Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яе злавілі за руку?» Кіраўніца дзяўчыны, якая спрабавала ўкінуць стос бюлетэняў, тлумачыць, што адбылося 

абноўлена

Дырэктарка дзіцячага садка — пачатковай школы № 1 і старшыня ўчастковага выбаркаму № 37, дзе зафіксавалі ўкід бюлетэняў
Дырэктарка дзіцячага садка — пачатковай школы № 1 і старшыня ўчастковага выбаркаму № 37, дзе зафіксавалі ўкід бюлетэняў

Карэспандэнты Свабоды не знайшлі на працы ў берасьцейскім вучэбна-пэдагагічным комплексе «Дзіцячы садок — пачатковая школа № 1» Анастасію Кулічкову, якую назіральнік засьпеў на спробе ўкіду стосу бюлетэняў у скрыню.

«Яна не вінаватая. Чалавек вінаваты, калі яго злавілі за руку»

Паводле раскладу, Кулічкова павінна была прыйсьці сёньня на працу аб 11-й гадзіне.

14 лістапада Анастасія Кулічкова ня выйшла на працу — «захварэла»
14 лістапада Анастасія Кулічкова ня выйшла на працу — «захварэла»

Тацяна Мосіна, дырэктарка дзіцячага садка — пачатковай школы № 1, якая зьяўляецца таксама і старшынёй участковага выбаркаму № 37, дзе назіральнікі зафіксавалі на відэа Анастасію, паведаміла, што яе супрацоўніца захварэла.

Яна сказала, што Настасься ёсьць у сьпісах выбарнікаў на гэтым участку: «Яны ў мяне ўсе жывуць, працуюць у мікрараёне».

— Чаму яна ня ўкінула бюлетэнь?

— Яна спужалася і па стане здароўя сёньня нават ня выйшла на працу, — адказала Тацяна Мосіна. — Яна рыдала. Яна сказала, што так напужалася, што пабегла ў школу і пачала плакаць. Яна маладзенькая дзяўчынка зусім. Учора яе муж забіраў, мы сядзелі зь ёй у школе да 8 вечара. Нельга да такога стану даводзіць выбарніка. Яна не вінаватая. Чалавек вінаваты, калі яго злавілі за руку.

На выбарчым участку № 37 Берасцейскай-Усходняй акругі №3
На выбарчым участку № 37 Берасцейскай-Усходняй акругі №3

—​ Але назіральнік кажа, што ў яе быў стос бюлетэняў?

— Ну а ён яе злавіў за руку? Ён цяпер сьцьвярджае, ш то там яшчэ ўкідваліся бюлетэні. Калі і хто ўкідваў? Калі ты бачыў, трэба было фіксаваць. А не казаць проста так і цяпер на ўсю краіну нагнятаць абстаноўку і ўводзіць у зман. Я таксама напішу заяву ў міліцыю, як ён хапаў мяне за рукі і не даваў прайсьці на ўчастак. Ён узяў і паставіў крэсла каля скрыні. На якой падставе?

Начальніца дзяўчыны зь відэа сьцьвярджае, што ў той быў адзін бюлетэнь

Як трэба было назіральніку фіксаваць парушэньні, старшыня камісіі не патлумачыла карэспандэнту Свабоды. Яна сьцьвярджае, што ў Настасьсі быў «адзін бюлетэнь, і гэта было відаць».

Разгорнуты ён быў ці складзены? «Я гэтага ня бачыла. Я наогул да скрыні не падыходжу, каб мяне ні ў чым не абвінавацілі», — сказала Тацяна Мосіна. Яна адмовілася даць тэлефон Анастасіі і сказала, што яе падначаленая, «відаць, на бальнічным», але дакладна яна ня ведае.

Яшчэ адна супрацоўніца школы і сакратарка камісіі Раіса Валевіч сказала, што Анастасія «паехала ў іншую краіну, і нават не спрабуйце да яе датэлефанавацца».

Тацяна Мосіна сказала, што ёй вельмі кепска і ў яе высокі ціск. Яна скардзілася на назіральніка, маўляў, «немагчыма нават працаваць у памяшканьні камісіі». З другога боку, Тацяна Мосіна кажа, што на ўчастку «ўсё ціха і спакойна, ідуць людзі».

