Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады забаранілі пікеты супраць хатняга гвалту ў Менску. Чым яны гэта патлумачылі


Каманда ініцыятыўнай групы "Маршыруй, дзетка", архіўнае фота
Каманда ініцыятыўнай групы "Маршыруй, дзетка", архіўнае фота

Мінгарвыканкам забараніў пікеты супраць хатняга гвалту. Як паведамілі Свабодзе прадстаўнікі ініцыятывы «Маршыруй, дзетка», пікеты плянавалі правесьці 9 і 10 сьнежня ў Кіеўскім сквэры ў межах кампаніі «16 дзён актыўных дзеяньняў супраць гендэрнага гвалту». Заяўнікамі выступалі прадстаўнікі Беларускай нацыянальнай плятформы і ініцыятывы «Маршыруй, дзетка!»

На пікетах актывісты і актывісткі, а таксама пацярпелыя ад хатняга гвалту хацелі распавесьці свае гісторыі і гісторыі забітых у 2019 годзе жанчын. За першае паўгодзьдзе сёлета ад рук сваіх блізкіх ужо загінула 55 чалавек. Гэта на 8 чалавек больш, чым за аналягічны пэрыяд 2018 году.

Менгарвыканкам у сваім адказе заяўнікам патлумачыў, што мерапрыемства немагчыма правесьці зь дзьвюх прычынаў — апавяшчэньне было пададзена ў электронным выглядзе, а не пісьмова, а таксама менавіта падчас заяўленых пікетаў у Кіеўскім сквэры будуць праводзіцца працы па добраўпарадкаваньні.

Марыша Корж, каардынатарка ініцыятывы ініцыятывы «Маршыруй, дзетка» і кіраўнік МЗС Беларусі Ўладзімер Макей 5 чэрвеня 2019 году пасьля абмеркаваньня праблемы хатняга гвалту.
Марыша Корж, каардынатарка ініцыятывы ініцыятывы «Маршыруй, дзетка» і кіраўнік МЗС Беларусі Ўладзімер Макей 5 чэрвеня 2019 году пасьля абмеркаваньня праблемы хатняга гвалту.

— Дзіўна, што пры ўсёй заклапочанасьці МУС і Мінпрацы сытуацыяй з хатнім гвалтам, Менгарвыканкам ігнаруе праблему і забараняе дзяўчатам выказацца, — камэнтуе сытуацыю адна з арганізатарак пікету і каардынатарка ініцыятыўнай групы супраць хатняга гвалту «Маршыруй, дзетка!» Марыша Корж.

— Мы лічым незаконнай забарону на правядзеньне пікетаў у месцы, у якім, згодна з законам, праводзіць іх можна паводле паведамляльнага прынцыпу, і будзем зноў падаваць паведамленьні аб правядзеньні пікетаў у Менгарвыканкам, — кажа Аляксей Мінчонок, суарганізатар пікету і дырэктар Сакратарыяту Беларускай нацыянальнай плятформы Форуму грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга партнэрства.

Раней ініцыятыве «Маршыруй, дзетка!» Менгарвыканкам адмовіў у правядзеньні танцавальнага флэш-мобу ў ТРЦ Dana Mall і маршу супраць хатняга гвалту.

***

Пікеты павінны былі стаць часткай кампаніі «16 актыўных дзён супраць гендэрнага гвалту». З 25 лістапада па 10 сьнежня па ўсім сьвеце праходзяць мерапрыемствы і акцыі, якія заклікаюць змагацца з праблемай хатняга гвалту ў адносінах да жанчын і дзяўчынак.

У Беларусі кампанію «16 дзён актыўных дзён супраць гендэрнага гвалту» каардынуюць ініцыятыўная група «Маршыруй, дзетка!» і Беларуская нацыянальная плятформа Форуму грамадзянскай супольнасьці Усходняга партнэрства.

У межах кампаніі ўжо прайшоў «Вечар бяз гвалту». На мерапрыемстве падпісвалі і адпраўлялі паштоўкі чыноўнікам, бо менавіта ў сьвяточныя дні павялічваюцца выпадкі гвалту ў сем’ях. Тым ня менш у Беларусі да гэтага часу няма закону аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту, які дапамог бы зьнізіць колькасьць цяжкіх злачынстваў у сямʼі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG