Нацыянальны банк Беларусі апублікаваў вынікі новага апытаньня аб інфляцыйных чаканьнях насельніцтва. Апытаньне было праведзена сярод 2000 чалавек, старэйшых за 18 гадоў, у лістападзе 2019 году.
- 21,9% апытаных лічаць, што ў бліжэйшы год цэны будуць расьці хутчэй, чым цяпер (у жніўні так думалі 17,9% апытаных).
- 14% апытаных, наабварот, разьлічваюць на запаволеньне інфляцыі (у жніўні так лічылі 13,7% апытаных).
- 59,2% апытаных чакаюць, што цэны будуць расьці бягучымі тэмпамі.
У цэлым Нацбанк зафіксаваў зьніжэньне чаканага ўзроўню інфляцыі з 13,1% у жніўні да 11,9% у лістападзе.
Што тычыцца росту цэн у 2019 годзе,
- 43% беларусаў лічаць, што цэны вырасьлі вельмі моцна (у жніўні так лічылі 48% апытаных),
- 45,4% — што цэны вырасьлі ўмерана (у жніўні — 42,1% апытаных),
- 9,7% — што вырасьлі нязначна (у жніўні — 8,9% апытаных).
Пры гэтым 61,6% апытаных перакананыя, што цяпер неспрыяльны час для буйных пакупак. 37,4% апытаных адзначылі, што ў іх не было буйных пакупак за апошнія 3 месяцы.
Найбольш папулярнымі «буйнымі выдаткамі» за апошнія тры месяцы былі выдаткі на лекаваньне (12,8% апытаных). Таксама беларусы траціліся на побытавую тэхніку (11,5%), кампутарную тэхніку, тэлефоны, пляншэты (10,6%), іншыя выдаткі (10,6%), адпачынак (10%), адукацыю (8,5%), рамонт і набыцьцё аўтамабіляў і нерухомасьці (па 7,4%).
Паводле Міністэрства фінансаў Беларусі, у першым паўгодзьдзі інфляцыя чакалася на ўзроўні 3,5%, але выйшла нават менш — 2,9% па выніках паўгодзьдзя. На ўвесь 2019 год Лукашэнка ставіў задачу ўтрымаць індэкс спажывецкіх цэнаў у межах 5%.
З канца 2018 году да верасьня цэны вырасьлі на 3,4%.