Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У расейцаў наўрад ці будзе добры вечар». Дракахруст пра вынік перамоваў Лукашэнкі і Пуціна


Партрэт Уладзімера Пуціна на акцыі супраць інтэграцыі Беларусі і Расеі, Менск, 7 студзеня
Партрэт Уладзімера Пуціна на акцыі супраць інтэграцыі Беларусі і Расеі, Менск, 7 студзеня

Менск не зьбіраўся істотна ахвяраваць сувэрэнітэтам, Масква без гэтага ахвяраваньня не гатовая была захоўваць ці павялічваць узровень эканамічнай падтрымкі. У гэтай сытуацыі падпісаньне пустых паперак аказалася непатрэбным нікому.

Сьцісла

  • Сустрэча скончылася нічым, не адбылося ня толькі падпісаньня праграмы паглыбленьня інтэграцыі, не была дасягнутая нават агульная згода па ключавых пытаньнях двухбаковых адносінаў
  • Менск не зьбіраўся істотна ахвяраваць сувэрэнітэтам, Масква без гэтага ахвяраваньня не гатовая была захоўваць ці павялічваць узровень эканамічнай падтрымкі
  • У гэтай сытуацыі падпісаньне пустых паперак аказалася непатрэбным нікому

А як жа праграма паглыбленай інтэграцыі са шматлікімі «дарожнымі мапамі», а як жа ўрачыстае яе падпісаньне 8 сьнежня — у сымбалічны дзень 20-й гадавіны падпісаньня дамовы аб саюзнай дзяржавы?

Ніяк. Вось проста ніяк. Лукашэнка, калі прыехаў у Сочы, патлумачыў, што мэта яго прыезду — прааналізаваць вынікі і дасягненьні саюзнай дзяржавы.

Гэта значыць, што і да пачатку перамоваў ён разглядаў як вельмі малаімавернае дасягненьне нават прынцыповай згоды, ня кажучы ўжо пра гатоўнасьць падпісаць маштабнае пагадненьне ці праграму.

Да таго, што гэтага не адбудзецца, схіляў шэраг чыньнікаў. І рэзкае «на храна нам гэты саюз», сказанае Лукашэнкам у дзень выбараў 17 лістапада, і ня менш рэзкія выказваньні кіраўніка дзяржавы на адрас Расеі ў выступе 5 сьнежня перад дэпутатамі.

Нарэшце, паказьнікам была і завочная, але публічная спрэчка з Лукашэнкам расейскага прэм’ера Дзьмітрыя Мядзьведзева — і яго пярэчаньні падчас прэсавай канфэрэнцыі 5 сьнежня, і крытыка Лукашэнкі ўчора, падчас перамоваў з Румасам.

Нарэшце, паказальным было і тое, што Румас, які звычайна выказваецца вельмі асьцярожна, на перамовы зь Мядзьведзевым паехаў, агучыўшы жорсткую пазыцыю — 16 пытаньняў няўзгодненыя, Беларусь патрабуе цану на газ, як для Смаленскай вобласьці.

Ну і нарэшце — вынік учорашніх перамоваў Румаса і Мядзьведзева, якія павінныя былі навесьці апошні бляск на тыя самыя «дарожныя мапы». Вынік, гледзячы па афіцыйных паведамленьнях, быў нулявым.

Пасьля вэрбальнага абмену поўхамі на вышэйшым узроўні і безвыніковай сустрэчы прэмʼераў было складана ўявіць сабе, што два лідэры неяк за некалькі гадзінаў вырашаць праблемы, якія не былі вырашаныя на працягу году, а тое і болей.

Нават самы факт сустрэчы ў Сочы 7 сьнежня практычна выключаў магчымасьць, што 8 сьнежня два кіраўнікі кінуцца ў Маскву, каб ва ўрачыстай абстаноўцы падпісаць нешта «лёсавызначальнае».

Чаму не падпісалі паперку пра «гарманізацыю»?

Па шчырасьці, я асабіста меркаваў, што хоць нешта, хоць нейкую паперу пра «гарманізацыю» і «паглыбленьне» бакі ў Сочы сёньня ўсё ж падпішуць. Гэтага не адбылося. Чаму?

