Увечары 21 сьнежня ў Менску прайшла ўрачыстая вечарына ў рэстарацыі «Лебядзіны». На ёй, як вынікае з сацсетак, прысутнічаў кіраўнік дзяржавы, які і дазволіў яе будаўніцтва ў заказьніку.
Дзяржаўны тэлеканал «Беларусь-1» паведамляў пра адкрыцьцё «Алімпік парку» каля «Менск-арэны» і рэстарацыі «Лебядзіны» ў раёне аднайменнага заказьніку. Адзначалася, што «гасьцямі ўрачыстай цырымоніі сталі знакамітыя спартоўцы і мэдыяпэрсоны», але не ўдакладнялася, што ў іх ліку быў Аляксандар Лукашэнка. Дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА паведамляла толькі, што Аляксандар і Мікалай Лукашэнкі гулялі ў хакей у «Алімпік-парку» ў той дзень.
Ды відэа зь ім апублікавала ў Instagram опэрная сьпявачка Маргарыта Ляўчук. Арыгінал відэа выдалены, але копія захавалася ў Reform.by. На фота сьпявачкі, адзначае «Белсат», відаць, што чалавек, падобны да Лукашэнкі, таксама танцаваў зь невядомай дзяўчынай.
Акрамя Лукашэнкі, на адкрыцьці выступілі гурты J:Морс (іхны дырэктар адзначыў, што фатаграфаваць імпрэзу забаранілі) і «Тяни-толкай», а таксама сьпявачка Алена Ланская. Прысутнічалі старшыня Менгарвыканкаму Анатоль Сівак і былы хакеіст, памочнік галоўнага трэнэра ХК «Дынама-Менск» Міхаіл Грабоўскі. На відэа таксама заўважны чалавек, падобны да міністра замежных справаў Уладзімера Макея.
Імпрэза была закрытая. Як удакладнілі карэспандэнту Onliner.by у кампаніі «Тапас», сама рэстарацыя пакуль закрытая для наведнікаў.
***
За апошнія гады ад тэрыторыі заказьніка «Лебядзіны» каля Менску адрэзалі пад будаўніцтва 8 га зямлі з агульных 51,5 га. У лістападзе на тэрыторыі, што ўваходзіла ў заказьнік, здалі ў эксплюатацыю рэстарацыю «Лебядзіны», якую збудавала кампанія «Тапас» і якая мае належыць Нацыянальнаму алімпійскаму камітэту.
Будаўніцтва рэстарацыі прызнавалі незаконным, але пракуратура Менску ня ўбачыла падставаў для прыняцьця мераў пракурорскага рэагаваньня на парушэньне закону.
Летась забудоўніка аштрафавалі за працы без дазволу, але ўказам Лукашэнкі ад 5 сьнежня 2018 году № 468 у генплян Менску тэрмінова ўнесьлі зьмены — будоўлю выключылі з зоны прыродных тэрыторыяў пад асаблівай аховай.