Камісія Кангрэсу ЗША ў справах АБСЭ (вядомая таксама як Хэльсынская камісія) правяла слуханьні пра расейскі ўплыў у Беларусі пад назвай «Ня надта добрыя суседзі».
Відэа слуханьняў:
Як адзначалася на сайце Камісіі, Крэмль узмацняе кампаніі ўплыву і дэзінфармацыі, скіраваныя на тое, каб разбурыць сувэрэнітэт Беларусі. Удзельнікі слуханьняў меліся расказаць, якім чынам расейская дэзінфармацыя і гібрыдная тактыка уплываюць на беларускі палітычны краявід, а таксама як Злучаныя Штаты могуць дапамагчы ў падтрымцы беларускага сувэрэнітэту.
Што казалі ўдзельнікі слуханьняў
Андрэй Елісееў, аналітык арганізацыі EAST Center, кіраўнік аддзелу маніторынгу Міжнароднай стратэгічнай сеткі дзеяньняў для бясьпекі (iSANS)
- Фэдэральныя расейскія тэлеканалы рэдка паведамляюць пра Беларусь. Аднак, у інтэрнэце Беларусь ужо блізка да Ўкраіны па аб'ёме пракрамлёўскай прапаганды і дэзінфармацыі. За апошнія два гады тузін расейскіх сайтаў, якія раней канцэнтраваліся на Ўкраіне і Сырыі, дадалі Беларусь да сваіх галоўных тэмаў.
- Пракрамлёўскія сайты спрабуюць стварыць ілюзію падтрымкі паглыбленай інтэграцыі з Расеяй — напрыклад, праводзячы апытаньні, якія не зьяўляяюцца рэпрэзэнтацыйнымі.
- Сярод тэзаў антыбеларускай прапаганды заявы пра тое, што беларусы — частка расейскага народу, а беларускую мову сто гадоў таму стварыў варожы Захад.
- Існуе небясьпека, што нават глыбейшая інтэграцыя ў формах, якія прасоўвае Расея, пакіне Беларусі толькі фармальны сувэрэнітэт, а ў насамрэч Менск будзе вымушаны пагаджацца з Масквай практычна па ўсіх пытаньнях ўнутранай і замежнай палітыкі.
- Заходнія мэдыйныя карпарацыі, такія як Google і Apple несьвядома ўзмацняюць расейскую онлайн-прысутнасьць у Беларусі. Тыя інтэрнэт-карыстальнікі, якія абіраюць Беларусь сваім месцам знаходжаньня, атрымоўваюць у сваіх навіновых стужках расейскі мэдыйны зьмест. У нядаўняй дэклярацыі найбуйнейшыя прадстаўнікі беларускай мэдыйнай супольнасьці заклікаюць ўсе зацікаўленыя бакі зрабіць Беларусь незалежнай краінай на глябальнай інтэрнэт-мапе. Для гэтага трэба прызнаць Беларусь асобным сэгмэнтам інтэрнэту і асобным рынкам.
Соф’я Арлоскі, старэйшы мэнэджэр праграм па Эўразіі амэрыканскай няўрадавай арганізацыі Freedom House
- Пасьпешлівае і непразрыстае прасоўваньне праекту расейска-беларускай «саюзнай дзяржавы» паказвае, што Расея хоча атрымаць выгады, трымаючы Беларусь у закладніках яе эканамічных, гандлёвых і энэргетычных сувязяў з Расеяй.
- Працэс так званай «інтэграцыі» застаецца непразрыстым. Дагэтуль не апублікаваныя пляны і дарожныя мапы, якія маюць быць зацьверджаныя 8 сьнежня.
- Нягледзячы на свае абяцаньні, беларускія ўлады не пачалі зьмястоўных дэмакратычных трансфармацый. Аўтакратычны рэжым не дазваляе Беларусі ўзмацніць унутраную абароненасьць і робіць краіну ўразьлівай для расейскага ціску.
- Захаду варта падтрымліваць грамадзянскую супольнасьць Беларусі, незалежныя мэдыі, ініцыятывы скіраваныя на разьвіцьцё беларускай культуры, мовы і гісторыі.
- Дапамога і супрацоўніцтва з уладамі Беларусі павінна зьвязвацца з эканамічнымі рэформамі, лібэралізацыяй ў сфэры мэдыя і грамадзянскай супольнасьці.
Франак Вячорка, мэдыяаналітык, аўтар Радыё Свабода
- Працэс русыфікацыі цесна зьвязаны з узмацненьнем антыдэмакратычнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
- Падзеі 2014 году ва Ўкраіне для многіх беларусаў былі натхненьнем, а многіх напалохалі.
- У адрозьненьне ад Украіны, у Беларусі расейскія ўлады робяць акцэнт не на наяўнасьці этнічнага расейскага насельніцтва, якога ў Беларусі ня так шмат, а на прасоўваньні «рускага сьвету» праз расейскую мову і праваслаўе — маўляў, калі вы расейскамоўныя і праваслаўныя, дык вы расейцы.
- Улады Беларусі заплюшчваюць вочы на ўзмацненьне прарасейскай сеткі ўплыву ў Беларусі.
- Школьная адукацыя робіцца полем бітвы – новыя падручнікі выдаюцца з падтрымкай расейскіх фондаў і прапагандуюць расейскую вэрсію гісторыі і сьвету.
- Хоць ў Беларусі няма паўнавартасных расейскіх вайсковых базаў, беларуская сыстэма супрацьпаветранай абароны фактычна зьяўляецца часткай расейскай, а вайскоўцаў вучаць, што асноўны праціўнік Беларусі — NATO.
Браян Ўітмар, дырэктар праграмы Расеі вашынгтонскага Цэнтру аналізу эўрапейскай палітыкі
- Беларусь стратэгічна важная для Захаду і яе важнасьць будзе ўзрастаць. У інтарэсах Захаду узмацніць сувэрэнітэт Беларусь.
- Беларусь займае цэнтральнае месца ў плянах Расеі мець шэраг дзяржаў-сатэлітаў на сваёй заходняй мяжы. Рэжым расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна хацеў бы ператварыць Беларусь у частку сваёй заходняй вайсковай акругі.
- Пасьля расейскай агрэсіі ва Ўкраіне 2014 году Лукашэнка і частка беларускіх элітаў занепакоіліся небясьпекай далейшай інтэграцыі з Расеяй. У той жа час аслабленая санкцыямі Расея зьменшыла эканамічную падтрымку рэжыму Лукашэнкі.
- Пасьля падзеяў 2014 году ва Ўкраіне ў часткі беларусаў, у тым ліку ў беларускай апазыцыі зьявіліся настроі: «Сёньня найважней захаваць незалежнасьць, а за дэмакратыю можна змагацца і заўтра».
- Масква разглядае Беларусь як гульню з нулявой сумай, і гатовая пайсьці на рызыку, каб захаваць яе ў якасьці сатэліту, не выключаючы і магчымасьць ваеннага ўмяшаньня. Але гэта ня значыць, што Захад у гэтай сытуацыі бездапаможны. Захад павінны паслаць ясны сыгнал, што сувэрэнітэт Беларусі зьяўляецца недатыкальным, і агрэсіўныя дзеяньні Расеі будуць дорага каштаваць, у тым ліку выклічуць новыя санкцыі, але ня толькі санкцыі.
- ЗША маглі б інвэставаць ў высокатэхналягічны сэктар Беларусі, заняўшы нішу, якая ўтварылася пасьля скарачэньня расейскіх субсыдый.
Камісія Кангрэсу ЗША ў справах АБСЭ (Хэльсынская камісія) была створаная у 1976 годзе ў складзе дзевяці сэнатараў, дзевяці кангрэсмэнаў і прадстаўнікоў Дзярждэпартаманту, міністэрстваў абароны і гандлю.