Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выпрастаную раку Нараўку вернуць у «крывое» рэчышча


Рака Нараўка, 2018 год
Рака Нараўка, 2018 год

У 2020 годзе ў Беларусі пачнуць вяртаць у натуральнае рэчышча раку Нараўку, што пачынаецца ў Белавескай пушчы, піша «СБ. Беларусь сегодня».

Нараўку выпрасталі ў канцы XIX і пачатку XX стагодзьдзя, а ў 1950-я і 60-я правялі мэліярацыю, зрабілі па рэчышчы шэраг каналаў. Генэральны дырэктар Нацыянальнага парку «Белавеская пушча» Аляксандар Буры растлумачыў, што цяпер «выпраўляюць памылкі», каб захаваць запаведнік.

«Нараўка — адна з галоўных водных артэрыяў Белавескай пушчы, і праект рэнатуралізацыі мае міжнароднае значэньне, — казаў Буры. — У выніку мы плянуем стварыць паказальны ў пэўным сэнсе аб'ект, як для навукоўцаў, так і для турыстаў. Гэта вельмі важна для ўсіх нас, для пушчы, дзе падае ўзровень грунтавых вод, ўсыхаюць яловыя і ясеневую лесу».

Віктар Фянчук, які каардынуе беларускія праекты «Аховы птушак Бацькаўшчыны» і Франкфурцкага заалягічнага таварыства, тлумачыць Свабодзе, што гэта ня першая беларуская рака, якую «выкрывяць» у натуральнае рэчышча, але першая, дзе спатрэбяцца працы такога маштабу. У Белавескай пушчы сёлета ўжо вярнулі ў старое рэчышча малую раку Саломенку, былі і іншыя малыя рэкі, але Нараўка — ужо рака сярэдняга ўзроўню. І гэта, кажа Фянчук, першы падобны праект такой гістарычнай значнасьці.

«Мы разглядаем не саму рэчку Нараўку, а яе ў комплексе з балотам Дзікі Нікар, зь якога яна калісьці пачыналася, а цяпер гэтае балота ў вярхоўі ракі, — тлумачыць ён. — Балота Дзікі Нікар стала першым вялікім праектам аднаўленьня балота ў Нацыянальным парку „Белавеская пушча“. Гэта было пачаткам працы, і раку Нараўку мы разглядаем як адзіны комплекс з балотам.

І гэта, напэўна, адзін з найбольш значных гідралягічных аб’ектаў у Белавескай пушчы. Больш за тое, гэта трансгранічны аб’ект, і ў Польшчы яна зьяўляецца асноўнай воднай артэрыяй, якая дае ваду Белавескаму нацыянальнаму парку. Мы можам казаць ня толькі пра тое, наколькі яна важная для Беларусі, але можам казаць пра яе ў кантэксьце трансгранічнай Белавескай пушчы».

На сустрэчы, прысьвечанай праекту, прадстаўнікі і Беларусі, і польскага Белавескага нацыянальнага парку падкрэсьлівалі, што Белавеская пушча — гэта адзіны лясны масіў і адзіны аб’ект, хоць і знаходзіцца на тэрыторыі дзьвюх дзяржаваў. З польскага боку на Нараўцы такія работы ўжо праведзеныя, а падыходы да кіраваньня аб’ектам павінны разглядацца ў трансгранічным кантэксьце — стан ракі ўплывае і на беларускую, і на польскую частку Белавескай пушчы.

Работы на Нараўцы мяркуецца правесьці па-рознаму на чатырох участках. Мяркуецца, што на адным цалкам адновяць старое рэчышча, на другім зробяць разрывы ў земляным вале, каб вада расьцякалася ў паводку, на трэцім перакрыюць усе каналы, што ўпадаюць у раку, і на апошнім, што блізу мяжы з Польшчай, будуць рабіць мінімум зьменаў або цалкам адмовяцца ад работаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG