Журналіст Глеб Лабадзенка выступіў з ініцыятывай збору грошай на кнігу ўспамінаў вядомага навукоўца і грамадзкага дзеяча Радзіма Гарэцкага.
Паводле Лабадзенкі, у «іншай сытуацыі такую кнігу мела б падрыхтаваць Акадэмія навук ці дзяржава ў цэлым, бо гэта акурат той выпадак, калі пра чалавека кажуць «сумленьне нацыі».
«Але чым наракаць, прапаную сабрацца талакой і аддзячыць такім выданьнем шаноўнаму Радзіму Гаўрылавічу, які днямі адзначыў 91-годзьдзе», — заклікаў Лабадзенка.
Акадэмік Радзім Гарэцкі нарадзіўся 7 сьнежня 1928 году ў Менску. Доктар геоляга-мінэралягічных навук. Сын аднаго з заснавальнікаў Акадэміі навук Беларусі Гаўрылы Гарэцкага і пляменьнік клясыка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага, расстралянага бальшавікамі. Ягонага бацьку камуністы двойчы асуджалі да сьмерці, але замянілі прысуд на лягеры і ссылкі.
Толькі ў 1969 годзе Радзім Гарэцкі зь сям'ёй вярнуўся ў Менск. Усё жыцьцё займаўся навуковай дзейнасьцю, быў віцэ-прэзыдэнтам Акадэміі навук.
Разам з Рыгорам Барадуліным і Генадзем Бураўкіным стаў суарганізатарам Усебеларускага зьезду за незалежнасьць. Узначальваў Згуртаванне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына».
Усе гады Радзім Гаўрылавіч занатоўваў успаміны пра свой лёс. Кніга ўпамінаў ужо вярстаецца, яна зьмяшчае амаль 900 старонак.
Кніга ўжо вярстаецца, для яе друку на плятформе molamola пачалі кампанію збору сродкаў. На выданьне трэба каля 6000 рублёў.