Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я хацела б, каб яна была проста шчасьлівай жанчынай». Настаўніца пра Марыю Васілевіч


Марыя Васілевіч
Марыя Васілевіч

22-гадовая «Міс Беларусь — 2018» Марыя Васілевіч стала дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў. Што кажуць пра самую маладую «слугу народу» людзі, якія яе ведаюць?

Марыя Васілевіч балятавалася па 104-й Кальварыйскай акрузе. Пасьля таго, як яе выбралі дэпутатам, газэта The Times напісала пра «рамантычную сувязь» паміж ёю і Аляксандрам Лукашэнкам. Марыя адрэагавала на гэта ў сваім інстаграме.

Што вядома пра Марыю Васілевіч

У 2018 годзе Марыя Васілевіч выйграла конкурс «Міс Беларусь», а на конкурсе «Міс сьвету — 2018» атрымала тытул «Міс сьвету Эўропа» і ўвайшла ў лік пяці фіналістак конкурсу.

Пасьля перамогі ў конкурсе «Міс Беларусь — 2018» Марыю Васілевіч заўважылі побач з Аляксандрам Лукашэнкам. Яна суправаджала кіраўніка краіны падчас паездкі ў Бялыніцкі раён.

Аляксандар Лукашэнка запрасіў Марыю сесьці за стол кіраўніка калгасу ў музэі.

Марыя Васілевіч і Аляксандар Лукашэнка ў музэі калгасу «Радзіма»
Марыя Васілевіч і Аляксандар Лукашэнка ў музэі калгасу «Радзіма»

«Машанька, хадзі сюды, дзетка, — сказаў Лукашэнка Васілевіч. — А ну, сядзь, я пагляджу, як ты будзеш у „Купалаўскім“ глядзецца. У „Купалаўскае“ (у Шклоўскім раёне. — РС) паедзеш!»

Марыя сказала тады журналістам, што гатовая працаваць у сельскай гаспадарцы, калі Лукашэнка «гаварыў сур’ёзна».

Але замест калгасу Марыя Васілевіч трапіла ў Палату прадстаўнікоў. Прадстаўляючы яе, старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына паведаміла: «Абраная Марыя Васілевіч, наша прыгажуня».

Раней, паводле СМІ, Марыю Васілевіч некалькі разоў заўважалі побач з Лукашэнкам: яны сядзелі побач на хакеі, на «Славянскім базары», на балі, на ўборцы ўраджаю ў рэзыдэнцыі.

Марыя Васілевіч — актыўная карыстальніца сацсетак, мае старонкі «ВКонтакте», у «Фэйсбуку» і «Інстаграме».

Яе новы акаўнт «ВКонтакте» заведзены ўжо не на Марыю, а на Марыю Віктараўну, і расказвае пра выбарчую кампанію.

Пра ўдзел Марыі ў выбарах журналісты даведаліся са сьпісу зарэгістраваных ініцыятыўных груп кандыдатаў. У сацсетках выказвалася думка, што ісьці ў дэпутаты — наўрад ці было асабістым рашэньнем Марыі.

У інтэрвію TUT.by яна сказала, што ўдзельнічаць у выбарах ёй падказалі ў БРСМ.

«Праца ў парлямэнце ў яе атрымаецца»

Першы сакратар гарадзкога камітэту БРСМ Сяргей Клішэвіч сказаў карэспандэнту Свабоды, што БРСМ яе «проста падтрымліваў, яна ішла ад людзей».

«Я ўпэўнены, што праца ў парлямэнце ў яе атрымаецца», — сказаў Сяргей Клішэвіч. У перамозе Марыі ён быў упэўнены.

«Было відаць, што людзі яе падтрымліваюць. Асабліва людзі старэйшага ўзросту актыўна цікавіліся. Таму для нас гэта не было нечаканасьцю».

Па выніках выбараў зьявілася даволі дзіўная інфармацыя: розьніца ў яе акрузе паміж тымі, хто атрымаў бюлетэні, і тымі, хто прагаласаваў, ажно 468 чалавек.

Раней Марыя Васілевіч ніколі ня думала пра дэпутацтва. У сваіх ранейшых інтэрвію яна казала, што марыць стаць тэлевядоўцай. Так урэшце і адбылося — Марыя Васілевіч працуе на канале «Беларусь-1».

Пагаварыць з самой Марыяй Васілевіч праз тэлефон не атрымалася.

Марыя Васілевіч танчыць з Аляксандрам Лукашэнкам на Рэспубліканскім навагоднім балі для моладзі ў Палацы Незалежнасьці, 28 сьнежня 2018 году
Марыя Васілевіч танчыць з Аляксандрам Лукашэнкам на Рэспубліканскім навагоднім балі для моладзі ў Палацы Незалежнасьці, 28 сьнежня 2018 году

«Вучылася добра, старалася»

У адміністрацыі інстытуту магістарскай падрыхтоўкі БДЭУ карэспандэнту Свабоды сказалі, што Марыя Васілевіч летась скончыла магістратуру па спэцыяльнасьці «Эканоміка і кіраваньне на прадпрыемстве», атрымала дыплём магістра, і што гэтая адукацыя дапаможа ёй ў дэпутацтве.

«Яна была актыўная і працягвае быць актыўнай. Вучылася добра, старалася, абаранілася, сумяшчала сваю вучобу з удзелам у конкурсе. Нічога дрэннага сказаць не магу. — сказала кіраўніца інстытута. — Калі яна была ў іншай краіне, то, натуральна, не магла быць на занятках. Але яна ўсё адпрацоўвала, прыяжджала, хадзіла да выкладчыкаў».

«Пішуць ня ўсё добрае і несправядліва»

Марыя Васілевіч скончыла ў Менску школу № 191. Настаўніца расейскай мовы і літаратуры Ірына Моніч сказала карэспандэнту Свабоды, што кляс, у якім дзяўчына вучылася, быў моцны і актыўны, а Марыя любіла чытаць.

«Маша заўсёды была вельмі сьціплай, выхаванай, інтэлігентнай, ніколі не высоўвалася наперад. Але да ўрокаў рыхтавалася добрасумленна, старалася, мела свой пункт погляду. Я не магу сказаць, што ў калектыве яна была лідэрам — мне здаецца, там яны ўсе былі лідэрамі. Але яна не была іншародным целам, яе ўсе прымалі».

Настаўніца кажа, што нядаўна яны сустракаліся з Марыяй.

«Мы зь ёй гутарылі, і ў мяне такое адчуваньне, што яна не зьмянілася. Таму я ёй зычу гэту сваю чысьціню, прыстойнасьць, шчырасьць захаваць, бо гэта вельмі складана ў наш час», — сказала Ірына Моніч.

Марыя Васілевіч побач з Аляксандрам Лукашэнкам на фэсьце «Александрыя зьбірае сяброў», 2018 год
Марыя Васілевіч побач з Аляксандрам Лукашэнкам на фэсьце «Александрыя зьбірае сяброў», 2018 год

Як бы хацела Ірына Моніч: каб Марыя заставалася прыгажуняй, «міс», тэлевядоўцай ці дэпутаткай?

«Я ёй казала, што хацела б, каб яна была проста шчасьлівай жанчынай, жонкай, маці, каб мела любімую справу. Ну а там — як ёй падкажа сэрца і лёс. Таму я не за палітыку, я не за „міс“, я проста яе люблю як чалавека, паважаю і цаню. Самае галоўнае, каб яна атрымлівала задавальненьне ад гэтай працы, каб тая яе не зламала, не паставіла на калені. Бо чалавек будзе шчасьлівы, калі ён шчасьлівы ў сям’і, як казаў Талстой, і калі ў яго ёсьць любімая справа».

Ірына Моніч кажа, што аднаклясьнікі Марыі ня сталі такімі вядомымі, а Марыю часта бачаць побач з кіраўніком краіны.

«Я думаю, яна ніколі не імкнулася да гэтага, але так атрымалася. Вось яна пайшла на гэты конкурс, і там таксама барацьба, трэба было сябе праявіць, шмат займацца. Працавітасьць, мэтанакіраванасьць ёй і дапамаглі. Калі б яна недзе спатыкнулася, дала сабе слабінку, то гэтага не адбылося б. Гэта больш яе заслуга, бо яна араты. Пішуць шмат што — і я чытаю, перажываю, і пішуць ня ўсё добрае і несправядліва; калі ведаеш чалавека, зусім іншае бачыш».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG