Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назіральніца: На 2 хвіліны выйшла ў туалет, а ў пратаколе зьявіліся 100 выбарнікаў


Ганна Толчыкава
Ганна Толчыкава

Чарговая скарга на фальсыфікацыю яўкі паступіла ад назіральнікаў.

30 выбарнікаў налічыла 12 лістапада назіральніца Ганна Толчыкава на ўчастку № 589 Усходняй выбарчай акругі № 107 у Менску. У выніковым пратаколе яна ўбачыла лічбу — 130 тых, хто прагаласаваў.

«Мяне (у камісіі — РС) папракаюць, што я аднойчы выйшла на 2 хвіліны. Але я ўпэўненая, што за дзьвюххвілінны паход у туалет 100 чалавек паўзь мяне не прайшло б, — абураецца Ганна. — Да таго ж людзі рэальна ідуць не наплывам. Было б дзіўна, каб нават 10 чалавек разам прыйшло. У першы дзень у нас 30 чалавек прыйшло, у другі — 35. І я сачу, што паведамляюць іншыя назіральнікі. Гэта сярэднія лічбы».

Пратакол з участку Ганны Толчыкавай
Пратакол з участку Ганны Толчыкавай

Ганна Толчыкава — назіральніца ад руху «За свабоду». Сёньня яна падала скаргу аб парушэньні Выбарчага кодэксу.

«Я ў скарзе ўказала, што пацьвердзіць мае словы можа дзяжурны міліцыянт, тут камэры на ўваходзе таксама. Калі хаця б адзін сумленны міліцыянт возьмецца за заяву, яму будзе проста ўсё пацьвердзіць», — кажа назіральніца.

Сьведкам у скарзе названы і назіральнік ад арганізацыі «Права выбару» Кірыл Давыдаў. Ён кажа, што за тры гадзіны ўчорашняга дня пасьля перапынку на абед прагаласавалі ўсяго 9 чалавек.

Ганна Толчыкава і Кірыл Давыдаў
Ганна Толчыкава і Кірыл Давыдаў

Участак разьмяшчаецца ў будынку Цэнтру дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Сьветач». Кіруе выбарчай камісіяй на ўчастку дырэктарка цэнтру Натальля Баравікова. 13 лістапада ўвечары Баравікова спрабавала забараніць журналістцы Радыё Свабода асьвятляць працэс датэрміновага галасаваньня, нягледзячы на паказанае журналісцкае пасьведчаньне. Яна выклікала дзяжурнага міліцыянта, да якога пасьля далучыліся два чалавекі ў цывільным, аднак абышлося без інцыдэнтаў.

Ганна Толчыкава кажа, што абураная вынікамі ўчорашняга дня. Сёньня яна зьвярнулася да чальцоў камісіі.

«Я прапанавала ім падумаць пра тое, што сваімі дзеяньнямі яны пазбаўляюць годнай будучыні дзяцей, якія ходзяць да іх на ўрокі, у вочы якіх глядзяць, якія іх абдымаюць, любяць іх у адказ. Я хацела, каб яны па-чалавечы задумаліся, што гэта ня проста абавязак па пасадзе — падпісаў, зрабіў, забыў. Але ў гэтых дзеяньняў ёсьць доўгатэрміновыя і цяжкія наступствы. Я ў глыбіні душы спадзявалася, што гэта паўплывае».

Пратакол назіраньняў Ганны Толчыкавай
Пратакол назіраньняў Ганны Толчыкавай

Таксама Толчыкава на працягу дня папярэдзіла, што калі яе назіраньні зноў не супадуць з выбарчым пратаколам, яна выкліча на ўчастак міліцыю і падасьць заяву на завядзеньне крымінальнай справы.

«Я таксама абяцала распаўсюдзіць інфармацыю пра парушэньні сярод бацькоў, якія водзяць сюды сваіх дзяцей. Яны маюць права ведаць, як мінімум, ці можа дырэктар займаць сваю пасаду, калі яна ня думае пра будучыню дзяцей, якія ходзяць у яе цэнтар».

За два дні гэта ня першы выпадак парушэньняў, якія фіксуюць назіральнікі па 107-й акрузе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG