Цягам 26 і 27 сьнежня за акцыі пратэсту супраць інтэграцыі з Расеяй асудзілі 25 чалавек. Некаторыя сустрэнуць Новы год «на сутках».
Што адбылося?
У сьнежні ў Менску прайшло 4 акцыі супраць інтэграцыі, супраць іх асобных удзельнікаў завялі адміністрацыйныя справы за парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў.
Агулам за два дні суды аштрафавалі ўдзельнікаў акцыі на 16 322 рублі. Асобных удзельнікаў акцыі аштрафавалі на 5–15 сутак.
Каго пакаралі?
- Вольга Быкоўская — штраф 510 рублёў.
- Андрэй Войніч — штраф 765 рублёў.
- Юрась Губарэвіч — штраф 765 рублёў.
- Ільля Дабратвор — штраф 765 рублёў.
- Антось Жылко — штраф 637,75 рубля.
- Віктар Кавалькоў (а. Вікенцій) — штраф 765 рублёў.
- Зьміцер Казакевіч — штраф 1275 рублёў.
- Дзяніс Красачка — штраф 637,75 рубля.
- Леанід Кулакоў — 10 сутак арышту і 1275 рублёў штрафу.
- Галіна Лагацкая — штраф 765 рублёў.
- Алесь Лагвінец — штраф 765 рублёў.
- Пётра Маркелаў — штраф 765 рублёў.
- Мая Навумава — штраф 1275 рублёў.
- Пётр Папраўка — штраф 510 рублёў.
- Аляксей Прохараў — штраф 127,5 рубля.
- Андрэй Рогаў — штраф 765 рублёў.
- Дзяніс Садоўскі — штраф 510 рублёў.
- Натальля Саматыя — штраф 765 рублёў.
- Павал Севярынец — 15 сутак арышту і штраф 1275 рублёў.
- Алена Талстая — 5 сутак арышту і штраф 1275 рублёў.
- Сяргей Ціханоўскі — 15 сутак арышту.
- Алесь Чахольскі — 15 сутак арышту
- Стась Шашок — 15 сутак арышту.
- Ірына Шчасная — штраф 765 рублёў.
- Дзяніс Юркевіч — штраф 637,75 рубля.
На 29 сьнежня апазыцыя заплянавала чарговую акцыю пратэсту. Яшчэ адна акцыя 28 сьнежня не адбылася.
«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць
- Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
- Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
- Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
- У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
- Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
- 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
- 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
- Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
- Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску 7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
-
Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.
- 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».
Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»