4 студзеня 1960 году ў аўтакатастрофе загінуў Альбэр Камю, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры, аўтар знакамітых кніг «Чума» і «Чужаніца». Аўтамабіль, за стырном якога быў выдавец Мішэль Галімар, раптам урэзаўся ў дрэва. Шмат каму тады здалося дзіўным, што катастрофа адбылася на доўгім адцінку простай і шырокай дарогі, на якой не было ажыўленага руху. Аднак паліцыя палічыла здарэньне звычайнай аварыяй па віне няспраўнага кола. Аўтамабіль маркі Facel-Vega быў разьбіты ўшчэнт, Мішэль Галімар памёр празь некалькі дзён.
Тэму дасьледаваў наш калега з расейскай службы Радыё Свабода Дзьмітры Волчак.
У 1980-м чэскі пісьменьнік і перакладчык Ян Забрана (1931-1984) напісаў у сваім дзёньніку, што сьмерць Камю не была выпадковасьцю.
Камю загінуў праз тры месяцы пасьля забойства Сьцяпана Бандэры агентам КГБ
Паводле яго, добра інфармаваны чалавек з сувязямі ў СССР паведаміў яму, што гэта быў замах, падрыхтаваны агентамі КГБ. «Яны абсталявалі шыну інструмэнтам, які прабіў яе, калі аўтамабіль ехаў на высокай хуткасьці». Апэрацыя, паводле яго, была задуманая яшчэ ў 1957 годзе Дзьмітрыем Шапілавым. Міністар замежных справаў Савецкага Саюзу быў разьюшаны артыкулам Камю «Кадар і яго дзень страху», у якой гаворка ішла пра адказнасьць Шапілава за праліцьцё крыву ў Вугоршчыне. Камю пісаў пра прамову, зь якой Шапілаў выступіў у ААН, апраўдваючы савецкае ўварваньне ў Вугоршчыну, і пра яго крытыку «заходняга мастацтва»:
Міністар Шапілаў, вяртаючыся з Парыжу, наважваецца казаць, што «заходняе мастацтва нявечыць чалавечую душу». Варта нагадаць яму, што нашы пісьменьнікі і мастакі нікога не забілі і па-ранейшаму велікадушна не вінавацяць тэорыю сацрэалізму ў масавых забойствах, якія праходзілі пад прыкрыцьцём або на загад Шапілава і яму падобных. Праўда палягае ў тым, што ў нашых шэрагах знойдзецца месца для ўсяго, нават для зла, у тым ліку і для шапілаўскіх пісакаў, але таксама і для гонару, для дрэва жыцьця, для прыгодаў інтэлекту. А ў сталінісцкай культуры няма месца ні для чаго, акрамя казаньняў і павучаньняў, шэрых будняў і запаведзяў прапаганды.
Шапілаў, які належаў да ліку кансэрватараў у савецкім кіраўніцтве, неўзабаве трапіў у няласку і быў прылічаны Хрушчовым да ліку ўдзельнікаў антыпартыйнай групы, у гісторыі застаўся выраз «и примкнувший к ним Шепилов». Улетку 1957 году ён пазбавіўся ўсіх пасадаў. Аднак, калі верыць гэтай вэрсіі, яго рашэньне прыбраць Камю па-ранейшаму лічылі мэтазгодным.
«Падобна на тое, выведцы спатрэбілася тры гады, каб выканаць загад, — піша Забрана ў дзёньніку. — Яны справіліся ў рэшце рэшт, і да сёньняшняга дня ўсе думалі, што Камю загінуў у звычайнай аўтамабільнай аварыі. Мой суразмоўца адмовіўся раскрыць сваю крыніцу, але сьцьвярджаў, што яна абсалютна вартая даверу».
СССР быў вельмі раздражнёны лютай міжнароднай кампаніяй, якую праводзіў Камю, абураны савецкім уварваньнем ў Вугоршчыну
Забрана быў дысыдэнтам, і яго дзёньнікі «Маё жыцьцё» выйшлі ў Чэхіі — з прадмовай Вацлава Гаўла — толькі пасьля Аксамітнай рэвалюцыі. На запіс пра сьмерць Камю першым зьвярнуў увагу італьянскі пісьменьнік Джавані Катэлі. У 2011 годзе ён пачаў расьсьледаваньне, у 2013 годзе апублікаваў кнігу «Камю павінен памерці», а восеньню 2019 году ў Францыі, да 60-й гадавіны з дня сьмерці пісьменьніка, зьявілася пашыранае выданьне — «Сьмерць Камю».
КГБ спрабаваў выдаць забойства за няшчасны выпадак
Сталінская праграма кропкавых забойстваў за мяжой, самай вядомай ахвярай якой стаў Леў Троцкі, працягвалася і пры Хрушчове. 12 кастрычніка 1957 году агентам КГБ у Мюнхене быў забіты юрыст і публіцыст Леў Рэбет, 15 кастрычніка 1959 году — Сьцяпан Бандэра. Вядома, што за хадою гэтых спэцапэрацый сачыў Хрушчоў. У абодвух выпадках КГБ спрабаваў выдаць забойства за няшчасны выпадак: прычынай сьмерці Рэбета спачатку назвалі інфаркт, а падрабязнасьці сталі вядомыя толькі пасьля таго, як забойца, агент КГБ Багдан Сташынскі, узнагароджаны за свае злачынствы ордэнам Чырвонага Сьцяга, уцёк у 1961 годзе на Захад.
Такім чынам, калі верыць вэрсіі, выкладзенай у кнізе Катэлі, праз тры месяцы пасьля забойства Сцяпана Бандэры ахвярай гэтак сама старанна распрацаванай апэрацыі КГБ стаў Альбэр Камю.
Кніга «Сьмерць Камю» зьявілася ў тым самым часе, калі эўрапейскія спэцслужбы і журналісты-сьледчыя выяўляюць новыя сьведчаньні таго, што расейскія спэцслужбы працягваюць праграму ліквідацыі непажаданых рэжыму людзей, выкарыстоўваючы розныя мэтады — Аляксандар Літвіненка, Сяргей Скрыпаль і Емяльян Гебрэў былі атручаныя, Зэлімхан Хангашвілі застрэлены, а, як гаворыцца ў расьсьледаваньні BuzzFeed, мільянэр Скот Янг і некалькі яго знаёмых былі забітыя рознымі спосабамі так, што ў брытанскай паліцыі склалася меркаваньне, быццам яны пакончылі сабой. Ёсьць падставы падазраваць, што былы міністар друку Лесін, а таксама бізнэсоўцы Барыс Беразоўскі і Аляксандар Перапялічны таксама былі забітыя.
Матывы для замахаў на жыцьцё Рэбета і Бандэры відавочныя, але чаму Камю? Зразумела, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі раздражняў савецкія ўлады ня толькі тым, што крытыкаваў разжалаванага да таго часу Шапілава.
Француская кампартыя ў канцы 1950-х гадоў перажывала цяжкія часы. Да вугорскіх падзей яна карысталася падтрымкай шматлікіх інтэлектуалаў, у першых шэрагах яе абаронцаў быў Жан-Поль Сартр. Ідэалягічная спрэчка паклала канец сяброўству Сартра з Камю. У эсэ «Бунтаўнічы чалавек» (1951) Камю асудзіў рэвалюцыйны гвалт, які служыць для таго, каб павярнуць гісторыю ў патрэбным кірунку і ўсталяваць «справядлівасьць, якая імкнецца да падаўленьня любых супярэчнасьцяў і забівае свабоду». Навіны з СССР жахалі Камю, ён выдатна разумеў, што гэта краіна бяспраўя. Сартр, які ўхваляў гвалт у імя «справядлівасьці», меркаваў, што для пабудовы камуністычнага грамадзтва неабходная бязьлітасная рэвалюцыя, паколькі існуючы парадак варта сьцерці з твару зямлі. Прасьвятленьне ў Сартра, як і ў многіх левых інтэлектуалаў, наступіла ў 1956 годзе, пасьля дакладу Хрушчова на XX зьезьдзе КПСС і бязьлітаснага здушэньня паўстаньня ў Вугоршчыне. І ўсё ж кампартыя Францыі заставалася моцнай, сяброў у Савецкага Саюза па-ранейшаму было нямала, і агентура КГБ адчувала сябе ў Францыі прывольна.
Камю турбаваў рост прасавецкіх настрояў у Эўропе і гатовасьць францускіх левых заплюшчваць вочы на злачынствы ў Вугоршчыне і іншых паняволеных краінах, нежаданьне бачыць у фінансаваным СССР «арабскім адраджэньні» экспансію гвалту.
Падрыхтаваны загадзя плян ліквідацыі быў прыведзены ў дзеяньне перад візытам Хрушчова ў Францыю
У кнізе «Сьмерць Камю» Джавані Катэлі прыводзіць сьведчаньне Жака Вэржэса (1925-2013), знакамітага «адваката д’ябла», які абараняў альжырскіх тэрарыстаў, Карласа-Шакала, нацысцкага злачынца Клаўса Барб’е і Слабадана Мілошавіча. Калі верыць яго сябру, італьянскаму юрысту Джуліяна Спацалі, Вэржэс ведаў пра тое, што Камю быў ліквідаваны савецкімі спэцслужбамі. Больш за тое, ён лічыў, што француская выведка была ў курсе таго, што КГБ плянуе забіць Камю, але не ўмяшалася, каб не нашкодзіць наладжваньню савецка-французскіх адносін.
У траўні 1960 году, празь некалькі месяцаў пасьля гібелі Камю, Мікіта Хрушчоў прыбыў зь візытам у Парыж. У сваіх успамінах ён расказвае, які ціск рабіў СССР на Францыю, запалохваючы яе узмацненьнем эканомікі Нямеччыны і пагражаючы скасаваць дамову аб дружбе, калі Францыя працягне палітыку, якая ідзе ў «фарватэры з самымі агрэсіўнымі сіламі NATO».
«Калі вывучыш доказы, якія прапанаваў Катэлі, цяжка не пагадзіцца зь ім. Такім чынам, «аўтамабільная катастрофа» цяпер павінна быць зарэгістраваная як «палітычнае забойства». Да такой высновы прыходзіць знакаміты амэрыканскі пісьменьнік Пол Остэр, які высока ацаніў кнігу «Сьмерць Камю».
Камю нажыў уплывовых ворагаў, і многія маглі быць зацікаўленыя ў яго ліквідацыі
Джавані Катэлі — паэт, празаік і публіцыст, спэцыяліст па Ўсходняй Эўропе, супрацоўнік ЕаST Journal. Яго расьсьледаваньне абставінаў сьмерці Камю ў Расеі заўважана толькі цяпер, калі пра кнігу напісала брытанская «Guardian». Дадатковых дасьледаваньняў расейскія экспэрты не рабілі, хіба што ў «Известиях» 8 гадоў таму была апублікаваная нататка, у якой падаецца меркаваньне біёграфа Камю Мішэля Анфрэ, які лічыць вэрсію падрыхтаванай катастрофы непраўдападобнай, таму што пісьменьнік зьбіраўся ехаць у Парыж на цягніку і толькі ў апошні момант вырашыў выправіцца на машыне Мішэля Галімара. «КГБ меў у сваім распараджэньні розныя сродкі, якія дазволілі б зьнішчыць Камю. Саветы, магчыма, і хацелі б расправіцца з Камю, але не такім чынам».
«Guardian» падае меркаваньне літаратуразнаўцы Элісан Фінч, якая лічыць неверагодным дапушчэньне Вэржэса нібыта францускія спэцслужбы ведалі пра рыхтаваны замах і сьвядома ня сталі нічога прадпрымаць. «Гэта азначае, што забойства было ўхваленае на самым высокім узроўні, магчыма дэ Голем. Мне гэта здаецца непраўдападобным. Дэ Голь сам быў пісьменьнікам, вельмі паважаў францускіх інтэлектуалаў, у тым ліку тых, зь якімі ня быў згодны».
Нягледзячы на гэтую крытыку, Джавані Катэлі ўпэўнены ў тым, што зрабіў слушную выснову. Вось што ён расказаў Радыё Свабода.
— КГБ арганізавала мноства забойстваў за мяжой, і расейскія спэцслужбы працягваюць забіваць людзей, але ўсё ж цяжка паверыць, што Хрушчоў ўхваліў ў 1960 годзе замах на жыцьцё знакамітага францускага пісьменьніка. Навошта гэта яму трэба?
На пахаваньні Камю адкрыта казалі, што аварыя была падстроеная
— Камю, пасьля яго дыскусіі з Сартрам вакол СССР і ГУЛАГу, быў у тыя гады аб’ектам агрэсіўнай крытыкі з боку Францускай кампартыі. Акрамя таго, СССР быў вельмі раздражнёны лютай міжнароднай кампаніяй, якую праводзіў Камю, абураны савецкім уварваньнем ў Вугоршчыну. Ён наўпрост асуджаў міністра замежных справаў Шапілава, які, як піша Ян Забрана, і даў загад яго зьнішчыць. Калі верыць заявам Вэржэса, падрыхтаваны загадзя плян ліквідацыі быў прыведзены ў дзеяньне перад візытам Хрушчова ў Францыю, каб для нованароджанай савецка-францускай дружбы не было ніякіх перашкод.
— Якія былі палітычныя погляды Камю?
— Камю быў па сутнасьці анархістам, і яго разважаньні на палітычныя тэмы ў асноўным публікаваліся ў анархісцкіх часопісах. Ён быў расчараваны сытуацыяй у Савецкім Саюзе і рэзка крытыкаваў гулагаўскую сыстэму, ты, часам як Сартр абараняў СССР. Яркая журналісцкая і палітычная дзейнасьць Камю ішла на некалькіх франтах: ён пісаў пра савецкае ўварваньне ў Вугоршчыну, пра сытуацыю ў францускім Альжыры, пра фашысцкую дыктатуру Франка ў Гішпаніі. Ён нажыў уплывовых ворагаў, і многія маглі быць зацікаўленыя ў яго ліквідацыі.
— Як тэхнічна быў арганізаваны замах?
— Паводле Яна Забраны, у якога была крыніца, блізкая да савецкіх спэцслужбаў, адмысловай прыладай была пашкоджаная шына аўтамабіля, у якім Камю ехаў з Галімарам, каб яна лопнула на вялікай хуткасьці. Аўтамабіль быў магутны, а Галімар любіў езьдзіць хутка.
— У 1960 году паліцыя сумнявалася, што гэта быў няшчасны выпадак?
— Паліцыя, па ўсёй бачнасьці, не праводзіла расьсьледаваньня і адразу спынілася на вэрсіі няшчаснага выпадку; лічылася, што шына лопнула без староньняга ўзьдзеяньня. Аднак адзін з маладых сяброў Камю, які цяпер жывы, паведаміў мне, што ён адразу западозрыў замах, і падчас пахаваньня Камю многія, у тым ліку выдавец Cahiers du Sud Жан Баляр, адкрыта казалі, што аварыя была падстроеная. Але ў тым часе, у сілу панаваньня Сартра і кампартыі на культурнай сцэне, гэтыя галасы не былі пачутыя.
— Ці існуюць дакумэнты, якія пацьвярджаюць вашу вэрсію, ці вы маеце ў распараджэньні толькі ўскосныя сьведчаньні?
Я заўсёды быў перакананы, што Камю быў забіты
— Вэрсія, выкладзеная ў кнізе, заснаваная на сьведчаньнях; паліцэйскія дадзеныя пацьвярджаюць, што аварыя адбылася з-за шыны, гэта і сьцьвярджаў Забрана. Сьведчаньне Вэржэса вельмі важнае, ён быў цалкам інтэграваны ў камуністычныя колы і ня быў зацікаўлены ў паклёпе на Савецкі Саюз.
— Вам удалося выявіць, хто мог быць інфарматарам Забраны?
— Я абмяркоўваў гэтае пытаньне з удавой Забраны, і мы абралі трох чалавек — усе яны езьдзілі ў Маскву і мелі сур’ёзныя сувязі.
— Як пачалося ваша расьсьледаваньне і ці яно працягваецца?
— Я заўсёды быў перакананы, што Камю, вельмі дарагі для мяне пісьменьнік, быў забіты, аднак я ня быў упэўнены ў тым, хто быў вінаваты, бо Камю, выступаючы на палітычныя тэмы, нажыў шмат ворагаў. Я думаў пра францускі або алжырскі матыў. Алжырскі Фронт нацыянальнага вызваленьня пагражаў яму сьмерцю. Калі я прачытаў нататкі Забраны, я пачаў расьсьледаваньне, паступова прыйшоў да высновы, што сьведчаньне вельмі абгрунтаванае, і вырашыў напісаць кнігу. Затым, падчас прэзэнтацыі кнігі ў Міляне, вядомы італьянскі юрыст, які сябраваў з Вэржэсам, даў мне сваё сьведчаньне, я працягнуў расьсьледаваньне, і зьявіліся новыя разьдзелы, прадстаўленыя ў аргентынскім і францускім выданьнях.