На ўчастку «усё ціха і спакойна, ідуць людзі» ці «немагчыма нават працаваць»?
На ўчастку «усё ціха і спакойна, ідуць людзі» ці «немагчыма нават працаваць»?

«Калі робіцца прэцэдэнт, ён яўна відаць, а калі ўвесь гэты бруд і што кажа малады чалавек, вы мне прабачце, — кажа са сьлязьмі на вачах старшыня камісіі. — Я сядзела і працавала з выбарнікамі, я не разумею, чаму ён ускочыў з крэсла і пабег нешта здымаць. Я гэтай сытуацыі не разумею і за гэта я таксама не адказваю. Я не зрабіла нічога заганнага. Усе бюлетэні, якія выдаюцца, паказваюцца».

Назіральнік: «Я бачыў бюлетэні, гэта нельга зблытаць»

14 лістапада Юры Вашчанчук працягваў спакойна назіраць на ўчастку № 37 Берасцейскай-Усходняй акругі №3. Ён сказаў, што падаў скаргу ў акруговую камісію пра спробу ўкіду бюлетэняў, якую ён зьняў на відэа.​

Назіральнік Юры Вашчанчук, які зьняў на відэа спробу ўкіду бюлетэняў
Назіральнік Юры Вашчанчук, які зьняў на відэа спробу ўкіду бюлетэняў

Назіральнік кажа, што ён вельмі добра бачыў, што Анастасія трымала стос бюлетэняў.

«Я іх бачыў, калі яна не прыціскала іх да грудзей, яна трымала іх перад сабой. Гэта нельга зблытаць. Я бачыў подпісы на іх адваротным баку. Было відаць, што гэта не адзін бюлетэнь, а больш за дзесяць, магчыма, каля дваццаці. Для мяне гэта быў шок, як і для любога, хто бачыў відэа. Я пачаў пытаць, адкуль у яе гэтыя бюлетэні, хто ёй іх даў? І калі яна разгубілася, яна глядзела ў бок старшыні, якая была занятая іншым выбаршчыкам у гэты момант. Яна шукала падтрымкі ад знаёмага чалавека. А старшыні нічога не заставалася, як сказаць, каб яна выйшла вон».

Пасьля спробы ўкіду назіральнік паразмаўляў са старшынёй камісіі.

«Яна сказала, што да гэтага ня мае дачыненьня і ня ведае, што адбываецца. Потым высьветлілася, што яны супрацоўніцы. Калі мы кажам пра парушэньне, то, магчыма, яны неяк зьвязаныя. Але тое, што старшыня выгнала дзяўчыну і не дала прагаласаваць, гэта няправільна. Ёй трэба было непасрэдна разабрацца ў сытуацыі і запрасіць міліцыянта. Але міліцыянта яна запрашае толькі ў тым выпадку, калі я ёй „надакучаю“ пытаньнямі адносна парушэньня, пратаколу, парушэньня апячатваньня скрыні».

Старшыня камісіі Тацяна Мосіна скардзілася ў размове з карэспандэнтам Свабоды, што назіральнік нібыта хапаў яе сёньня за рукі.

«Я спрабаваў паказаць ёй пратакол, які знаходзіцца з адваротнага боку дзьвярэй. І калі дзьверы на ўчастак адчыненыя, то пратакол аказваецца нябачны. Каб яго паказаць, трэба дзьверы прычыніць. Я хацеў ёй паказаць, што там у пратаколе лічбы некарэктныя. Яна гэта расцаніла, што я нібыта спрабую трымаць яе тут у закладніках. Калі міліцыянт прыйшоў, яна чамусьці сышла. Яна адмаўляецца са мной размаўляць, просіць, каб падышоў міліцыянт. Нібыта спрабуе мяне на нешта справакаваць».

Юры Вашчанчук кажа, што з боку старшыні камісіі на яго аказваецца псыхалягічны ціск: «Але гэта ня першыя выбары, калі я назіраю, я ўсё стараюся рабіць у рамках заканадаўства».

Назіральнік кажа, што гэта быў не адзіны выпадак укідваньня бюлетэняў.

Апазыцыйны кандыдат не знайшоў свае агітацыйныя матэрыялы на ўчастку са скандальнага відэа

Кандыдат у дэпутаты ад апазыцыйнай партыі «Справядлівы сьвет» Аляксандар Мельнік не знайшоў сваіх агітацыйных матэрыялаў на ўчастку № 37 Берасьцейскай-Усходняй акругі № 3.

Аляксандар Мельнік скардзіцца Тацяне Мосінай на адсутнасьць свайго агітацыйнага пляката
Аляксандар Мельнік скардзіцца Тацяне Мосінай на адсутнасьць свайго агітацыйнага пляката

«Я іх разьмясьціў, але сёньня на месцы іх не знайшоў. І старшыня камісіі ня можа адказаць, дзе мой плякат, — расказаў Свабодзе Аляксандар Мельнік. — Ён валяўся на стале ў памяшканьні ЖЭСа, хоць агітацыйныя матэрыялы павінны вісець да асноўнага дня галасаваньня».

Паводле кандыдата ў дэпутаты, ён наведваў участку № 37 і 13 лістапада, калі і зьявілася відэа зь меркаванай спробай укінуць бюлетэні.

«Калі я зайшоў на ўчастак, мяне зьдзівіла, што бюлетэні былі раскладзеныя маленькімі стосамі на сталах. А калі быў ужо на вуліцы, то сустрэў тую Анастасію, якая якраз ішла на ўчастак».

Што кажуць пра інцыдэнт бацькі дзяцей, якія ходзяць у школу, дзе працуюць дзяўчына зь відэа і кіраўніца ўчастку

  • Мужчына: «Калі б я паглядзеў відэа, я даў бы адэкватную ацэнку. Але нельга так рабіць, усе мы людзі, усё павінна быць правільна. А так атрымліваецца плявок у людзей».
  • Жанчына: «Я думаю, гэта ўсё трэба праверыць, бо я ня веру інтэрнэту. Найперш трэба спытаць яе. Адна справа спытаць староньніх людзей, а іншая — канкрэтных удзельнікаў. Але гэта палітыка, а я лічу, што ў палітыку нармальныя людзі ня йдуць. Але выхавальніца ня йдзе ў дэпутаты. Яна проста падпрацоўвае. Я ня ведаю, якая яна выхавальніца. Я ня ведаю гэтай сытуацыі».
  • Жанчына: «Я ня бачыла гэтага відэа і пра гэты выпадак ня ведаю. Але калі б гэта было, то паставілася б нэгатыўна. Я была б супраць. Я за сумленнасьць».
  • Жанчына: «Мне ўсё роўна, мне самае галоўнае, каб да майго дзіцяці было добрыя адносіны. Гэта іх палітычныя погляды, іх жыцьцё, іх справа. Няхай робяць, што хочуць».
  • Жанчына: «Гэта неяк усё дзіўна, хаця б паглядзець гэтае відэа».

Парлямэнцкія выбары-2019 у Беларусі. Што варта ведаць

Асноўны дзень галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў сёмага скліканьня — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — 17 лістапада. Датэрміновае галасаваньне праходзіла ад 12 да 16 лістапада. Папярэднія вынікі сталі вядомыя 18 лістапада, ніводзін апазыцыянэр ня трапіў у Нацыянальны сход.

  • За 5 дзён датэрміновага галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі, паводле ЦВК, прагаласавала 35,77% выбарнікаў. Незалежныя назіральнікі заяўляюць пра завышэньне яўкі больш чым у 2 разы.
  • Агулам у Палату прадстаўнікоў трапляе 110 дэпутатаў. Дэпутаты ніжняй палаты выбіраюцца паводле выбарчых акругаў, а не партыйных сьпісаў. Праўладная «Белая Русь» прапаноўвала выбіраць прынамсі палову дэпутатаў паводле партыйных сьпісаў (як, напрыклад, ва Ўкраіне), але ўлады гэтую ідэю адхілілі.
  • Галасаваць на выбарах у Палату маюць права усе паўналетнія грамадзяне Беларусі. Галасаваньне добраахвотнае і ня можа быць прымусовым. Скардзіцца на прымус да галасаваньня можна ў пракуратуру ці ў райвыканкамы.
  • Цяперашнія выбары адбыліся датэрмінова, хоць фармальна датэрміновымі ня лічацца. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 гады. Але калі паміж выбарамі 2012 і 2016 гадоў прайшло 1449 дзён (3 гады, 11 месяцаў і 19 дзён), то паміж выбарамі 2016 і 2019-га пройдзе ўсяго 1162 дні (3 гады, 2 месяцы і 6 дзён).
  • Лукашэнка першапачаткова прапаноўваў правесьці выбары ў Палату на 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што гэтак ня варта рабіць. Урэшце на гэты дзень прызначылі выбары ў Савет Рэспублікі.
  • Выбары ў Савет Рэспублікі — верхнюю палату Нацыянальнага сходу — прайшлі 7 лістапада без удзелу звычайных беларусаў. Па 8 дэпутатаў ад вобласьці і яшчэ 8 ад Менску выбралі на абласных сходах дэпутаты гарадзкіх і раённых саветаў, яшчэ 8 дэпутатаў мае права прызначаць (але звычайна прызначае ня ўсіх) асабіста Аляксандар Лукашэнка. Ніводную кандыдатуру не адхілілі.
  • Фракцый у Палаце прадстаўнікоў няма. Апазыцыя амаль не трапляе ў Нацыянальны сход. Так, у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня толькі 2 са 110 дэпутатаў — не прыхільнікі Лукашэнкі: Ганна Канапацкая ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы. У Савеце Рэспублікі апазыцыі няма.
  • Нацыянальны сход дзейнічае з 1996 году — пасьля таго як Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет XIII скліканьня. Выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу першага скліканьня не праводзіліся, Лукашэнка проста прызначыў туды ляяльных яму дэпутатаў Вярхоўнага Савету.
  • Нацыянальны сход амаль не распрацоўвае законапраектаў (часьцей гэта робяць міністэрствы і ведамствы) і амаль ніколі не галасуе супраць. Рэкорд шостага скліканьня Палаты прадстаўнікоў — 10 галасоў (9%) супраць звужэньня паўнамоцтваў сваёй палаты.
  • Краіны Заходняй Эўропы і ЗША не прызнавалі свабоднымі і дэмакратычнымі ніякія выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі пасьля 1994 году. На ўсіх выбарах назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні, пасьля давалі рэкамэндацыі, але Лукашэнка прасіў яго «не павучаць».
  • На выбары 17 лістапада выстаўлялі кандыдатаў прынамсі 7 апазыцыйных партыяў і шэраг рухаў. На ранейшых выбарах далёка ня ўсіх апазыцыянэраў рэгістравалі кандыдатамі або чальцамі выбарчых камісій.
  • На пачатак датэрміновага галасаваньня з 560 зарэгістраваных засталося 516 кандыдатаў. 33 самі зьнялі свае кандыдатуры, яшчэ адносна 13 скасавалі рэгістрацыю за парушэньні (6 зь іх — ад апазыцыйнай «Эўрапейскай Беларусі»). Ніводнай безальтэрнатыўнай акругі няма
  • Выбары каштавалі бюджэту каля 23 млн беларускіх рублёў. Лукашэнка кажа, што выбары «павінны прайсьці як сьвята», а Нацыянальны сход мае стаць «дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі поглядамі». Старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну «палохала цішыня» вакол выбараў, а 99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады.
  • Як сьцьвярджае ЦВК, яўка на выбары склала 77,22%. На трох мінулых выбарах у Палату называлася яўка каля 74%, а рэкорд быў у 2004 годзе, калі называлася яўка 89,84%.
  • Паводле папярэдніх вынікаў, у Палату прадстаўнікоў ​прайшлі 66 мужчын і 44 жанчыны​; 30 дзейных дэпутатаў, 2 чалавекі ва ўзросьце да 30 гадоў, ніводнага апазыцыянэра.
  • Сярод вядомых беларусаў, якія трапляюць у Палату прадстаўнікоў, былая міністарка інфармацыі Лілія Ананіч, «Міс Беларусь-2018» Марыя Васілевіч, кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзька, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч.
  • Незалежныя беларускія назіральнікі фіксавалі парушэньні на датэрміновым галасаваньні і ў асноўны дзень выбараў (731 парушэньне і 622 скаргі, у тым ліку 341 — толькі за 17 лістапада), кожнага трэцяга незалежнага назіральніка выдалілі з участка. Асноўным парушэньнем называецца адсутнасьць адкрытага падліку бюлетэняў і забарона на капіяваньне выніковага пратаколу ўчастковай камісіі. Назіральнікі АБСЭ назвалі выбары неадпаведнымі важным міжнародным дэмакратычным стандартам. Місіі СНД і ШАС назвалі выбары «празрыстымі і дэмакратычнымі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG