным помнікам. Але разуменьня такая ініцыятыва так і не знайшла.
За сваё непрацяглае жыцьцё ў мастацтве Захар Кудзін пасьпеў арганізаваць шэраг запамінальных пэрсанальных экспазыцый. Акрамя Беларусі, выстаўляўся ў ЗША, Нямеччыне, Польшчы, Літве, прэзэнтаваў краіну на міжнароднай біенале ў Пэкіне.
Жалобная цырымонія разьвітаньня з мастаком адбудзецца 31 сьнежня а 13-й гадзіне ў рытуальнай залі № 2 на тэрыторыі менскага пахавальнага прадпрыемства на вуліцы Альшэўскага, 10. Пасьля гэтага цела перавязуць у крэматорый на Паўночных могілках.
Мастацка-музычны пэрформанс "Шум" Захара Кудзіна і Арцёма Фрэнкеля