А таму што за пустую паперку расейцы ня хочуць даваць Беларусі палёгкі, ільготы і дапамогу. У сваю чаргу, і Менск быў не гатовы падпісаць ніякую іншую паперку, акрамя пустой. Лукашэнка спадзяваўся, што за яе дадуць танны газ, нафту і іншае. Аказалася, што не гатовыя. І не зьбіраюцца. А тады паперка са шматлікімі «дарожнымі мапамі» стала непатрэбнай нікому.

І сытуацыя аказалася дакладна такой, якой яна была год таму, калі Мядзьведзеў у Берасьці агучыў свой ультыматум: дапамога толькі ў абмен на рэальнае паглыбленьне інтэграцыі.

І за год ніякага кампрамісу ў гэтым пытаньні не знайшлося, не адбылося абмену долі сувэрэнітэту, якой Менск мог без рызыкі ахвяраваць, на задавальненьне хаця бы часткі пажаданьняў Менску.

Усё вярнулася на колы свае, да «кансэрватыўнага варыянту», пра які Мядзьведзеў летась, дарэчы, таксама прыгадваў: усё застаецца, як ёсьць, інтэграцыя не паглыбляецца, але расейская дапамога, палёгкі і гэтак далей — па мінімуму.

Цана ў 200 даляраў — успамін пра будучыню

Варта зьвярнуць увагу на рэпліку Лукашэнкі ў Сочы наконт таго, што Беларусі адно, што трэба — роўныя ўмовы гаспадараньня, роўныя цэны. Ён патлумачыў, што хай будзе цана на газ хоць 200 даляраў за 1000 кубамэтраў, абы роўная ўнутрырасейскай.

Тут лічба цікавей пажаданьня. Напрыканцы 2017 году Лукашэнка паехаў у Пецярбург на саміт ЭАЭС і ўчыніў там публічны скандал па газавым пытаньні, абурыўшы цаной у 129 даляраў і сказаўшы, што цана для Беларусі павінная быць, як для Смаленскай вобласьці — 70 даляраў. На што Пуцін адказаў — а рынкавую цану ня хочаце, у 200 даляраў? Цікава, што цяпер у Сочы Лукашэнка назваў дакладна тую лічбу, якую два гады таму агучыў Пуцін.

Ня выключана, што менавіта такую цану Расея цяпер прадʼявіць Беларусі. Для Смаленскай вобласьці — 70, а для Беларусі — 200, як Пуцін 2 гады таму і казаў. Можа і не зусім такую, можа і паменш. Але цалкам імаверна, што істотна вышэйшую, чым яна была сёлета.

Ужо абвешчана, што наступны раз два кіраўнікі сустрэнуцца 20 сьнежня. Абстрактна кажучы, ёсьць тэарэтычная ненулявая імавернасьць, што ўжо вось тады яны ўсё ж дамовяцца і Лукашэнка здасьць незалежнасьць.

Але ў сьвятле вынікаў сёньняшніх перамоваў, у сьвятле відавочнага правалу пляну падпісаць адпаведную праграму 8 сьнежня, мне асабіста гэта ўяўляецца нерэальным.

А вось што рэальна, дык гэта істотныя абмежаваньні на расейскія даброты, і першая — больш высокая цана на газ у новым кантракце на пастаўкі і транзыт газу.

У прынцыпе, як расейцы і прапаноўвалі: усе практычныя пытаньні — толькі пасьля вырашэньня пытаньня пра паглыбленьне інтэграцыі. Пытаньне пра паглыбленьне інтэграцыі вырашанае — рашэньне адмоўнае. Адпаведна за гэта Беларусі і беларусам давядзецца плаціць.

Беларускі праўрадавы тэлеграм-канал «Пул Первого» пасьцябаўся з нагоды вынікаў сочынскага саміту, напісаў, што «у расейскага боку будзе добры вечар, дзякуючы падарункам ад Лукашэнкі — кілбасе, цукеркам, салу, сыру».

Насамрэч добрым ён у расейцаў наўрад ці будзе. Яны хацелі ад Лукашэнкі атрымаць зусім іншыя падарункі. Не атрымалі.

Расейскія даброты ў абмен на беларускі сувэрэнітэт былі для беларусаў сырам у мышалоўцы. Цяпер мышалоўка застанецца, але сыру будзе менш, магчыма і заўважальна.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG