Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мех зерня і кансультацыя стаматоляга. Чым завабліваюць на парлямэнцкія выбары ў Беларусі


Музыка на ўчастку, дзе галасаваў Лукашэнка
Музыка на ўчастку, дзе галасаваў Лукашэнка

Свабода паглядзела, якім чынам у Беларусі прыцягваюць выбарцаў на ўчасткі для галасаваньня. І гэта ня толькі традыцыйныя буфэты.

Бясплатныя дранікі

У менскай школе № 26 навучэнцы і пэдагогі праводзяць майстар-клясу па гатаваньні і сэрвіроўцы дранікаў, піша агенцтва «Мінск-Навіны». Пакаштаваць сьвежыя дранікі тут можна бясплатна. Таксама ў школе праходзяць майстар-клясы па вышываньні і выпальваньні па дрэве, дэгустацыя вырабаў сталічных хлебазаводаў.

Мех зерня, зьніжкі на аўташколу

Пяцісотаму выбарцу ва Ўзьдзенскім раёне падарылі 30-кіляграмовы мех ячменю, паведамляе mlyn.by. Па словах намесьніка старшыні райвыканкаму, на выбарчых участках сёньня праходзяць і іншыя акцыі: тут разыгрываюць квіткі на канцэрты, даюць зьніжкі на навучаньне ў аўташколе.

Мясная вітрына на выбарчым участку, дзе галасаваў Лукашэнка
Мясная вітрына на выбарчым участку, дзе галасаваў Лукашэнка

Розыгрыш тэлефонаў і фітнэс-бранзалетаў

Рэдакцыя «Мінск-Навіны» праводзіць конкурс фота на выбарчых участках. Сярод тых, хто сфатаграфуецца на выбарчым участку, абяцаюць разыграць дзесяць электронных дэвайсаў: ноўтбук, смарфоны, фітнэс-бранзалеты.

Гандаль на выбарчым участку, дзе галасаваў Лукашэнка
Гандаль на выбарчым участку, дзе галасаваў Лукашэнка

Кансультацыя стаматолягаў

На выбарчых участках Цэнтральнага раёну ў Менску праводзяцца бясплатныя кансультацыі стаматолягаў. Як піша «Мінск-Навіны», у асноўны дзень выбараў спэцыялісты 1-й гарадзкой дзіцячай клінічнай стаматалягічнай паліклінікі кансультуюць выбарцаў наконт прафіляктыкі стаматалягічных захворваньняў у дзяцей і дарослых, падбору сродкаў гігіены. Па словах галоўнага лекара, падобныя кансультацыі праводзіліся і летась, калі былі выбары дэпутатаў Менгарсавету.

Прыём кардыёляга

Лекары кансультуюць на выбарчых участках і ў Маладэчне. Там вядзе прыём загадчык кардыялягічнага аддзяленьня цэнтральнай раённай бальніцы Міхаіл Шаўлюк, піша «Маладзечанская газета».

Выступ Саладухі і «Песьняроў»

Шмат на якіх участках выбарцаў сустракаюць сьпевакі. Напрыклад, у менскім раёне Шабаны ў школе № 200 сьпяваў Аляксандар Саладуха, а на ганку кінатэатра «Салют» у Серабранцы выступілі «Песьняры».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG