Лінкі ўнівэрсальнага доступу

70 чыстых кароў, 5 ужываных аўтазакаў. Як патраціць штрафы апазыцыянэраў і журналістаў


Акцыя пратэсту супраць інтэграцыі з Расеяй, ілюстратыўнае фота
Акцыя пратэсту супраць інтэграцыі з Расеяй, ілюстратыўнае фота

Як сёлета штрафавалі грамадзкіх актывістаў і журналістаў і на што б хапіла гэтых грошай.

86 тысяч беларускіх рублёў — столькі штрафаў ужо выпісалі грамадзкім актывістам і журналістам за 2019 год. Гэта вынікае са штомесячных справаздач праваабарончага цэнтру «Вясна».

18 сьнежня пачалі затрымліваць удзельнікаў акцыяў супраць інтэграцыі з Расеяй 7 і 8 сьнежня. Так што штрафаў можа стаць болей.

На што можна патраціць гэтыя грошы

Аднапакаёўка ў Менску. За 86 тысяч рублёў ці 43 тысячы даляраў у Менску можна купіць аднапакаёўку ў «хрушчоўцы», але на элітнае жытло не хопіць.

3 мільёны мяхоў бульбы хопіць на штрафы, якія заплацілі актывісты ў 2019 годзе.

За грошы, якія пайшлі на штрафы, можна было б набыць для сталічнай міліцыі цэлых 5 ужываных аўтазакаў (у 2017 годзе ужываны аўтазак прадавалі за 16,5 тысяч рублёў). Ці 3 навюткія Geely для кіраўнікоў райвыканкамаў.

22 вэнтылятары для КДБ па Віцебскай вобласьці можна было б набыць за кошт адных штрафаў. Сайт дзяржаўных закупаў інфармуе, што такіх вэнтылятараў для адміністрацыйнага будынку КДБ у Віцебску трэба 27.

На газэту адміністрацыі прэзыдэнта «СБ: Беларусь сегодня» можна было б падпісаць 1529 апазыцыянэраў за імі ж аплачаныя штрафы на паўгода.

Агулам за 2019 год плянавалі сабраць штрафаў на 100 мільёнаў рублёў. Атрымліваецца, што штрафы актывістам складаюць толькі 0,9% ад гэтай сумы.

Грошай за штрафы хапіла б, каб набыць 70 абсалютна чыстых кароў. А гэта ўжо фэрма ці нават дзьве.

Каго штрафавалі

Праваабаронцы паведамляюць, што шмат штрафаў сёлета выпісана актывістам, якія пратэстуюць супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Найбольш дасталося блогеру Сяргею Пятрухіну, якому налічылі штрафаў на некалькі тысяч даляраў.

Штрафавалі таксама актывістаў, якія пратэстуюць супраць рэстарану «Поедем поедим» у Курапатах. Найбольш штрафавалі актывістаў Маладога фронту, Ніну Багінскую, Паўла Севярынца.

Таксама ў 2019 вынесьлі прысуд Марыне Золатавай у «справе БелТА». Золатавай разам з кампэнсацыяй прысудзілі штраф у 13650 рублёў.

За 2019 год неаднойчы штрафавалі і журналістаў тэлеканалу «Белсат» за працу на замежныя СМІ без акрэдытацыі. Агулам за час існаваньня каналу журналістаў «Белсату» аштрафавалі на 96 661 даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG