Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 2019 годзе крадзяжоў з банкаўскіх картак у Беларусі удвая больш. Як засьцерагчыся?


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Усяго за няпоўны 2019 год махляры скралі каля 6,1 мільёна беларускіх рублёў з картак беларусаў.

Колькасьць крадзяжоў з банкаўскіх карт беларусаў у студзені — лістападзе 2019 году вырасла больш чым удвая ў параўнаньні з такім жа пэрыядам 2018 году, паведамляе Сьледчы камітэт Беларусі (СК).

Паводле СК, на 24 лістапада ў Беларусі зафіксаваныя 6372 крадзяжы грошай з банкаўскіх картак з выкарыстаньнем кампутарнай тэхнікі. Гэта рост на 111%, або больш чым удвая з параўнаньні са студзенем —лістападам 2018 году.

Сёлета ахвярамі крадзяжоў з банкаўскіх картак стаў 5991 чалавек. Як адзначаюць у СК, гэта параўнальна з насельніцтвам такіх беларускіх гарадоў, як Давыд-Гарадок ці Радашкавічы.

Часьцей за іншых (33,1% ад агульнай колькасьці) пацярпелымі ад кібэр-махляроў становяцца маладыя людзі 2029 гадоў, якія праводзяць значную частку свайго жыцьця онлайн, адзначаюць у СК.

Усяго сёлета махляры скралі каля 6,1 мільёна беларускіх рублёў з картак беларусаў.

Як ня стаць ахвярай крадзяжу

У СК раяць грамадзянам:

  • усталёўваць антывірус на прылады, якія маюць выхад у інтэрнэт, і своечасова яго абнаўляць,
  • карыстацца апэрацыйнай сыстэмай з усталяванымі абнаўленьнямі бясьпекі, своечасова абнаўляць іншае праграмнае забесьпячэньне;
  • пры выкарыстаньні вядомых сайтаў зьвяртаць увагу на іх выгляд (каб пераканацца, што гэта не падробленая копія сайту),
  • уводзіць асабістую інфармацыю толькі на вэб-сайтах, якія працуюць з выкарыстаньнем абароненых пратаколаў (звычайна ў браўзэры побач з адрасам такога сайту ёсьць выява замочка на зялёным фоне);
  • не ўжываць аднолькавыя лагіны і паролі на розных сайтах;
  • не ўжываць паролі занадта простыя альбо пра якія можна лёгка здагадацца (даты нараджэньня, нумары тэлефонаў і г. д.);
  • наколькі мага выкарыстоўваць двухфактарную аўтэнтыфікацыю (акрамя лагіну і паролю, уводзіцца часовы код, прысланы на мабільны тэлефон у выглядзе SMS альбо push-паведамленьня);
  • сьцерагчыся нечаканых або незвычайных электронных паведамленьняў, нават калі адпраўнік вам знаёмы, не адкрываць падазроных спасылак і пад.,
  • абачліва ставіцца да лістоў, дзе пытаюцца зьвестак пра рахункі, ніколі не адпраўляць фінансавую інфармацыю неабароненымі інтэрнэт-каналамі;
  • калі знаёмыя пісьмова просяць вас перавесьці ім грошы і падобнае — праверыць, ці сапраўды вам піша знаёмы (яго акаўнт не ўзламалі, ён ня фэйкавы і г. д.) — пазваніць і спытаць ці сустрэцца асабіста;
  • плоцячы праз інтэрнэт банкаўскай карткай, ужываць тэхналёгіі 3-D Secure ці інтэрнэт-пароль для дадатковай бясьпекі сплатаў,
  • нікому не паведамляць коды пацьверджаньня банкаўскіх апэрацыяў, якія прыходзяць ад банкаў як SMS.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG