Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Разьмяркуюць у Астравец, выселяць з інтэрнату». Як у Горадні заганяюць на датэрміновыя выбары


Каардынатар кампаніі «Права выбару» на Горадзеншчыне Сяргей Верамеенка
Каардынатар кампаніі «Права выбару» на Горадзеншчыне Сяргей Верамеенка

Горадзенскія назіральнікі 13 лістапада зафіксавалі шэраг парушэньняў на выбарчых участках. Яны расказалі, як людзей прымушаюць ісьці на датэрміновае галасаваньне.

Каардынатар кампаніі «Права выбару» на Горадзеншчыне Сяргей Верамеенка назірае за выбарамі на розных участках у Горадні. На ўчастку № 11 Горадзенскай-Цэнтральнай выбарчай акругі № 51, які знаходзіцца ў адным з карпусоў унівэрсытэту імя Янкі Купалы, ён пачуў, як выбарніца абурылася, што ейнае прозьвішча напісалі няправільна.

«Штогод заганяюць з працы на гэтыя выбары, а прозьвішча правільна напісаць ня могуць», — перадае словы абурэньня гарадзенкі Верамеенка.

Ён зьвярнуў увагу камісіі на парушэньне Выбарчага кодэксу, запытаўся, ці ня хоча сакратар запытацца ў выбарніцы, хто і зь якой працы яе загнаў на выбары.

«Ніхто яе нікуды не гоніць», — адказаў сакратар выбарнай камісіі.

У выніку чалец камісіі (старшыні на месцы не было) ніяк не адрэагаваў на выказваньне пра «загон».

Пазьней старшыня камісіі забараніў весьці на выбарчым участку фота- і відэаздымку безь ягонага дазволу. Паводле Верамеенкі, гэта парушэньне права на атрыманьне і распаўсюд інфармацыі.

На выбарчым участку №12 па Горадзенскай-Цэнтральнай акрузе
На выбарчым участку №12 па Горадзенскай-Цэнтральнай акрузе

На ўчастку № 12 студэнты горадзенскага мэдыцынскага каледжу расказалі назіральніцы, што іх таксама прымушаюць галасаваць датэрмінова. Па пакоях студэнцкага інтэрнату прайшла выхавальніца зь міліцыянтам і сказала, што ўсе павінны прагаласаваць, маўляў, яна будзе сядзець на выбарчым участку і ўсіх дапільнуе. Кіраўніцтва каледжу запалохвала студэнтаў тым, што ім занізяць балы, паводле якіх ствараецца чарга на разьмеркаваньне (гэтыя балы залежаць, у тым ліку, ад паводзінаў студэнтаў, актыўнасьці ў навучальнай установе, удзеле ў пазанавучальных мерапрыемствах).

«І накіруюць у Астравец», — агучылі студэнткі самы страшны варыянт будучыні.

Да таго ж на ўчастку № 12 няма закрытых кабінак для датэрміновага галасаваньня, пазнакі ў выбарчых лістах робяць за стойкамі навідавоку. Кабінкі абяцаюць паставіць толькі ў нядзелю.

Назіральніца на ўчастку № 10 па Горадзенскай-Цэнтральнай акрузе Вольга Верамеенка заўважыла, што ішлі шмат выбарнікаў з аднаго інтэрнату, які належыць жыльлёваму рамонтна-эксплюатацыйнаму прадпрыемству Ленінскага раёну. Яны казалі, што іх прымушаюць галасаваць датэрмінова і што ў адваротным выпадку кіраўніцтва прадпрыемства пагражала высяліць іх.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG