Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штрафы і суткі. У Менску прайшлі суды за акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі

абноўлена

Пратэст супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі з Расеяй у Менску, 21 сьнежня 2019 году
Пратэст супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі з Расеяй у Менску, 21 сьнежня 2019 году

Цягам 27 сьнежня маюць прайсьці суды за «парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў» над прынамсі 13 актывістамі, піша «Вясна».

Што адбылося? Усіх актывістаў судзяць за акцыі пратэсту супраць паглыбленьня інтэграцыі з Расеяй 7 і 8 сьнежня паводле арт. 23.34 КаАП (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў). Большасьць — паводле ч. 1 (за гэта пагражае арышт або штраф да 765 рублёў), але некаторых паводле ч. 3 (арышт або штраф ад 510 да 1275 рублёў). ​

На гэты момант вядома пра наступныя прысуды 27 сьнежня:

  • Алесь Чахольскі15 сутак арышту — арт. 23.34 КаАП (суд Цэнтральнага раёну Менску).
  • Стась Шашок15 сутак арышту — арт. 23.34 КаАП (судзьдзя Тацяна Мотыль).
  • Леанід Кулакоў 10 сутак арышту — за акцыю 7 сьнежня, а таксама 1275 рублёў штрафу — за акцыю 8 сьнежня, ч. 1 арт. 23.34 КаАП (судзьдзя Анастасія Ляйкоўская).
  • Пётра Маркелаў — штраф 765 рублёў, ч. 1 арт. 23.34 КаАП (судзьдзя Іван Неўмяржыцкі).
  • Юрась Губарэвіч — штраф 765 рублёў, ч. 1 арт. 23.34 КаАП (судзьдзя Сьвятлана Чэрэповіч).
  • Галіна Лагацкая штраф 765 рублёў, ч. 1 арт. 23.34 КаАП (судзьдзя Ганна Ігнацьева).
  • Андрэй Рогаў — штраф 765 рублёў, ч. 1 арт. 23.34 КаАП (судзьдзя Тацяна Ліньнік).
  • Мая Навумава — штраф 1275 рублёў, ч. 3 арт. 23.34 КаАП (судзьдзя Аляксандар Сяргей).
  • Дзяніс Юркевіч — штраф 637,75 рублёў, ч. 1 арт. 23.34 КаАП (судзьдзя Максім Трусевіч).
  • Антось Жылко — штраф 637,75 рублёў, ч. 1 арт. 23.34 КаАП (судзьдзя Аляксандр Барысёнак).
  • Дзяніс Красачка — штраф 637,75 рублёў, ч. 1 арт. 23.34 КаАП (судзьдзя Ганна Ігнацьева).
  • Сяргей Ціханоўскі 15 сутак арышту — арт. 23.34 КаАП (судзьдзя Алена Шайн).​

Судзіць маюць таксама актывістаў Сяргея Спарыша, Віталя Трыгубава і іншых. Суд над Вячаславам Сіўчыкам перанесьлі на няпэўны тэрмін, бо ён знаходзіцца за мяжой.

Актывісты Вячаслаў і Марына Касінеравы увечары 26 сьнежня атрымалі позвы ў суд на раніцу таго ж дня — іх вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі 20 сьнежня (ч.1 арт. 23.34 КаАП). Ці прайшоў суд бязь іхнага ўдзелу, яны ня ведаюць.

Затрыманьні актывістаў

Раніцай 27 сьнежня быў затрыманы актывіст «Эўрапейскай Беларусі» Леанід Кулакоў. Пазьней ён паведаміў праваабаронцам, што пасьля затрыманьня яго завезьлі ў Партызанскі РУУС, дзе склалі пратакол за ўдзел у акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй 20 сьнежня. За акцыю 7 сьнежня Кулакова сёньня асудзілі на 10 сутак арышту. Ён, як і Павал Севярынец, правядзе Новы Год у турме на завулку Акрэсьціна. Таксама чакаецца суд над ім за ўдзел у акцыі 8 сьнежня.

Апоўдні зьявіліся паведамленьні пра затрыманьне адказнага сакратара ўправы КХП БНФ Алеся Чахольскага. Пазьней выявілася, што ён быў затрыманы яшчэ днём раней, правёў ноч у ізалятары. Яго асудзілі на 15 сутак арышту.

Увечары 26 сьнежня таксама затрымалі экс-кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Стася Шашка. На судзе, што пачаўся а 13-й гадзіне 27 сьнежня, высьветлілася, што яго вінавацяць ва ўдзеле ў акцыі 20 сьнежня і выгуках «Жыве Беларусь!». Суд праходзіў без прысутнасьці сьведак, бязь відэадоказаў. У выніку судзьдзя Тацяна Мотыль агучыла вырак: 15 сутак арышту.

Каля 11-й раніцы 27 сьнежня на ўскрайку Жлобіна затрымалі блогера Сяргея Ціханоўскага (Youtube-канал «Страна для жизни»). Ён ехаў на здымкі ў Менск шашой М5. Непадалёк ад Жлобіна яго спынілі супрацоўнікі ДАІ.

Таксама правабарончы цэнтар «Вясна» паведамляе пра затрыманьне 27 сьнежня супрацоўнікамі Цэнтральнага РУУС Менску Ўладзімера Цыгановіча (блогер MozgON).

Днём раней Паўла Севярынца за заклікі ў інтэрнэце на акцыю 7 сьнежня асудзілі на яшчэ 11275 рублёў штрафу і арыштавалі на 15 сутак.

Яшчэ адну актывістку Алену Талстую арыштавалі на 5 сутак у залі суду за ўдзел у акцыі. Яна абвясьціла галадоўку. Таксама аштрафавалі яшчэ прынамсі 11 чалавек на сумы ад 127,5 рубля да 765 рублёў.

«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
  • Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
  • Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
  • Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
  • У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
  • Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
  • 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
  • 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
  • Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
  • Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску ​7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
  • Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.

  • 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».

Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG