Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У магілёўскай калёніі асуджаны па наркатычным артыкуле абвясьціў галадоўку


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У магілёўскай калёніі № 15 асуджаны Аляксей Манкевіч абвясьціў галадоўку праз тое, што яму адмовілі ў скарачэньні тэрміну амністыі, паведамляе праваабарончы сайт Mspring.online.

Па стане на 3 сьнежня Аляксей Манкевіч галадае ўжо шосты дзень. Вядома, што Аляксею каля 27 гадоў і родам ён з Жодзіна. Ён быў асуджаны за куплю марыхуаны па мінімуму ч. 3 артыкула 328 КК Беларусі «Незаконны абарот наркотыкаў» (раней мінімум складаў 8 гадоў пазбаўленьня волі).

Акрамя амністыі ў сувязі з 75-годзьдзем вызваленьня Беларусі, абвешчанай у чэрвені 2019 году, улады таксама прынялі папраўкі ў Крымінальны кодэкс, зьнізіўшы ніжнюю мяжу пакараньня па ч.2 і ч.3 артыкула 328 на два гады: з 5 да 3 гадоў па частцы 2 (незаконны з мэтай збыту абарот наркотыкаў) і з 8 да 6 гадоў па частцы 3 (тыя ж дзеяньні, учыненыя групай асобаў або паўторна).

На зьніжэньне тэрміну на два гады разьлічваў і Манкевіч. Аднак зь невядомай прычыны суд зьнізіў яго пакараньне толькі на год (альбо яшчэ менш). Ніякага абгрунтаваньня такога рашэньня асуджанаму не прад’явілі.

Раней Аляксей Манкевіч ня быў злосным парушальнікам рэжыму і сур’ёзных спагнаньняў ня меў, таму ў адказ ён абвясьціў галадоўку пратэсту, пра што прасіў апавясьціць сваю маці празь іншых асуджаных.

На сёньня вядома, што адміністрацыя ПК-15 у адказ адправіла Манкевіча ў штрафны ізалятар, у адзіночную камэру, і не надае інцыдэнту ніякай агалоскі. Каб паўплываць на Манкевіча і прымусіць яго спыніць галадоўку, адміністрацыя калёніі таксама спрабуе прыцягнуць да «калектыўнай адказнасьці» іншых асуджаных, пазбаўляючы іх некаторых выгодаў на пэрыяд галадоўкі Манкевіча.

Пакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць

  • У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
  • «Маці 328» лічаць, што ў некаторых выпадках тэрміны зьняволеньня несувымерныя злачынству, а закон недастаткова ўлічвае асобы злачынцаў, іх узрост ды іншыя акалічнасьці.
  • 13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады. У ліпені Лукашэнка падпісаў закон аб зьмене КК.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG