11 сьнежня пачынаюцца паказы беларускага фільму «ІІ». На Варшаўскім кінафэстывалі стужка атрымала Адзнаку конкурсу «Вольны дух» за сьмелы аповед гісторыі пра жорсткую рэальнасьць сацыяльнай ізаляцыі. Галоўныя героі кіно — падлеткі. Але школа, рэпэтытары і дыскатэкі — толькі вонкавая форма. Кіно закранае тэмы гвалту, дыскрымінацыі і сэксуальнай адукацыі ў грамадзтве безадносна да ўзросту і сацыяльнага статусу.
«Мы з сааўтарам Сашам Лясько заўсёды хацелі зьняць кіно пра школу, — тлумачыць ідэю рэжысэрка фільму Ўлада Сянькова. — Гэта магчымасьць адлюстраваць нашае грамадзтва праз самы датклівы і адкрыты яго пласт, праз падлеткаў, бо яны ня хлусяць».
Героі езьдзяць да рэпэтытараў, ня любяць фізру, спрачаюцца з завучам. Яны цалуюцца на дыскатэцы, упершыню напіваюцца, гучна ядуць ссабойкі ў кінатэатры. Экспазыцыя — школьныя часы, які пазнае кожны глядач. А наагул стужка паказвае, што брак належнай сэксуальнай адукацыі вядзе да асабістых жыцьцёвых катастрофаў.
«Як маесься? Гарбату з цукрам? Ты засцерагаесься? Цукеркі будзеш?»
На пытаньне, як зь імі ўпершыню размаўлялі пра сэкс, усе чальцы каманды аднагалосна адказваюць: са мной пра гэта не размаўлялі.
«А не! Памятаю, да мяне маці падышла, — прыгадвае акторка Іларыя Шашко. — Мы з хлопцам ехалі кудысьці адпачываць, яна да мяне зайшла, села і кажа: „Ну ты хоць не заляці там“. Усё!»
Падобную гісторыю, але пра сваю сяброўку, успамінае і рэжысэрка.
«Мама сяброўкі стаяла да яе сьпінай, — апавядае Улада. — Налівала ёй гарбату і пытала: „Як там ва ўнівэрсытэце справы?“ — „Добра“. — „Гарбату з цукрам?“ — „Так“ — „Ты засьцерагаесься?“ — „Так“ — „Добра. Цукеркі будзеш?“ Вось так гэта было. Але гэта не размова пра сэкс і засьцераганьне».
Іншая буйная праблема — цкаваньне. Школьнікі цкуюць школьнікаў; настаўнікі цкуюць школьнікаў, адныя аднаго і бацькоў; бацькі цкуюць дзяцей — і ўсё ідзе колам. Калі герархія ў супольнасьці мае істотнае значэньне, чалавека апаноўвае «зьвер унутры».
«Раз на нейкай дыскатэцы падыходзіць дзяўчынка, — прыгадвае Іларыя. — Пачынае штурхаць мяне і кажа: «У цябе валасы сякуцца!»
«У нас быў чат, прысьвечаны дзесяцігодзьдзю заканчэньня школы, — кажа Ўлада. — І некаторыя мае аднаклясьнікі пісалі (умоўна): „Толя Іваноў (вечны выгнанец у клясе. — РС) будзе? Хі-хі, ха-ха, смайлікі са сьлёзкамі. А як жа яго ня будзе!“ І я сяджу і думаю: тваю маць, у цябе ўжо двое дзяцей. А ты не баісься, што тваё дзіця будуць такім жа чынам цкаваць?»
«У мяне бацькі зь цёткай, калі паглядзелі гэты фільм, сказалі: „У нас у школе такое ж было“, — кажа актор Аляксей Вайніловіч. — У спадніцы „ня той“ прыйшла — і цябе зачэпяць заўсёды, і потым сядзіш, сумуеш праз гэта цэлы дзень».
«У настаўніцы матэматыкі заўсёды быў пэўны хлопчык „для біцьця“, якога потым білі аднаклясьнікі»
Сянькова ўспамінае, што ў яе школе ўсё ішло ад настаўнікаў. Яна спачувае эмацыйнаму выгараньню пэдагогаў, бо і сама калісьці працавала ў дзіцячым цэнтры, але гэта не нагода для татальнага абмежаваньня вучняў. І дакладна не нагода для цкаваньня.
«Я не магу сказаць, што настаўнікі былі спараджэньнем пекла, я вучылася ў найлепшай школе Віцебску, — тлумачыць Улада. — Але мне здаецца, што яны першапачаткова задавалі тон у тым, хто найслабейшы і каго трэба цкаваць. Напрыклад, у настаўніцы матэматыкі заўсёды быў пэўны хлопчык „для біцьця“, якога потым білі аднаклясьнікі. Я не лічу, што гэта пачалося празь яе, але яна таксама, як вынікае, была ў камандзе цкавальнікаў».
Стужка «ІІ» стваралася пры дапамозе цэнтру візуальных і выканаўчых мастацтваў «Арт Карпарэйшн» і фонду UNESCO. Мікалай Лаўранюк, прадусар фільму, кажа, што ніякіх абмежаваньняў ці цэнзураваньня не было. Адзіная праблема — час, бо кіно здымалі менш чым за тыдзень.
У сярэднім за дзень здымаецца тры хвіліны фільму, а значыць, на поўнамэтражнае шасьцідзесяціхвіліннае кіно патрэбна мінімум дваццаць здымачных дзён, а дакладней зьменаў па 12 працоўных гадзін. Кожная зьмена — гэта арэнда абсталяваньня, аплата тэхнічнага пэрсаналу і здымачнай каманды. Праз абмежаваны бюджэт «ІІ» зьнялі за 6 дзён зьменамі па 17-19 гадзін запар.
«Дзевятнаццаць гадзін апэратар бегаў зь цяжкай камэрай на руках, — успамінае Сянькова. — У нейкі момант, гэта была ўжо чатырнаццатая гадзіна здымак, ён проста сеў і сказаў: „Зараз мы здымаем гэтую сцэну, і ты выклікаеш новую групу“. Я кажу: „У сэнсе?“ Не, я магу выклікаць новага апэратара, але гэта як маму ці тату зьмяніць. І ён прыслухаўся да гэтага майго „У сэнсе?“, паеў, адпусьціў частку сваёй каманды, узяў камэру і пабег далей».
«У нас няма грошай, нам няма чаго страчваць, і таму, аказваецца, мы свабодныя»
Мікалай і Ўлада кажуць, што зрабіць кіно ў такім вар’яцкім рэжыме дазволіла толькі такая ж вар’яцкая адданасьць каманды. Рэжысэрка не хавае, што ў ёй увесь час змагаюцца жаданьне зрабіць добрае кіно і хваляваньне, што яна працуе зь людзьмі, не шкадуючы іх. Але яе каманда шмат на што гатовая, і Сянькова ўпэўненая, што ніколі не зрабіла б такое кіно на «Беларусьфільме».
«Мы ведаем, што ў нас няма грошай і мы проста здымаем кіно. Магчыма, будзем мала жыць — сьмяецца Сянькова. — Бо гэта вельмі моцна б’е па здароўі. Але ў Польшчы чакаюць дзесяцігодзьдзямі грошай на свой першы фільм. І для мяне гэта вельмі цікавае назіраньне — аказваецца, мы свабодныя. Нам няма чаго губляць. Вось яна, новая беларуская хваля: такое бясплатнае кіно, неканечне экспэрымэнтальнае, яно можа быць жанравым. Пра нас ужо пачалі казаць і цікавіцца ў Эўропе, думаю, шмат у чым дзякуючы Дар’і Жук. Нас гатовыя там сустрэць і абняць. Але штосьці трэба зрабіць».
Беларускія кінэматаграфісты бясконца паўтараюць: сёлетні выбух незалежных нацыянальных фільмаў у паказе — гэта прыемнасьць, але не сыстэмнасьць. Для сыстэмных зьменаў нам проста неабходны Фонд кіно — дзяржаўнае фінансаваньне паводле адкрытых працэдураў падачы заявак і прыняцьця рашэньняў, сродкі зь якога разьмяркоўваюцца ня толькі на кінастудыю «Беларусьфільм».
«Мы маем дзяржаўную вытворчасьць, над якой стаіць Міністэрства культуры, і фільмы, на якія і людзі асабліва ня ходзяць, і на фэстывалі яны не трапляюць, большасьць фільмаў ідзе проста ў стол, — кажа Мікалай. — Зь іншага боку, гэта новае пакаленьне маладых незалежных кінэматаграфістаў. Улада Сянькова, якая, нават калі бюджэт абмежаваны, усё роўна рухаецца да максымальнай мэты. Я ня ведаю, колькі яшчэ можна здымаць фільмаў бяз грошай. Але пакуль што здымаем».