Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новым кіраўніком Беларускага саюзу мастакоў выбралі Глеба Отчыка


Выстава, прысьвечаная 100-годзьдзю абвяшчэньня незалежнасьці БНР
Выстава, прысьвечаная 100-годзьдзю абвяшчэньня незалежнасьці БНР

17 сьнежня ў Менску прайшоў зьезд Беларускага саюзу мастакоў. Новым старшынём арганізацыі выбралі Глеба Отчыка.

Раней 36-гадовы Глеб Отчык быў першым намесьнікам кіраўніка саюзу.

Напярэдадні зьезду гучалі прапановы зьмяніць статут арганізацыі, каб працягнуць паўнамоцтвы старшыні аб’яднаньня Рыгора Сітніцы, але ён сышоў пасьля двух дапушчальных тэрмінаў.

Сярод прэтэндэнтаў на старшынёўскае крэсла таксама называліся старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Сьвятлана Баранкоўская, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Віктар Альшэўскі і скульптар, графік Аляксандар Шапо.

Рыгор Сітніца
Рыгор Сітніца

Як адзначыў у справаздачнай прамове Рыгор Сітніца, ён узначаліў саюз, калі той рызыкаваў «разваліцца» праз ідэйныя супярэчнасьці. Аднак шэсьць прамінулых гадоў арганізацыя пражыла бяз звадаў і скандалаў, чым асабіста ён найбольш ганарыцца.

Акрамя таго, ва ўмовах фінансавай абмежаванасьці ўдалося пашырыць выставачныя залі, далучыўшы рэгіянальныя пляцоўкі, а таксама ўзбуйніць маёмасную базу, набыўшы новы цэх для скульптурнага камбінату.

Сам Рыгор Сітніца спрычыніўся да рэалізацыі шэрагу грамадзкіх ініцыятываў, зьвязаных з прасоўваньнем праз Менгарвыканкам шыльдаў і памятных дошак у гонар знакавых асобаў і падзеяў.

У Беларускі саюз мастакоў уваходзіць каля тысячы чалавек. Адной з найбольш паважаных і масавых зьяўляецца суполка «Пагоня», якая на мяжы 1980–1990-х адыграла важную ролю ў працэсе нацыянальнага адраджэньня Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG